Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімір Сцяпан: “Веру, што нават маленькая сям’я большая за Радзіму”


Радыё Свабода Уладзімер Сьцяпан – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Ведаю, што гэта ня так, але веру – лета карацейшае за зіму.

Веру, што мама заўсёды мяне любіла, любіць і будзе любіць... На сьвяты яна ходзіць у царкву. Да царквы далекавата, а мама састарэла, і дужа баляць ногі, заўважна кульгае. Ёй цяжка ісьці. Яна купляе танныя сьвечкі, ставіць іх пад абразы, глядзіць на агеньчыкі і засяроджана моліцца. Яна сама прыдумала тую малітву. Мама моліцца за мяне-небараку, за брата-п’янтоса, за маю жонку і нашу дачку, яе ўнучку. Я веру, што яе словы нас ратуюць і дапамагаюць пражываць цяжкія дні.

Веру, што калі мне давядзецца выбіраць паміж Радзімай і Мамай – я выберу Маму.

У дзяцінстве верыў, што дзень заўсёды карацейшы за ноч.

Веру, што чалавек памірае, а дух яго, словы і ўчынкі працягваюць жыць.

Веру, калі іду да блізкай ці далёкай ракі, што абавязкова пашанцуе, і зловіцца мая залатая рыбіна... А як жа бязь веры ў такой справе?

Веру, што мастацтва для жывых, памерлым яно ня трэба.

Веру, што для таго каб пісаць, трэба любіць. Але ў гэта веру ня я адзін.

Веру, што будаваць цяжэй, чым руйнаваць.

Веру, што сьвятары не абавязкова служаць Богу.

Веру, што Бог не заўсёды зазірае ў пабудаваны ў яго гонар храм. Як птушкі, не заўсёды займаюць пабудаваныя ім дамкі.

Веру, што вада смачнейшая за віно.

Веру, што дачка будзе шчасьлівейшая за мяне.

Веру, што нават маленькая сям’я большая за Радзіму.

Веру, што побач са мной амаль трыццаць гадоў жыве анёл. Імя анёла – Алена. Веру, што яна ў тысячы разоў лепшая за мяне. Веру, што ніколі не змагу адзьдзячыць ёй за прыгажосьць, цярплівасьць, і кожны міг, які пражываю пад яе апекай. Не разумею толькі, за што мне такі падарунак.

Веру ў тоё, што не абавязкова, не заўсёды, і ня ўсім трэба верыць.

Уладзімер Сьцяпан – літаратар, мастак. Нарадзіўся ў гарадзкім пасёлку Касьцюкоўка на Гомельшчыне. Скончыў мастацкую вучэльню і тэатральна-мастацкі інстытут. Аўтар дзьвюх кніг прозы, а таксама некалькіх дзесяткаў сцэнароў дакумэнтальных і мастацкіх кінастужак і шматлікіх камэрцыйных раманаў. Друкуецца паўсюль, дзе ёсьць папера. Любіць сваю сям’ю, сяброў і каву. Жыве ў Менску.
XS
SM
MD
LG