Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Мілінкевіч ня будзе вылучацца ў мясцовы савет?


Уладзімер Глод, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію нашаму Радыё заявіў, што ён ня будзе балятавацца ў дэпутаты мясцовага ўзроўню. Ён абраў іншую форму ўдзелу у выбарах.

Сваё рашэньне Аляксандар Мілінкевіч тлумачыць так:

(Мілінкевіч: ) "Я думаў над тым, каб удзельнічаць у выбарах. Але абраў іншую схему. Вельмі многія кандыдаты ў дэпутаты ўключаюць мяне ў свае групы па збору подпісаў. Гэта адбылося ўжо ў дзясятках гарадоў. І я зьбіраюся езьдзіць па гэтых гарадох: прыяжджаю на дзень, зьбіраю подпісы, іду ў райвыканкам, сьведчу падтрымку гэтаму чалавеку, дэманструем, што мы – адзіная каманда і падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і сёньня. А калі пачнецца агітацыя, наведаю гэтыя гарады і буду агітаваць за гэтых кандыдатаў. Так я зраблю больш, чым на адным участку".

Са словаў прэсавага сакратара Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, ужо больш за паўсотні патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ўключылі ў сьпіс сваіх ініцыятыўных групаў былога кандыдата на прэзыдэнты. Цікаўлюся ў аднаго зь іх – Аляксандра Жучкова, чаму ён гэта зрабіў?

(Жучкоў: ) "Я працаваў у яго ініцыятыўнай групе, калі зьбіралі галасы ў падтрымку Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкай кампаніі. І я сабраў даволі шмат галасоў. Паміж намі поўнае ўзаемаразуменьне, павага. Я спадзяюся, што ў які-небудзь дзень ён пройдзе са мной па маёй акрузе. І гэта дасьць мне дадатковыя галасы ў падтрымку. І яшчэ гэта магчымасьць данесьці да людзей, што мы ідзем адной камандай – той, якая склалася падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Што гэтая каманда нікуды ня дзелася, што яна працягвае працаваць".

Аднак ня ўсе дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты скарысталіся магчымасьцю прыцягнуць у сваю асабістую кампанію такога вядомага чалавека. Леў Марголін, які балятуецца ў Менскі абласны савет, гаворыць:

(Марголін: ) "Тыя, хто хочуць уключыць Мілінкевіча ў якасьці валянтэра альбо пазьней у якасьці даверанай асобы, павінны напісаць адмысловую заяву. Там значыцца, што я прашу спадара Мілінкевіча далучыцца да сваёй групы. Але потым я даю згоду ўвайсьці у склад руху "За свабоду!". Атрымліваецца як бы нейкі бартэр. Мілінкевіч прыедзе ў ваш горад, але ён прыедзе толькі да тых, хто згодны далучыцца да яго руху. А я пакуль што не гатовы да гэтага".

Ня будзе вылучацца ў дэпутаты і Станіслаў Шушкевіч. Але зь іншай прычыны: ён заклікае байкатаваць выбары. Што тычыцца Вінцука Вячоркі, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, дык яны хочуць стаць дэпутатамі сталічнага гарадзкога савету.
XS
SM
MD
LG