Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Зьмітра Дашкевіча абскарджвае прысуд


Любоў Лунёва, Менск Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў падаў касацыйную скаргу ў Менскі суд. Абаронца скардзіцца на жорсткасьць прысуду. 1 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў Зьмітра Дашкевіча зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Ад 15 верасьня хлопца трымалі пад вартай.

Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў даваў падпіску пра неразгалошваньне матэрыялаў крымінальнай справы. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу скаргу на прысуд можна падаць цягам дзесяці дзён пасьля абвяшчэньня прысуду. Сёньня апошні дзень, калі можна падаць скаргу. Аляксандар Галіеў паведаміў Радыё Свабода, што прасіў гарадзкі суд зьменшыць тэрмін пакараньня.

(Галіеў: ) “Я накіраваў касацыйную скаргу поштай у суд Кастрычніцкага раёну, бо, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам такія касацыйныя скаргі падаюцца праз той суд, які выносіў прысуд. Асноўны момант у скарзе тычыцца самога пакараньня. Мы лічым, што ён вельмі жорсткі. Лічу, што пакараньне ніяк не суадносіцца зь цяжкасьцю злачынства, з роляй Дашкевіча ў гэтым злачынстве і таксама з асобай Зьмітра Дашкевіча”.

Паплечніца Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка паведаміла, што Зьміцер будзе падаваць скаргу ад свайго імя заўтра, 11 лістапада. Яго мусіць наведаць адвакат і дапамагчы скласьці скаргу. Паплечнікі лідэра “Маладога фронту” спадзяюцца, што, паколькі Зьміцер атрымаў пастанову суду толькі 3 лістапада, то суд можа дазволіць яму даслаць скаргу крыху пазьней.

(Палажанка: ) “Зьміцер Дашкевіч толькі заўтра падасьць скаргу ад свайго імя, і мы вельмі спадзяемся, што яна будзе разглядацца ў хуткім часе разам са скаргай Галіева. Мы спадзяемся, што яму зьменшаць прысуд хаця б на паўгоду”.

Скаргу маюць разгледзець цягам месяца. Увесь гэты час Зьмітра Дашкевіча будуць трымаць пад вартай у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG