Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ірына Казуліна накіравала тэлеграму ў віцебскую калёнію, дзе працягвае галадоўку яе муж Аляксандр Казулін. Якія рэчы не дазволілі перадаць ў турму сваякам праваабаронцы Кацярыны Садоўскай? Чаму няма лістоў ад Мікалая Астрэйкі? Мікалая Статкевіча наведаў швэдзкі дыплямат.

23 дні ў віцебскай калёніі працягваецца галадоўка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна і былога дэпутата Сяргея Скрабца. 10 лістапада Ірына Казуліна накіравала мужу тэлеграму, у якой просіць спыніць галадоўку.

(Казуліна: ) “Я каротка паведамляю пра вынікі працы паводле ягоных патрабаваньня. Пра заяву палітычнай рады апазыцыйных партый, пра тое, што КПБ заклікае спыніць галадоўку, што па краіне прайшла хваля галадовак салідарнасьці, а Рада Эўропы заклікала вызваліць палітзьняволеных”.

Апошнія зьвесткі пра стан здароўя Аляксандра Казуліна былі атрыманы 8 лістапада. У калёніі заявілі, што адчувае сябе палітык “нармальна”.

А экс-дэпутат Сяргей Скрабец, які галадае разам з Казуліным, зьбіраецца хутка выйсьці на волю. Жонцы палітыка Аляксандры гэта пацьвердзіў начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў.

(А.Скрабец: ) “Нам сказалі, што 15-га выйдзе на волю. Начальнік калёніі сказаў, каб патэлефанавалі яшчэ 13-га, тады паведамяць больш дакладна”.

Праваабаронца Кацярына Садоўская падала скаргу на прысуд у менскі гарадзкі суд. Нагадаем, жанчыну асудзілі на 2 гады зьняволеньня за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль яе ўтрымліваюць ў менскім сьледчым ізалятары. Муж Кацярыны Садоўскай Віктар распавёў пра тое, як міліцыянты абышліся з перадачай, якую сваякі перадалі спадарыні Садоўскай:

(Садоўскі: ) “У яе няма кіпяцільніка, у камэры вельмі холадна. Яшчэ няма фіранкі, якая адгароджвае туалет. Раней жонка была ў іншай камэры, там фіранка была, а ў гэтай няма. Я ў горадзе набыў фіранку і мы ўклалі яе ў перадачу, але фіранку не прынялі. Ня ведаю, чаму гэта забаронена? Яшчэ і кіпяцільнік не ўзялі. Сказалі, завялікі”.

Паводле Віктара Садоўскага, ягоная жонка дамагаецца зьмяшчэньня ў шпіталь, бо адчувае сябе дрэнна пасьля анкалягічнай апэрацыі, але ў шпіталь яе не кладуць.

Болей за тыдзень няма лістоў ад Мікалая Астрэйкі. Нагадаю, лідэр “Партнэрства” адбывае двухгадовае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, месяц таму ў Менску ў яго нарадзілася дачка Ліза. Маці актывіста Яўгенія Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Хвалюемся. Бывае, адтуль адзін раз хутка ліст прыйдзе, а бывае, што доўга. Ня думаю, што ён ня піша. Піша, але затрымліваюць лісты. Можа, з-за гэтых сьвятаў...”

А вось што паведаміў пра Цімафея Дранчука ягоны бацька Валер Дранчук:

(Дранчук: ) “Паводле ягоных лістоў, асаблівых зьменаў у яго няма. Ён па-ранейшаму вывучае мовы, ўдасканальвае ангельскую і вучыць літоўскую, працуе над заданьнямі, якія мы потым перапраўляем ва ўнівэрсытэт. Занятасьць у яго вялікая”.

Нагадаю, актывіст “Партнэрства” Цімафей Дранчук адбывае год зьняволеньня ў менскай калёніі.

Лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, дзе ён адбывае “хімію”, наведаў кіраўнік швэдзкай дыпляматычнай місіі Стэфан Эрыксан. А са Зьмітром Дашкевічам у менскім ізалятары сустрэўся бацька. Вячаслаў Дашкевіч кажа, што сын не згубіў бадзёрасьці духу. Нагадаю, у кастрычніку лідэра “Маладога фронту” асудзілі на паўтара года зьняволеньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG