Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых кіраўнікоў “Джэм-Банку” асудзілі на 12 і 11 гадоў турмы (абноўл.,фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў крадзяжы больш як 16 мільёнаў даляраў былых кіраўнікоў “Джэм-Банку” Аляксандра Татарынцава й Сяргея Блізьнюка. Яны папоўняць немалы ўжо сьпіс беларускіх банкіраў, якія трапілі за краты.

Былы генэральны дырэктар “Джэм-Банку” Аляксандр Татарынцаў асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня, ягоны намесьнік Сяргей Блізьнюк атрымаў 11 гадоў. Менскі абласны суд прызнаў банкіраў вінаватымі ў крадзяжы болей як 16 мільёнаў даляраў празь незаконныя фінансавыя апэрацыі й забавязаў вярнуць грошы “Джэм-Банку”. Паводле сьледзтва, частка скрадзеных грошай трапіла да саўдзельніка беларускіх банкіраў у Латвіі.

Калі прысуд ўступіць у сілу, адбываць пакараньне былыя банкіры будуць у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандар Татарынцаў і Сяргей Блізьнюк вінаватымі сябе не прызналі. Адвакат былога гендырэктара “Джэм-Банк” Ала Казак кажа, што прысуд будзе абскарджаны.

(Казак: ) “Мы разьлічвалі на апраўдальны прысуд, бо, як я лічу, складу злачынства ў іхных дзеяньнях няма. Кампэнсацыя прысуджаная “Джэм-Банку”, але ж “Джэм-Банк” пазову не выстаўляў. Гэта як быццам у мяне скралі паліто: я кажу, што ня скралі — а мне ўсё роўна даводзяць, што скралі”.

Сам Аляксандар Татарынцаў пракамэнтаваў прысуд гэтак: “Бог ім судзьдзя”.

Назіральнікі адзначаюць, што прысуд цалкам адпавядае патрабаваньням пракуратуры, што здараецца вельмі рэдка. Прадстаўніца пракуратуры Анастасія Трыпузава камэнтаваць рашэньне суду адмовілася.

Кіраўнікоў “Джэм-Банку” арыштавалі болей за год таму паводле справы, якую завялі сьледчыя дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю. А напярэдадні на сайце банку зьявіўся зварот, у якім сьцьвярджалася, што “Джэм-Банк” стаў ахвярай ціску з боку кантрольных органаў. Аглядальнік банкаўскіх справаў газэты “Белорусы и рынок” Уладзімер Тарасаў не выключае, што на справу “Джэм-Банку” паўплывала палітыка.

(Тарасаў: ) “Джэм-Банк” нейкім чынам быў датычны да палітычных пытаньняў. Наколькі вядома, у яго былі асаблівыя дачыненьні з адміністрацыяй прэзыдэнта”.

Між тым, нічога пэўнага пра характар гэтых дачыненьняў ніхто ня кажа. Сёньня ў суд прыйшлі шмат добра апранутых людзей, якія пасьля прысуду абураліся й казалі, што “ў Беларусі няма незалежнага суду”. Адзін з прысутных на ўмовах ананімнасьці пагадзіўся выказаць сваё меркаваньне:

(Спадар: ) “Скажу, што пярэваратні ў пагонах на волі, а нармальныя людзі ў турме. Адмовіліся плаціць “крышы”, вось за гэта іх і пасадзілі. Дзякуй”.

Прысуд кіраўнікам “Джэм-Банку” вынесла судовая калегія Менскага абласнога суду на чале зь Сяргеем Гуравым.





Гэта ня першы прысуд беларускім банкірам. Зь сярэдзіны 1990-х гадоў пад крымінальны перасьлед трапіла каля дзесяці банкіраў. Былыя кіраўнікі “Белпрамбудбанку” Мікалай Ракаў, банку “БелБалтыя” Васіль Барсягян, “Комплекс-банку” Яўген Краўцоў і банку “Залаты талер” Аляксандар Нелін асуджаныя.

XS
SM
MD
LG