Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіцца палітыка ЗША адносна Беларусі?


Радыё Свабода Дэмакратычная партыя ЗША сьвяткуе перамогу пасьля таго, як афіцыйна пацьверджана, што яна здабыла большасьць у абедзьвюх палатах амэрыканскага парлямэнту. Ці паўплывае памацненьне ўплыву дэмакратаў у Кангрэсе на палітыку ЗША адносна Беларусі?

На думку старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, амэрыканская палітыка, якая ажыцьцяўляецца цяпер у адносінах Беларусі, не зазнае зьменаў.

(Вячорка: ) “Палітыка Злучаных Штатаў у дачыненьні да антыдэмакратычных рэжымаў – дзьвюхпартыйная. Усе значныя ініцыятывы, якія датычаць Беларусі, ініцыявалі і рэспубліканцы, і дэмакраты. Я ня бачу падставаў для нейкіх прынцыповых зьменаў гэтай палітыкі”.

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Кароль таксама мяркуе, што перамога дэмакратаў на выбарах не адаб’ецца на зьнешнепалітычнай лініі ў дачыненьні да Беларусі.

(Кароль: ) “Хутчэй за ўсё, карэктывы па гэтай лініі будуць найперш адносна Іраку і, магчыма, Ірану. А адносна Беларусі рэзкіх зрухаў і зьменаў чакаць ня трэба. Я маю на ўвазе курс на падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Дэмакратызацыя Беларусі — гэта доўгатэрміновы курс, і ён у традыцыі амэрыканскай палітыкі”.

На думку аднаго зь лідэраў беларускай дыяспары ў ЗША, сябры Рады БНР Вячкі Станкевіча, асноўныя зьмены ў зьнешняй палітыцы Злучаных Штатаў будуць датычыць ваеннай апэрацыі ў Іраку. “Курс на дэмакратызацыю Беларусі застанецца нязьменным, і на пачатку 2007 году можна чакаць ухваленьня новага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, – лічыць Вячка Станкевіч.

(Станкевіч: ) “Я бачу, што прыняцьце акту возьме крыху часу. Бо мінулы акт і ранейшыя былі ініцыяваныя Хэльсынскім камітэтам, у працы якога заўсёды бяруць удзел і сэнатары, і кангрэсмэны, але старшынюе партыя, якая мае бальшыню ў Кангрэсе. Наш вельмі добры прыяцель кангрэсмэн Сьміт ужо ня будзе мець той пасады, якую мае цяпер. Але, я думаю, знойдзецца й сярод дэмакратаў даволі падтрымкі, бо падтрымалі яго й мінулым разам даволі ўплывовыя людзі з абедзьвюх партыяў. З нашага боку, з боку дыяспары будзем старацца, каб усё-такі не забыліся пра Беларусь, і спадзяёмся, што такі акт будзе прыняты – толькі магчыма, крышку са спазьненьнем, на пачатку наступнага году”.

Прапанова аб новым “Акце аб дэмакратыі ў Беларусі” была прадстаўленая сёлета ў ліпені. Згодна з гэтым дакумэнтам, прапануецца ў 2007 і 2008 гадох выдаткаваць па 20 мільёнаў даляраў на падтрымку беларускіх няўрадавых арганізацыяў, праваабаронцаў, незалежных мэдыяў і міжнароднага абмену. Апрача гэтага, праект прадугледжвае выдзяленьне 7,5 мільёнаў даляраў на стварэньне тэлебачаньня і радыё для Беларусі. “Акт аб дэмакратыі”, каб атрымаць статус закону, павінен быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў, Сэнатам і падпісаны прэзыдэнтам ЗША.
XS
SM
MD
LG