Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як у Менску камэнтуюць вынікі перамоваў у Маскве?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў вынікі нядаўняй сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным. Ён заявіў, што цана на расейскі газ мае быць дамоўная. Прэзыдэнты згадзіліся, што будуць зыходзіць з рынкавых умоваў.

Кіраўнік Беларусі сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі ў Маскве ў пятніцу. Але дагэтуль ніякіх падрабязнасьцяў не падавалася. Прэсавая служба паінфармавала, што перамовы доўжыліся амаль чатыры гадзіны. І толькі сёньня Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра вынікі сустрэчы. Ён заявіў, што бакі дамовіліся пра рынкавыя цэны на расейскі газ. Вызначаць цану давядзецца не прэзыдэнтам, а кіраўнікам суб’ектаў гаспадараньня. “Як дамовяцца кіраўнікі “Белтрансгазу” і “Газпрому”, такой і будзе цана”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Стане яна вядомай напрыканцы году.

Паводле старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях прамысловасьці й паліўна-энэргетычнага комплексу Анатоля Паўловіча, любое падвышэньне коштаў для Беларусі дрэннае, але не сьмяротнае. Давядзецца ўносіць карэктывы ў бюджэт і сацыяльныя праграмы.

(Паўловіч: ) “Тады трэба пераглядаць усе іншыя дачыненьні. Гэта ж не таму, што яны нам дараць усе гэтыя грошы. Беларусь таксама нясе пэўныя фінансавыя страты, зьвязаныя з працай нашага саюзу. Таму я ня думаю, што пастаўленая кропка ў цане на газ”.

Паводле старшыні аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, Крэмль выбівае глебу з-пад ног у афіцыйнага Менску — у ягоных савецкіх падыходах.

(Заіка: ) “Перад Лукашэнкам зачынілі перамоўны працэс у тарыфах на газ. Цяпер яго міністры й прэм’ер павінны дамаўляцца з Аляксеем Мілерам, “Газпромам”. А тыя будуць размаўляць зь імі, як з вучнямі нядзельнай эканамічнай школы. А Пуцін будзе рабіць выгляд, што ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Лукашэнку разыгрываюць, як маленькага палітыка з маленькай краіны. Яго проста раўняюць па росьце”.

Камэнтары Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць, што афіцыйны Менск прызнаў поўную паразу. Пра гэта заявіў вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Тое, што ўжо афіцыйны Менск гаворыць пра рынкавыя варункі, сьведчыць, што бюджэт трэба поўнасьцю перапісваць, што ў наступным годзе таксама схемы паставак сырой нафты ў Беларусь будуць іншыя. Мы ўступілі ў паласу халоднай вайны ня толькі ў гандлі, але і ў палітыцы з Расеяй. На наступным этапе трэба будзе ўжо гаварыць пра рынак для Беларусі, пра рынкавыя рэформы, пра неабходнасьць адмовіцца ад сацыялізму, які ён навязваў нам апошнія дванаццаць гадоў”.
XS
SM
MD
LG