Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску асьвечаны новы каталіцкі касьцёл


Альгерд Невяроўскі, Менск Ва ўрачыстай цырымоніі асьвячэньня касьцёлу пад назваю сьвятога Францішка Асызкага і ў службе, якую правёў апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Антоні Дзям’янка, брала ўдзел некалькі сотняў чалавек. Будаўніцтва гэтай сьвятыні ў Салігорску працягвалася з 1997 году.

Ва ўрачыстым пасьвячэньні новага салігорскага касьцёла ўдзельнічала каля паўтысячы вернікаў,сьвятары з розных месцаў Беларусі, а таксама з Аўстрыі, Польшчы і Расеі. Адпраўляў урачыстую службу біскуп Антоні Дзям’янка. Касьцёл, які пабудаваны ў самым цэнтры Салігорску ня мог зьмясьціць усіх вернікаў. Пра тое, як праходзіла ўрачыстасьць апавядае салігорскі каталіцкі актывіст Уладзімер Гарэлікаў:

(Гарэлікаў: ) “ Улічваючы, што гораду толькі 50 гадоў, тут увогуле не было каталіцкай сьвятыні. І гэта сапраўдная сьвятыня для каталіцкіх вернікаў. Сёньня былі падзякі будаўнікам, тым уладам, якія аддалі для касьцёлу месца ў цэнтры гораду. Маліліся за Беларусь, за лепшы час для нашай краіны”.

Імша і пасьвячэньне касьцёла адбываліся па-беларуску. Пра важнасьць гэтай падзеі для каталіцкай грамады Салігорску гаворыць вікарый касьцёлу сьвятога Францішка Асызкага, айцец Фларыян Казлоўскі:

(а.Казлоўскі: ) “ Калі маленькае дзіця прыносяць у касьцёл і хрысьцяць, таксама ёсьць і хрост храма. Калі біскуп намашчае сьцены касьцёла, алтар, дзе будзе адпраўляцца сьвятая Імша. Сам біскуп адкрывае гэты дом Божы, дзе адпраўляецца Імша і сьвятыя таінствы”.

Пра новы касьцёл гаворыць яго архітэктар Іван Далматовіч:

(Далматовіч: ) “ Гэта такі стыль, яго нельга назваць функцыяналізмам, мадэрнізмам. Гэта элемэнты алегорыі на тэму беларускай архітэктурнай школы.Сымбіёз касьцёла з кляштарнымі памяшканьнямі. Тры паверхі кляштарных пабудоваў і адзін паверх касьцёльная заля”.

У Салігорску пры новым касьцёле служаць манахі з ордэну Францішканаў. А першая каталіцкая Багаслужба ў Салігорску адбылася ў прыватнай кватэры ў 1992 годзе.
XS
SM
MD
LG