Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Анонс: беларускія падзеі ад панядзелка да суботы</B>


Радыё Свабода

Панядзелак, 13 лістапада

Сёньня дактары абяцаюць выпісаць са шпіталю вядомага беларускага паэта і грамадзкага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Другога лістапада на “хуткай дапамозе” ён быў дастаўлены ў рэанімацыю з сардэчным прыступам.

(Бураўкін: ) “Я сябе адчуваю амаль нармальна. Урачы кажуць, што адну бяду адвялі. З алергічнай рэакцыяй, што мяне сюды прывяла, больш-менш справіліся. Я зьбіраюся яшчэ жыць”.

Са словаў Генадзя Бураўкіна, у шпіталі цяпер таксама падлечваюць здароўе яго сябры – драматург Аляксей Дудараў і музыка Міхал Дрынеўскі.

***

13 лістапада ў Польшчы будуць вядомыя вынікі выбараў у мясцовыя органы ўлады – галасаваньне адбылося ўчора. На Беласточчыне балятаваліся кандыдаты ад Беларускага выбарчага камітэту – у тым ліку такія вядомыя беларусы, як Сакрат Яновіч, Яўген Вапа, Яўген Мірановіч ды іншыя.

(Прафэсар Мірановіч: ) “Настрой добры, як заўсёды! Калі нехта пераможа, увойдзе ў склад гарадзкой рады ў Беластоку ці рады ваяводзкай, дык будзем па меры нашых манчымасьцяў весьці і палітычную дзейнасьць.”

Аўторак, 14 лістапада

Пратэстанцкая царква “Новае жыцьцё” разьлічвае ў аўторак, 14 лістапада, атрымаць зьвесткі з Вышэйшага гаспадарчага суду аб адмене ўсіх судовых рашэньняў, якія пазбавілі вернікаў храму. Юрыст Сяргей Луконін:

(Луконін: ) “Па-першае, мы чакаем пастанову Прэзыдыюма Вышэйшага гаспадарчага суду пра тое, што ён бярэ на сябе разгляд справы царквы “Новае жыцьцё”. Па-другое, мы чакаем таксама першых вынікаў гэтага разгляду”.

Cерада, 15 лістапада

У сераду ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд позвы Міністэрства юстыцыі да Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Мінюст патрабуе прыпыніць дзейнасьць ПКБ за непрадстаўленьне сьпісу сяброў. На сераду ж у судзе Ленінскага раёну Менска заплянавана паседжаньне паводле зыску Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) да першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Тацьцяны Голубевай і газэты “Коммунист Беларуси”. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Па першаму суду ўсё зразумела, бо паводле заканадаўства падчас выбараў нельга прыпыняць дзейнасьць партыяў. А цяпер распачалася падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя саветы, і я мяркую, што Вярхоўны суд адкладзе разгляд справы да заканчэньня пэрыяду выбараў. А ў другім судзе, мяркую, абудзецца палітычная дыскусія. Людзі, якія яшчэ нядаўна выхваляліся, што адбылося аб''яднаньне дзьвюх партыяў, мусяць ад гэтага адмовіцца».

***

15 лістапада ў Гомелі адбудзецца сольны канцэрт вядомага украінскага гурту «Океан Ельзи».

Чацьвер, 16 лістапада

У чацьвер сваякі і паплечнікі палітвязьня Сяргея Скрабца, які адбывае тэрмін у калёніі “Віцьба-3” і ў сераду павінен выйсьці на волю па амністыі, спадзяюцца сустрэць яго ў Менску. Жонка Сяргея Аляксандра Скрабец:

(Скрабец: ) “Адразу меркавалі, што паедзе бацька з братам Сяргея, але я даводзіла ім, што так як Сяргей галадаў і даволі працяглы час, то стан яго здароўя не найлепшы. Паеду я. Я – урач, буду назіраць як ён сябе адчувае. Дарога далёкая – амаль 300 кілямэтраў”.

Пятніца, 17 лістапада

У пятніцу ў Століне на Берасьцейшчыне стануць вядомыя вынікі вылучэньня новых праектаў жыхароў Палесься па самадапамозе. Адбор зробіць прадстаўніцтва Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі. У конкурсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі Столінскага, Чачэрскага, Брагінскага і Слаўгарадзкага раёнаў. З прэтэндэнтамі сустракаюцца сябры Эўрапейскай камісіі, супрацоўнікі амбасадаў заходніх краінаў у Беларусі, міжнародныя і нацыянальныя экспэрты.

Супрацоўніца рэгіянальнага цэнтру сельскага разьвіцьця Марыя Патапчук:

(Патапчук: ) “Калі чалавек гаворыць пра сваю праблему, спрабуе вырашыць яе сваімі сіламі, дык вядома яна зьяўляецца вельмі важнай для яго. Яму неабходна нешта рабіць.Ён спрабуе.”

Бюджэт міжнароднай дапамогі праектам па самадамапозе дасягнуў ужо 4,3 мільёна даляраў.

***

17 лістапада ў Варшаве пры падтрымцы МЗС Польшчы ўжо сёмы раз адбудзецца буйная музычная імпрэза “Беларускі андэграўнд”, што ладзіць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Канцэрты з удзелам забароненых у Беларусі гуртоў, будуць падзеленыя на дзьве часткі: фольк і рок. Выступяць “Троіца”, “Нэйра дзьбель”, “Таварыш маўзэр”, а таксама ўпершыню некалькі послькіх гуртоў. Арганізатар імпрэзы Павал Бушко.

(Бушко: ) “Калі пабачаць, што і польскія, і беларускія зоркі граюць, дык больш людзей прыйдзе.Акрамя гэтага, музыкі павучацца адно ў аднаго, разам заграюць, хутчэй за ўсё”

Субота, 18 лістапада

У суботу свой 55-гадовы юбілей адзначыць мастацкі кіраўнік калектыву “Беларуская капэла”, заслужаны артысты Беларусі Віктар Скарабагатаў. Цягам апошніх гадоў яму ўдалося вярнуць з забыцьця многія творы культурнай спадчыны Беларусі -- Міхала Казіміра Агінскага, Антонія Радзівіла, Восіпа Казлоўскага, Яна Тарасевіча ды шмат каго яшчэ.

(Скарабагатаў: ) “У нашых фэстах цягам 15 гадоў прагучала ня меней 150 імёнаў музыкаў, якіх амаль ніхто ня ведаў. Сёньня зусім іншая справа. Сёньня іх творы выкладаюцца і ў школах, і ў вучэльнях, і, тым больш, у Акадэміі музыкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG