Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народ прывык да галечы і нягодаў, і ніякая апазыцыя яго не абудзіць”


Валянцін Жданко, Менск Многія нашы слухачы жывуць у невялікіх гарадах і пасёлках, далёка ад сталічнай мітусьні й сталічнага ж адноснага дастатку і побытавай уладкаванасьці. Пра тое, што найбольш турбуе многіх жыхароў такіх невялікіх беларускіх гарадоў і мястэчак, падрабязна распавёў у сваім лісьце Леанід Цыбульскі з Рэчыцы. Слухач піша:

“Мне 70 гадоў. Людзі майго пакаленьня не жылі добра і наўрад ці дачакаюцца добрага жыцьця. Наш горад пасьля Чарнобылю лічыцца экалягічна брудным. Але 80 працэнтаў прыватнага сэктару не газыфікавана. На пытаньні аб газыфікацыі адказ адзін: “Стварайце каапэратыў”. А дзе ўзяць грошы?

Там, дзе будуюцца чыноўнікі, і газ, і ўсе іншыя камунікацыі падведзеныя. А чым ацяпляцца нам? Адказ: брыкет, дровы. А нам жа іх з чыстых зонаў не завозяць. Нават вугалю няма. Спасылаюцца на нейкі загад прэзыдэнта: “Вугаль прыватнікам не адпускаць — толькі арганізацыям”. Рабочага чалавека ў Беларусі паставілі кантрактнай сыстэмай у жорсткія рамкі: сказаў нешта супраць начальства — будзеш звольнены.

Наш народ прывык да галечы і нягодаў, таму ніякая апазыцыя яго не абудзіць. Многія прадпрыемствы ў нас банкруты. Сельская гаспадарка ў заняпадзе. Беспрацоўе. Многія вымушаныя ехаць у Расею і на правах людзей другога гатунку выконваць тую працу, на якую не пагаджаюцца расейцы. Рабочых часта выпраўляюць у вымушаныя адпачынкі без аплаты.

Кіраўнікі маюць поўную свабоду. Яны самі вызначаюць сабе зарплату. У іншых зь іх заробак такі, што хапіла б на зарплату цэламу цэху рабочых. Калісьці я па капейцы зьбіраў грошы. Цешчын дом прадаў. Сабралі 40 тысяч савецкіх рублёў і паклалі на кніжку — каб потым дзецям купіць жыльлё. Але ў выніку ўсё гэта зьела інфляцыя. Фактычна нас падманулі й абакралі. Калісьці кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка абяцаў вярнуць доўг народу, але, напэўна, забыў. Хаця вяртаць ёсьць з чаго. Галоўны банкір, які нядаўна стаў героем Беларусі, хваліўся, што Беларусь цяпер мае падвойны запас золата й валюты. Дык вярніце тое, што скралі.

Чыноўнікі жыруюць, а народ у галечы. Дажынкі, рэфэрэндумы й многае іншае — усё гэта яны наладжваюць дзеля сваёй карысьці й забавы, а ня дзеля народу. Дэмакраты цяпер праводзяць галадоўкі пратэсту. Марная справа, сябры. Гэтым вы толькі падарвяце сваё здароўе, і ніколі не даб’ецеся якіх-небудзь зьменаў з боку ўладаў.

Што да выбараў, то маё меркаваньне такое. Усе выбарчыя камісіі ствараюцца выканкамамі. А таму выбары праходзяць так, як пажадае ўлада. Прыклад: у дэпутатах некаторыя дзеячы сядзяць пажыцьцёва. Ён 1926 году нараджэньня, ужо ледзь рухаецца і амаль нічога ня цяміць — а па-ранейшаму дэпутат. Бо ён не за народ, а за ўладу”.

Сапраўды, спадар Цыбульскі, многае з таго, пра што вы напісалі, мільёны людзей у Беларусі лічаць галоўнымі пытаньнямі — значна больш важнымі й надзённымі, чым выбары дэпутатаў, праблемы свабоды слова альбо палітычныя галадоўкі дэмакратычных актывістаў. Адно з такіх пазначаных вамі пытаньняў: чаму ў той час, калі сховішчы Нацбанку, як сьцьвярджае ўлада, у выніку яе мудрай палітыкі перапоўненыя золатавалютнымі запасамі, чалавеку не вяртаюць яго дзесяць тысяч савецкіх рублёў, сабраных па капейцы й падкладзеных у дзяржаўную ашчадную касу? З шэрагу такіх жа — пытаньні пра паліва, пра чыноўніцкія заробкі, пра кантрактную сыстэму…

Але гэта якраз тыя пытаньні, што павінна вырашаць улада, якую выбіраюць людзі. Найперш на гэтыя пытаньні павінны адказваць кандыдаты ў дэпутаты, просячы падтрымкі ў людзей на выбарах. Але пакуль у грамадзтве пануе ўяўленьне, што выбары ды рэфэрэндумы – асобна, а скрадзеныя ўклады і зладзеяватыя чыноўнікі — асобна, надзеяў на хуткія зьмены, сапраўды, ня надта шмат.

Кароткі ліст ад Паўла Кароліка з Гомелю:

“У нашым горадзе па многіх вуліцах развозіць на ровары газэту “Народная Воля” вонкава вельмі цікавы чалавек. Да свайго ровара ён прымацаваў сьцяжок з брэндам газэты. На торбе таксама прымацаваная рэкляма “Народнай Волі”. І з торбы выглядвае стос газэт — адразу відаць, якіх. Сам ён прыстойна апрануты. А вусы ў яго — як у Мулявіна. Усе мінакі заўважаюць гэтага экстравагантнага чалавека. Міліцыя яго ня раз спыняла, але ў яго ёсьць пасьведчаньне — і многія міліцыянты ставяцца да яго прыязна. Ён жа нічога не парушае. Але робіць добрую рэкляму газэце. І ня толькі”.

Дзякуй вам, спадар Каролік, за цікавае паведамленьне. Думаю, нашы карэспандэнты таксама сустрэнуць на гомельскіх вуліцах гэтага чалавека, і тады мы бліжэй пазнаёмім зь ім нашых слухачоў і наведнікаў нашага сайту.

Аўтарка наступнага ліста — Фаіна Глебка зь Віцебску. Слухачка выказваецца наконт палітычных галадовак:

“Галадаваньне, на якое ідуць палітвязьні, перад Богам — грэх. Жыцьцё, здароўе чалавеку дае Гасподзь Бог, а ня ўлада. ...Няшчасныя беларусы... Разумныя, таленавітыя, працавітыя, але ніяк ня ўцямім, што дары гэтыя — ад Бога. Ніяк ня можам павярнуцца да Госпада Ісуса Хрыста, а шукаем немаведама што і дзе. Як пісаў Янка Купала:

...І прысягаем, клічам Бога ў сьведкі, Што мы — ня мы, што нехта вінават… Няўжо нас не аб’ясьніць розум ясны.

На жаль, пакуль што не “аб’ясьніў” нас наш розум”.

Думаю, спадарыня Глебка, пытаньне пра грахоўнасьць палітычных галадовак даволі спрэчнае. У кожным разе, прычыны, якія штурхаюць людзей на такія акцыі адчаю, у гэтым сэнсе выглядаюць куды больш адназначнымі. Зрэшты, духоўныя асобы на гэтую тэму ў Беларусі ніколі не выказваліся. Хоць паслухаць адказ на гэтае пытаньне для вернікаў было б цікава. Пры нагодзе мы пацікавімся меркаваньнем на гэты конт рэлігійных дзеячаў.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску сёлета, як і кожны год на Дзяды, удзельнічаў у шэсьці ў Курапаты. Пра ўбачанае і перажытае ён падрабязна паведаміў у сваім новым лісьце на “Свабоду”. Слухач разважае, чаму ў гэтай акцыі ня ўдзельнічаюць кіраўнікі большасьці апазыцыйных партыяў — Абяднанай грамадзянскай, сацыял-дэмакратычнай “Грамады” ды іншых. Іьля Копыл з гэтай нагоды піша:

“Я і сам раней абураўся, але потым прыйшоў да высновы, што ў іх ёсьць на тое важкія прычны. Раней яны спрабавалі ўдзельнічаць, быць разам — пакуль кіраўнікі партыі КХП БНФ ня сталі публічна называць іх “несапраўднай, падстаўной, прамаскоўскай” апазыцыяй. Я чуў гэта сам, асабіста. Паверце, такія абвінавачаньні, ды яшчэ пры вялікай грамадзе, слухаць ня надта прыемна. Такое нават можна лічыць абразай. Усе яны зьбіраліся ў Курапатах, каб ушанаваць нашых продкаў, якія сталі ахвярамі камуністычнага рэжыму, а не для таго, каб на іх магілах пачынаць палітычныя разборкі. Можа, і маюць рацыю тыя грамадзяне, якія кажуць, што кіраўніцтва партыі КХП БНФ імкнецца прыватызаваць Курапаты?”

Так, спадар Копыл, магілы закатаваных — ня тое месца, дзе дапушчальна публічна высьвятляць дачыненьні са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Вядома, падчас мітынгу слова бяруць розныя прамоўцы — у тым ліку і такія, у якіх нават жалобная прамова зводзіцца да лаянкі на адрас тых, каго ён лічыць сваімі праціўнікамі. Але тут ужо ў хаду жалобнай імпрэзы павінны ўмешвацца арганізатары.

На заканчэньне кароткі ліст ад Вікторыі Маневіч. Яна зьвярнула ўвагу на тое, як сьціпла апошнім часам адзначаецца ў Беларусі 7 лістапада — гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі.

“Адразу пасьля таго, як Лукашэнка вярнуў гэта сьвята ў сярэдзіне 1990-х гадоў, паўсюль ладзіліся маніфэстацыі, мітынгі, шэсьці. Увесь Менск убіралі ў чырвонае. А што сёньня? Ні чырвоных сьцягоў, ні дэманстрацыяў. На нашых вачах гэта сьвята памірае. Моладзь увогуле ня ведае, што гэта за дата і чаму яна сьвяточная. Ці ёсьць тады сэнс увогуле сьвяткаваць яго на дзяржаўным узроўні?”

Напэўна, спадарыня Маневіч, вы маеце рацыю: гэта дата як сьвяточная памірае ў нас на вачах — адыходзіць у гісторыю разам з тымі людзьмі, якія на працягу сямідзесяці гадоў хадзілі ў гэты дзень на дэманстрацыі й сачылі за грандыёзнымі вайсковымі парадамі. Тое, што сьвята асуджана, стала зразумела пасьля таго, як ад яго адмовілася Расея, не без падставаў палічыўшы, што сьвяткаваць гадавіну ўзброенага перавароту, у выніку якога імпэрыю спачатку ахапіла грамадзянская вайна, а потым напаткалі дзесяцігодзьдзі жорсткай камуністычнай дыктатуры, не выпадае. Беларусь пасьля гэтага ўвогуле апынулася ў ніякаватай сытуацыі. Думаю, мы з вамі яшчэ станем сьведкамі таго, як каляндар палітычных сьвятаў у Беларусі будзе перагледжаны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG