Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас галасуюць, а пасьля галосяць...”


Віталь Сямашка, Лідзкі раён На Лідчыне апазыцыя зарэгістравала тры ініцыятыўныя групы па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Усе – ад Партыі БНФ. У часе фармаваньня адной з груп у вёсцы Дзітрыкі пабываў карэспандэнт Свабоды.

Па дарозе гутару са старажыламі – 84-гадовым спадаром Федзюкевічам ды 56-гадовым Леанідам Урбановічам.

(Карэспандэнт: ) “Ведаеце, хто ў вас у Дзітрыках дэпутат пасялковага Савету?”

(Спадарства: ) “Увогуле, ня ведаю, не цікавіць… Не, нам не патрэбна, нічога ня зробіць”…

Асноўнай мэтай маёй вандроўкі была сустрэча з актывістам ды вэтэранам выбарчых кампаній, як сябе называе 82-гадовы былы настаўнік фізкультуры, краязнаўца з прызваньня Мікалай Дзікевіч. Напярэдадні незалежны часопіс “Лідзкі летапісец” скончыў друкаваньне ў 14-ці асобніках яго ўнікальнага дакумэнтальнага досьледу “Згукі заснуўшай цывілізацыі”. У 1946-47 гадах быў сакратаром Меераўскага выбаркаму, што на Гарадзеншчыне. Вось ягоныя параўнаньні зь сёньняшнімі рэаліямі.

(Дзікевіч: ) “Пры Сталіне (сьмяецца ) было троху дэмакратыі – нешта гаварылі і па-беларуску ўсе пісалі. А цяпер па-замежнаму і даўно абрана ўсё. Пры Сталіне езьдзілі па вёсках, сходы рабілі. У 39-ым годзе, я помню, цэлая хата была набіта. Дык палітрук кажа: давайце на вуліцу выйдзем. А цяпер на вёсцы ў краме 5-6 чалавек зьбяруцца, скажуць – во таго будзем і ўсё.”

Зьдзівіў экс-сакратар выбаркама і паведамленьнем, што не было, маўляў, за тым часам пазьней распрапагандаванага “адзінства партыі і народа”.

(Дзікевіч: ) “Бывала, пісалі “Няхай жыве Сталін!”. Але бывала, выбаршчык узяў бюлетэнь, пайшоў у нужнік, падцёр, дзе трэба, склаў упоперак і ўкінуў (сьмяецца )… Галасаваць і выбіраць – людзі не разумеюць. Што галасаваць – гэта крычаць, сьпяваць. У нас вы-ба-ры! А выбары – хаця зь двух. А ў нас галасуюць, а пасьля галосяць”…

Камэнтар старшыні Лідзкай аб”яднанай філіі Партыі БНФ Уладзімера Круцікава, зь якім мы прыехалі разам.

(Карэспандэнт: ) “Дык ці трэба Дзітрыкам выбары?”

(Круцікаў: ) “Каго дадуць, за таго прагаласуюць, тут нават і падтасоўваць ня трэба. Будзе адзіны кандыдат па разнарадцы – потым забудуцца, за каго галасавалі. Вядома, ад вёскі Дзітрыкі павінен быць прадстаўнік у мясцовай уладзе. Але, як мы глядзім, асаблівых правоў у іх няма і сваіх людзей абараніць яны ня могуць пры існуючай сыстэме. Тым ня менш, ёсьць людзі, што хочуць вылучыцца. Хай папрацуюць, бо можна данесьці нашу інфармацыю, чым трэба карыстацца. Мы павінны ўдзельнічаць ва ўсім…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG