Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні гарэла ідэалёгія (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У гістарычнай частцы Горадні наш карэспандэнт адзначыў пэўныя зьмены: на вул. Замкавай на ўсіх дамах зьявіліся ахоўныя шыльды. А на вул.Урыцкага вырашылі зруйнаваць старую камяніцу. А ў былым палацы віцэ-губэрнатара, што на рагу вуліц Элізы Ажэшкі і Ўрыцкага адбыўся пажар. У палацы, між іншым, у 1812 годзе разьмяшчаўся штаб брата Напалеона —Жэрома Банапарта.

Пачну з пажару. Учора я бачыў, як рабочыя паўторна рамантуюць дах палацу віцэ-губэрнатара, які абнавілі прыблізна ў кастрычніку. Двухпавярховая камяніца належыць аблвыканкаму: у левым крыле управа ідэалягічнай работы, ў правым — заля пасяджэньняў, а на першым паверсе — сталоўка. Там адбываўся рамонт: пад час зваркі ад іскры ўзьнік агонь. Гэта — асноўная вэрсія службы ратаваньня.

Пажар прыцягнуў увагу мінакоў. Адны шкадавалі новыя шклопакеты, якія давялося разьбіваць пажарным, а адзін сказаў: “гарыць ідэалёгія”. Ну, але ідэалягічную управу агонь не закрануў. Праз шэсьць гадзінаў пасьля пачатку пажару каля палацу па-ранейшаму знаходзіліся пяць пажарных машынаў, зь некалькіх вокнаў яшчэ курэўся дым.

Тым часам на другім канцы вул. Урыцкага зьявіўся дом нібыта са сьлядамі пажару, з выбітымі вокнамі і надпісам па-нямецку: achtung! Тут пачала працаваць расейская кіназдымачная група. Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў гаворыць, што гэты дом канца ХІХ ст. вельмі лядашчы.

(Трусаў: ) “Тэхнічны стан яго не дазваляе правесьці капрамонт і захаваць сьцены. Таму прынятае рашэньне, у прынцыпе правільнае, яго разабраць і ў тым жа выглядзе з новых матэрыялаў аднавіць”.

Вольга Мацко з Гарадзенскага гарвыканкаму займаецца аховай архітэктурнай спадчыны. Яна зазначае, што ў горадзе застаецца нямала такіх камяніц. Пасьля буйнога пажару ў 1885 годзе мноства гарадзенцаў засталіся бяз даху над галавой, таму жыльлё тады будавалі абы хутчэй.

(Мацко:) “І многія дамы будаваліся ня зь якасных матэрыялаў, бяз добрага фундамэнту. Ёсьць цэлыя кварталы якія ўвогуле будаваліся, што называецца, на зямлі і без падмурку”.

На вул.Замкавай на будынках днямі зьявіліся аднолькавыя мармуровыя ахоўныя шыльды: “гістарычная забудова — 1-я чвэрць — 2-я палова ХІХ ст”. Нават на адзіную тут “хрушчоўку” таксама павесілі такую шыльду. Спадарыня Мацко патлумачыла, што будаўнікі выкарысталі частку сьцяны старога дому, які разбурылі. Таму на 4-павярховай “хрушчоўцы” можна пры нагодзе пазначыць фасад 2-павярховай камяніцы. Ігар Трусаў пагаджаецца з гэтым меркаваньнем.

(Трусаў: ) “Тое, што шыльдачку павесілі, гэта хтосьці прыняў граматнае рашэньне ў сэнсе аховы помнікаў. Я ня думаю, што хутка дойдуць рукі да гэтага дому, але калі-небудзь у пэрспэктыве — раз шыльда ёсьць, значыцца можна будзе штосьці зрабіць”.

Пажар у палацы ў стылі клясыцызму

Камяніца, дзе здымаецца кіно

“Хрушчоўка” — “помнік архітэктуры”
XS
SM
MD
LG