Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя апаганілі мэмарыял “Яма” і Ізраільскі цэнтар (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Будынак дому культуры па вуліцы Ўральскай, дзе месьціцца Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтар, размаляваны нацысцкай свастыкай і антысэміцкімі лёзунгамі. Фігуры помніка ахвяраў менскага гета ў мэмарыяле “Яма” залітыя фарбай. Побач была антысэміцкая ўлётка.

Фігуры помніка ў мэмарыяле “Яма”, дзе 2 сакавіка 1942 году нацысты расстралялі 5 тысяч менскіх габрэяў, былі залітыя белай фарбай, а на абэліску намаляваная свастыка. На тэрыторыі мэмарыялу раскідалі ўлёткі, падпісаныя не вядомым дагэтуль у Беларусі “Фронтам арыйскага супраціву Белая Русь”.

“Гэтая акцыя ёсьць пачаткам бескампраміснай барацьбы з ворагамі й здраднікамі нашай Айчыны. З прыхільнікамі лібэральнай дэмакратыі, юдаізму й масонства ды іншымі прыхільнікамі новага ўсясьветнага парадку пад кіраўніцтвам ЗША”, — напісана ва ўлётцы.

Аўтары антысэміцкага пасланьня перакананыя “ў перамозе арыйскага духу, арыйскай рэвалюцыі” і гэтак далей. Прыкладна ў той жа час быў размаляваны свастыкай і заклікам “Бей жидов” будынак Дому культуры, дзе месьціцца Ізраільскі інфармацыйна-культурны цэнтар. Гаворыць намесьнік старшыні Саюзу габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў Якаў Басін:

(Басін: ) “Гэта сьведчаньне існаваньня маргінальных арганізацыяў нэанацысцкага кшталту, якія прадэманстравалі сябе ў гадавіну “крыштальнай ночы” — вядомага пагрому ў Нямеччыне ў 1938 годзе, і ў гонар нэанацысцкага зьезду, які днямі праходзіў у Бэрліне. Гэта ўсё невыпадкова. Яны даюць нам зразумець, што яны ёсьць, што яны ўяўляюць грамадзкую сілу, зь якой трэба лічыцца, і што яны будуць дзейнічаць, прыцягваючы ў свае шэрагі маргінальную моладзь”.

А вось меркаваньне старшыні гэтага габрэйскага саюзу Леаніда Левіна:

(Левін: ) “Гэта дзікунства, гэта проста нелюдзі. Але мяне непакоіць іншае. Мяне турбуе, што за гэтым нешта стаіць. Гэта ня хлопцы зь дзіцячай пляцоўкі”.

Леанід Левін днямі браў удзел у Міжнародным габрэйскім кангрэсе ў Парыжы і распавёў пра гэтае здарэньне прадстаўнікам габрэйскіх арганізацыяў.

З заявай выступіла і амбасада Ізраілю ў Менску. Ізраільскі бок спадзяецца, што беларускія ўлады прымуць самыя сур’ёзныя меры, каб знайсьці, затрымаць і пакараць вінаватых у гэтай акцыі. Амбасадар Ізраілю папрасіў пра неадкладную сустрэчу з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі. Беларускія габрэйскія арганізацыі настойваюць на завядзеньні крымінальнай справы.

Ва ўправе інфармацыі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў Радыё Свабода паведамілі, што міліцыя пакуль праводзіць праверку.

На здымках: сьляды вандалізму.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG