Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каля 800 кандыдатаў ад апазыцыі зарэгістравалі ініцыятыўныя групы (абноўлены)


Ўладзімер Глод, Менск Бальшыня апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, якія вылучаюцца праз збор подпісаў, зарэгістравала ініцыятыўныя групы. З падсумаваньня зьвестак, атрыманых сёньня ў выбарчых штабах апазыцыйных палітычных партыяў, вынікае, што барацьбу за мандаты працягнуць каля 800 чалавек. Адмаўляюць у рэгістрацыі пераважна ў сталіцы.

Лідэрам у колькасьці прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ў шэрагах апазыцыі сталі прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай — каля 200. Аднак і яны панесьлі страты — прыкладам, у Менску па-за выбарчай кампаніяй засталіся пяцёра прэтэндэнтаў. Двое з-за ўласных памылак, на астатніх націснулі, расказвае кіраўнік выбарчага партыйнага штабу Аляксандар Пахлопка:

(Пахлопка: ) “Трох “зрэзалі”. Прыкладам, у Турко былі студэнты ў ініцыятыўнай групе. Іх выклікалі, і трое напісалі, што яны не давалі згоды ў пісьмовым выглядзе на ўключэньне іх у склад ініцыятыўных групаў. Заставаліся яшчэ сем чалавек, але групу адмовіліся рэгістраваць. Філімонаў атрымліваў сацыяльную дапамогу, зь ім правялі размову: маўляў, дзяржава вам дапамагае, а вы што робіце? Пасьля гэтага ён зьняўся з выбараў. Хаця ёсьць і іншыя прыклады. Мяне зарэгістравалі, і жонку маю, якая ў жаночай партыі “Надзея”, таксама зарэгістравалі”.

Распаўсюджаная памылка, якую дапусьцілі многія прэтэндэнты — парушэньне колькаснага складу ініцыятыўнай групы, якая на рэгіянальных выбарах ня можа перавышаць дзесяці чалавек. А некаторыя палічылі, што могуць дапісаць да гэтага дзясятка яшчэ і сябе. З-за гэтага адмовілі ў рэгістрацыі прынамсі Тацяне Зелцы з Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

(Зелка: ) “Тут я больш сама вінаватая. Рэч у тым, што я адзінаццаць чалавек унесла ў свой сьпіс. Сакратар акруговай выбарчай камісіі мне сказала: прынясіце заўтра патрэбны сьпіс на дзесяць асобаў і перадайце мне. Я так і зрабіла. Але ж, на жаль, намесьнік старшыні камісіі сказаў: не, рэгістраваць ня будзем”.

(Карэспандэнт: ) “Тацяна Ўладзімераўна, а ці будзеце вы пасьля гэтага нейкім чынам удзельнічаць у выбарах?”

(Зелка: ) “Абавязкова. Я і мой сын, мы будзем дапамагаць кіраўніку менскай арганізацыі АГП Ігару Шынкарыку. І я, і сын, мы ўжо маем пэўны досьвед у выбарчай працы”.

Дакладныя зьвесткі аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, як кажуць у выбарчых штабах, стануць вядомыя ва аўторак, 14 лістапада.
XS
SM
MD
LG