Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талачыншчына: ці будуць перапахаваныя парэшткі нямецкага жаўнера?


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць 1-га лістапада жыхар вёскі Славені Руслан Кузьміцкі знайшоў магілу невядомага ўдзельніка мінулай вайны на ўласным гародзе. Назаўтра ён зьвярнуўся ў Талачынскі гарваенкамат, каб парэшткі нямецкага жаўнера былі належным чынам пахаваныя. Прайшло 10 дзён, але справа з месца нязрушылася: раскапаныя парэшткі дагэтуль ляжаць пад адкрытым небам.

(Кузьміцкі: ) "Яшчэ дзед мой распавядаў, што недзе тут у час вайны немцы пахавалі свайго жаўнера пры адступленьні. А тут я пачаў пераносіць плот, слупок закопваю – і выпадкова натрапіў на яго. Ён ляжаў зусім неглыбока, сантыметраў 30, так што засталіся адны косткі. Яшчэ частку пагона знайшоў са срэбнай аблямовачкай, гузікі, часткі ботаў скураных і папругу. Я неглыбока раскапаў і далей туды не палез".

Пра знойдзеныя парэшткі Руслан Кузьміцкі напісаў ліст у амбасаду Нямеччыны, а фрагмэнты адзеньня і абутку занёс Талачынскі райваенкамат – яму патлумачылі, што менавіта там мусяць займацца невядомымі вайсковымі пахаваньнямі.

У райваенкамаце пацьвердзілі факт знаходкі, паведамілі пра здарэньне ў абласны ваенкамат і аформілі неабходныя дакумэнты, каб даслаць у вёску Славені адмысловую групу, якая зоймецца эксгумацыяй. Адно з такіх падразьдзяленьняў месьціцца якраз у Віцебскай вобласьці – у вайсковай частцы "Заслонава" на Лепельшчыне. Колькі дзён таму Руслану Кузьміцкаму патэлефанавалі, каб ён чакаў на пашукавікоў. Яны мусілі прыехаць учора, аднак і да сёньня вайскоўцы не зьявіліся. Такім чынам, паводле спадара Кузьміцкага, парэшткі нямецкага жаўнера ляжаць на ягоным падворку ўжо другі тыдзень.

(Кузьміцкі: ) "Мне нічога, а вось дзеці й жонка хвалююцца: ляжыць шкілет з адкрытай сківіцай і глядзіць проста ў вокны! Гэта кашчунства, канешне... У мяне дзядзька быў танкіст, камандзір танка, загінуў за вызваленьне Варшавы. Пахаванка прыйшла, а дзе ён пахаваны? Можа, ляжыць недзе ў полі гэтак сама?"

Руслан Кузьміцкі перакананы, што кожны чалавек мусіць быць пахаваны па-людзку. Таму, не дачакаўшыся рэакцыі ад афіцыйных структураў, ён зьвярнуўся да журналістаў – каб розгалас у сродках масавае інфармацыі паўплываў на вырашэньне праблемы, якая мусіла б вырашацца на дзяржаўным узроўні, але сталася ягонай асабістай.
XS
SM
MD
LG