Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ?


Галіна Абакунчык, Менск На гэтае пытаньне адказваюць мінакі на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Ня толькі кошты на газ. Заўважна, што ніякія там саюзныя праграмы не рэалізоўваюцца. Думаю, што тыя ж прычыны і з коштам на газ. Хто ў гэтым вінаваты, я ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Няма інфармацыі ў мяне дастатковай. А так сказаць не магу”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што будзе газ. Дамовяцца ж, пэўна. Той малады, пэрспэктыўны, гэты таксама. Чаму ж не?”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ?”

(Спадар: ) “Гэнае аб’яднаньне нікому не патрэбнае. Таму і гандлююцца. Адны гандлююць магчымым аб’яднаньнем, а іншыя хочуць атрымліваць за газ гэтулькі, колькі ён сапраўды каштуе. Вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Бо ў нас ад пачатку былі розныя чаканьні ад гэтага саюзу. Кожны жадае таго, што ня выгадна іншай краіне. Таму і ўзьнікаюць такія праблемы”.

(Спадар: ) “Пакуль Беларусь будзе іншай дзяржавай, “Газпрому” будзе проста ня выгадна прадаваць газ па ўнутрырасейскіх коштах. Саюз яны будуюць ужо дванаццаць гадоў. Вось няхай спачатку пабудуюць гэты саюз, а пасьля вядуць гаворку пра газ”.

(Юнак: ) “Праўду сказаць, не задумваўся пра гэтае пытаньне. Зажэрліся расейцы — вось што я магу сказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ?”

(Юнак: ) “У кожнага свае інтарэсы: Расея хоча нас, мы хочам Расею. А калі два бараны ўпіраюцца, то цяжка бывае. Трэба па-іншаму размаўляць”.

(Спадарыня: ) “Расейскаму прэзыдэнту гэта проста ня выгадна — прадаваць танна газ. Магчыма, нават, няма рацыі ў гэтага саюзу паміж Расеяй і Беларусьсю. І гэтыя газавыя патрабаваньні — нейкі ціск на Беларусь”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта камэрцыйныя пытаньні, якія яны абмяркоўваюць у закрытых перамовах. І тое, што інфармацыя ад іх не выходзіць, то, магчыма, гэта і правільна. Ва ўсім сьвеце такія пытаньні абмяркоўваюцца ў закрытых перамовах. Але, канечне, калі б яны былі адкрытыя, то мы б пабачылі там клубок такіх брудных інтрыгаў, што проста жахнуліся б. Лукашэнка й Пуцін дамаўляюцца, але ўсе ведаюць, што кожны зь іх мае свае інтарэсы”.
XS
SM
MD
LG