Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія палітыкі — пра перадумовы дыялёгу зь Беларусьсю


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску працягваецца Нямецка-беларускі форум, на якім абмяркоўваюць і эўрапейскую стратэгію адносна Беларусі. На форуме прагучаў заклік да вызваленьня палітвязьняў у Беларусі.

На адкрыцьці форуму ад імя беларускіх уладаў выступіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. Ён заявіў, што размова з афіцыйным Менскам на мове санкцыяў і абмежаваньняў — сьмешная. Паводле спадара Канаплёва, Эўропа неадэкватна ацэньвае сытуацыю ў краіне.

Надзвычай нэрвовую рэакцыю ў сьпікера Канаплёва выклікаў выступ Генэральнага сакратара Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу Рональда Пофалы. Спадар Пофала запатрабаваў вызваліць усіх палітычных вязьняў у Беларусі й гарантаваць правы чалавека. Уладзімер Канаплёў назваў лідэра ХДЗ “чорным ястрабам”. Таксама ён параіў Эўропе не крытыкаваць Беларусь, а заняцца ўласнымі праблемамі.

Сёньня ўдзельнікі дыскусіі згадалі пра нефармальны плян дзеяньняў Эўропы адносна Беларусі. Яго распрацоўваюць эўрапейскія інстытуты й камісіі. Тлумачыць кіраўнік бэрлінскага фонду “Навука і палітыка” Райнэр Лінднэр:

(Лінднэр: ) “Мы працуем на базе стандартаў і каштоўнасьцяў Эўразьвязу. Палітычная сытуацыя ў Беларусі неадэкватная й несумяшчальная з нашай палітычнай культурай. Толькі калі моцна памяняецца палітычная культура ў Беларусі, тады можна чакаць фундамэнтальнай пераарыентацыі Эўразьвязу. Пакуль гэтага не відаць. І пакуль гэта будзе такая выбраная пераарыентацыя Эўразьвязу ў рамках гэтага нефармальнага пляну дзеяньняў”.

Празь некалькі тыдняў Нямеччына пераймае старшынёўства ў Эўразьвязе, а таксама ў “вялікай васьмёрцы”. Ці магчыма, што разам з гэтым пачнецца ажыцьцяўленьне ценявога пляну? Ута Цапф заявіла, што Нямеччына будзе знаходзіцца ў межах агульнай эўрапейскай стратэгіі:

(Цапф: ) “У свой час быў распрацаваны плян стратэгіі “крок за крокам”. Гэта плян Эўразьвязу, і мы выклалі тады сваю пазыцыю: што можна прапанаваць Беларусі й на якіх умовах. Гэты плян прапанавалі беларускаму ўраду, але ён не зрабіў нейкіх канкрэтных крокаў. Таму ценявы плян можна разглядаць як другі этап. Ён вырас зь першага і быў дапрацаваны”.

Падчас дыскусіі на форуме назвалі крытэры і ўмовы для пэўнага дыялёгу. Спадарыня Цапф заявіла, што гэта найперш дэмакратызацыя. Пры гэтай умове могуць аднавіцца дачыненьні Эўразьвязу й Беларусі.

(Цапф: ) “Мы гатовыя весьці — і будзем весьці далей — крытычны дыялёг. І тут нельга казаць, што мы пойдзем на нейкія саступкі, што будуць зьніжкі ў пытаньнях правоў чалавека ці прававой дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG