Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: дэмакраты Віцебшчыны стварылі каля 120 ініцыятыўных груп


Радыё Свабода, Віцебск Каля 120 кандыдатаў ад апазыцыі падалі дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп.

Зь перашкодамі на гэтым этапе выбарчай кампаніі давялося сутыкнуцца актывістцы руху "За Свабоду!", прадстаўніцы Партыі БНФ Тамары Карызьне. Яна ня здолела своечасова трапіць у Бігосаўскую акруговую камісію са сьпісам ініцыятыўнае групы, бо ў дарозе яе разам з калегамі затрымалі памежнікі – выбарчая камісія месьціцца камісіі ў памежнай зоне, і дазвол на праезд туды трэба было замаўляць за месяц.

Спадарыня Карызна спаслалася на тое, што адпаведны загад быў апублікаваны ў СМІ толькі 11-га кастрычніка, таму дазвол на знаходжаньне ў памежнай зоне яна ў любым выпадку атрымала б ужо па сканчэньні тэрміну рэгістрацыі. Аднак памежнікі склалі на яе пратакол за адміністратыўнае парушэньне, пратрымаўшы некалькі гадзін – пакуль у камісіі ня скончыўся працоўны дзень. 9-га лістапада Тамара Карызна адправіла ўсе паперы ў акруговую камісію па пошце, аднак на рэгістрацыю ініцыятыўнае групы ўжо не спадзяецца: на момант падачы дакумэнтаў выбарчае заканадаўства патрабуе асабістай прысутнасьці патэнцыйнага кандыдата.

Найбольшую колькасьць вылучэнцаў у саветы розных узроўняў прадставілі віцебскія структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” – яны падалі дакумэнты на рэгістрацыю больш як 60-ці ініцыятыўных груп. Іншыя партыі , а таксама рух “За свабоду” вылучаюць прыкладна па 15 – 20 прэтэндэнтаў. Жаданьне балатавацца выказалі таксама 9 прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх прафсаюзаў і каля 20-ці актывістаў Камітэту грамадзкага дзеяньня. Цяпер ініцыятыўныя групы чакаюць выраку выбарчых камісіяў.
XS
SM
MD
LG