Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі марская рыба даражэйшая за птушку, ялавічыну і сьвініну


Ігар Карней, Менск Паводле прагнозаў міжнародных экалягічных арганізацыяў, калі цяперашнія тэмпы лоўлі рыбы захаваюцца надалей, праз 20 гадоў вылавяць усю марскую рыбу. Разам з тым мэдыкі адзначаюць: пасьля Чарнобылю менавіта рыба з багатым хімічным запасам элемэнтаў (перадусім фосфару) жыцьцёва патрэбная арганізмам беларусаў.

У Беларусі марская рыба даражэйшая за птушку, ялавічыну і сьвініну. Цэны на рыбу высокія ў тым ліку і ад таго, што права завозіць марскія прадукты ў Беларусь мае абмежаваная колькасьць кампаніяў. Штогод Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта складае новы сьпіс фірмаў, якім будзе выдадзеная ліцэнзія на экспарт.

Мэдыкі адзначаюць: з улікам наступстваў Чарнобылю менавіта багатая на фосфар рыба жыцьцёва патрэбная арганізму беларуса. Кандыдат мэдычных навук Сяргей Наданаў, канстатуе: ва ўмовах стрэсу, калі харчаваньне робіцца ўсё больш хаатычным, рацыён чалавека павінен быць збалянсаваным. У мэню беларусаў рыба складала толькі 50 грамаў на дзень (прыблізна 20 кг на год); неабходныя норма – 200 грамаў (60 кг на год).

(Наданаў: ) “Хваробы эндакрыннай сыстэмы лягчэй за ўсё зьвязваць зь якімісь чарнобыльскімі праявамі. Найбольш прызнана ў сьвеце, што гэта хваробы, выкліканыя радыяцыяй. Каб іх нэўтралізаваць, неабходна збалянсаванае харчаваньне, якое ў значнай ступені трымаецца і на рыбным асартымэнце. Але для беларуса гэта –непад’ёмныя выдаткі. І дзяржава закрывае на гэта вочы. Калі ўзяць захворваньні сэрца і судзін, то іх складана зьвязаць з радыяцыйным узьдзеяньнем. Але вельмі лёгка зьвязаць са стрэсам, бо яшчэ адным складнікам шкоднага чарнобыльскага фактару ёсьць стрэс”.

80% усёй рыбы на рынку Беларусі – гэта прадукцыя рыбагадоўчых комплексаў. Прыкладны запас рыбы у натуральных вадаёмах – 10 тысяч тон. Каб папуляцыя не зьмяншалася, штогод нельга вылоўліваць болей за 35% ад гэтага аб’ёму.

Паводле афіцыйных дадзеных, у 2000-м беларускія рыбгасы вылавілі блізу адной тысячы тонаў, а ў 2005-м – толькі 583 тоны. Мэтады прамысловага рыбалоўства такія, што за дзесяцігодзьдзе колькасьць любой папуляцыі даводзіцца да 1/10 першапачатковай колькасьці. І нават штучнае зарыбленьне не ратуе сытуацыю.

Для многіх беларусаў рыбалка – ня толькі папулярнае ва ўсім сьвеце захапленьне, але і дадатковыя стравы на стале.

Абыходзячы шматлікія перашкоды (сэзоннасьць лову, забарона на лоўлю падчас нерасту і адкладаньня ікры), “палююць” на рыбу ў Беларусі паўсюдна – нават пад носам у прэзыдэнта. На забалочаным азярцы ў Астрашыцкім гарадку, дзе месьціцца загарадная рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, у мяне адбылася кароткая гутарка з рыбаком з рыбным прозьвішчам – Карпаў.

(Карней: ) “Дык ці ловіцца тут якая рыба?”

(Карпаў: ) “Рыба тут ёсьць любая: стронга ёсьць, судак ёсьць, шчупак ёсьць, акунь ёсьць, сазан ёсьць, карп ёсьць, карась ёсьць; плотка, краснапёрка. Што яшчэ патрэбна? Ага, ёрш, падлешчык. Тут ежы хапае – возера зарасло і паступова ператвараецца ў балота. Глею вельмі шмат”.

(Карней: ) “А на што ловіце?”

(Карпаў: ) “Ловім на пярлоўку. Варым, нават варажыць над ёй неабавязкова. Проста варыш і ідзеш. Галоўнае, з душой лавіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG