Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Алена Скрыган


Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік” Свае асабістыя нататкі пра пражытае і перажытае на мінулым тыдні падае Алена Скрыган – сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай, член Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, аматар-кветкавод.

Нядзеля, 5 лістапада. Капыль

Вельмі шкада хрызантэм. Так нечакана ўдарылі маразы, так рана. Усе мае цудоўныя кветкі загінулі. А так радавалі сваёй прыгажосьцю ўсю восень. На маёй невялікай градцы каля 8-кватэрнага дому іх каля трыццаці кустоў – дванаццаць самых розных афарбовак і відаў.

Цэлы месяц я іх раздавала ахапкамі, а яны ўсё цьвілі і цьвілі. Шыкоўныя, яркія, агромістыя кусты нікога не пакідалі абыякавым, нібы патрабавалі: спыніся, палюбуйся. А мароз у адзін момант зьнішчыў усю прыгажосьць.

Ці ня так бывае і зь людзьмі: жывуць, радуюцца, будуюць пляны, мараць… Раптам нейкая бяда, гора – і патухаюць вочы, зьнікае ўсьмешка, апускаюцца рукі. Адцьвіло жыцьцё… Дзе ўзяць сілы, каб жыць далей?..

Так многа стала людзей з патухлымі вачыма…

Панядзелак, 6 лістапада. Капыль

Знаёмая жанчына вітаецца са мной праз вуліцу. На галаве – чорная хустка. Успамінаю, што чула пра яе гора, – сын трагічна загінуў. Афіцыйная вэрсія – суіцыд. А жыцьцё складвалася так пасьпяхова: была сям’я, быў невялікі бізнэс, будаваўся дом…

Праз сорак хвілінаў выходжу з цырульні – яна чакае мяне на прыступках лесьвіцы. На вачах сьлёзы: “Дапамажыце, парайце, што рабіць?”

Матчына сэрца ня верыць, ня хоча верыць, што сын сам на сябе рукі наклаў. Мо яшчэ і таму, што мільгаюць у справе начныя госьці, сярод іх – супрацоўнік міліцыі. “Ведаеце, кінулася я ў ногі сьледчаму, рукі яму цалавала, прасіла ўсю праўду раскрыць, а мяне вар’яткаю палічылі”.

Падказвазваю ёй, куды пісаць, аб чым прасіць.

Ня першы выпадак, калі людзі, якім ужо няма чаго баяцца, бо страцілі самае дарагое – сваіх дзяцей, зьвяртаюцца па дапамогу. Як важна, каб побач былі людзі – і лепей за ўсё дэпутаты – незалежныя ад улады, здольныя дапамагчы. Ды дзе ж узяць такіх дэпутатаў?!.

Аўторак, 7 лістапада. Менск

Сёньня сьвята – 89-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. З раніцы ўскладалі кветкі да помніка У.І.Леніну ў Менску перад Домам ураду. Людзей было многа – ня толькі менчукі, але і прадстаўнікі абласьцей, бо пасьля ўскладаньня кветак адбыўся пленум Цэнтральнага камітэту. Удзельнікаў пленуму – каля шасьцідзесяці чалавек.

Горача абмяркоўвалі стратэгію ўдзелу ў выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, падрыхтоўку да новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Галоўнае – усе разумеюць, што трэба працаваць, трэба ісьці да людзей.

Прынялі зварот да Аляксандра Казуліна – сёньня ў яго васямнаццаты дзень галадоўкі. Аддаючы даніну павагі яго мужнасьці і моцы духу, просім яго спыніць галадоўку, бо ва ўмовах турмы могуць быць нанесеныя непапраўныя страты ягонаму здароўю. А ён патрэбен дэмакратычнаму руху жывым і здаровым.

Серада, 8 лістапада. Менск

Дапамагаем лідэру партыі Сяргею Калякіну рыхтавацца да судовага працэсу. Адзін з нашых “былых”, малады нахабнік і палітычны прахадзімец, які за лічаныя гады зьмяніў не адну партыю і не адзін выбарчы штаб, падаў на яго ў суд нібы за абразу. Бо Калякін сказаў, а газэта “Товарищ” надрукавала тое, аб чым я толькі што напісала. І сьведкаў, і дакумэнтаў дастаткова, але што скажа суд Савецкага раёну – “самы гуманны суд у сьвеце”?

Вечарам – паседжаньне арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы II Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Адзіная думка – старшынём аргкамітэту павінен быць Аляксандар Іванавіч Бухвостаў (з улікам яго вопыту па падрыхтоўцы I кангрэсу, адкрытасьці і незаангажаванасьці).

Чацьвер, 9 лістапада. Менск

Сёньня зьбіраліся лідэры левых партый: ПКБ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі жанчын “Надзея”. Даўно выношвалася думка аб стварэньні саюзу левых партый. Цяпер у нас ужо ёсьць партыйнае рашэньне аб гэтым. Будзем спрабаваць у сьнежні правесьці ўстаноўчы зьезд саюзу і зарэгістраваць яго ў Міністэрстве юстыцыі. Работы вельмі многа, але ідэя падтрымліваецца горача – лягчэй будзе працаваць. Адначасова працягнем працу ў аб’яднаных дэмакратычных сілах.

Пятніца, 10 лістапада

Рыхтую матэрыял у дапамогу кандыдатам у дэпутаты і партыйнаму актыву пры правядзеньні выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы.

Яшчэ раз пераглядаю вынікі верасьнёўскага сацыялягічнага апытаньня. Што найбольш турбуе, ускладняе жыцьцё сярэдне-беларускай сям’і?

Больш за 60 працэнтаў апытаных указваюць на нізкія даходы, няхватку грошай; каля трэці скардзяцца на дрэннае здароўе, цяжкасьці зь лячэньнем; ледзь ня кожны пяты баіцца страціць работу; а кожны дзясяты пакутуе ад п’янства, наркаманіі кагосьці зь членаў сям’і.

А дзяржаўная статыстыка, між тым, не паказвае беспрацоў звых 2-3 працэнтаў. Прыціснулі людзей кароткатэрміновыя прымусовыя кантракты. Скончыўся гадавы кантракт, і калі ты ня ўгодны начальству – ідзі на ўсе чатыры бакі, ніхто не дапаможа: ні прафсаюз, ні суд.

А пра п’янства асобная размова – кожны дзясяты пакутуе ад гэтага ў сваёй сям’і. Маю сям’ю, дзякуй Богу, гэтая бяда абмінула. Але пакутуе мая сястра, а разам зь ёю пакутую і я. Што з гэтым рабіць? Ніякае кадзіраваньне не дапамагае. Выкінуць п’яніцу на вуліцу – душа не дазваляе… Мучыццца зь ім да канца дзён – ці то сваіх, ці то яго…

Вось праблема з праблемаў для сучаснай Беларусі. Асабліва на вёсцы. Асабліва для жанчын, якіх лячыць наогул немагчыма. У моладзі дэфіле з бутэлькай піва ў руках – норма жыцьця для многіх. Дэмакратычная Беларусь павінна ўсе сродкі, усе сілы кінуць на барацьбу з гэтым злом, бо іначай яно пераможа нас.

Субота, 11 лістапада

Зноў еду ў Капыль. Уважліва прыглядаюся да ўсяго, што трапляецца па дарозе, асабліва да птушак, хатніх жывёл – можа пашчасьлівіцца заўважыць нешта незвычайнае. Бо ведаю – маленькая Яніна, мая пяцігадовая ўнучка, чакае ня толькі ласункаў, але і аўтарскую бабуліну казачку: як ехалі, што бачылі, чым усё скончылася. Мы навучыліся чытаць да чатырох гадоў і ў такім узросьце запісаліся ў раённую бібліятэку. А цяпер нам цікава самім прыдумаць загадку ці казку. Гэта – радасьць жыцьця.

А маразы папужалі і скончыліся. Накрыю на зіму вінаград. Выкапаю найбольш далікатныя кусты хрызантэмаў, каб захаваць іх да будучай вясны. Каб прыгажосьць не зьвялася.
XS
SM
MD
LG