Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для паўнаты пачуцьцяў беларусы п’юць “Кирюшу”


Ігар Карней, Менск У Беларусі працягваюць фіксаваць новыя выпадкі алькагольных атручваньняў. Пасьля масавай інтаксыкацыі ў канцы кастрычніка ў Ашмянскім раёне, калі пацярпелі 55 чалавек, дзясяткі аматараў выпіць занялі шпітальныя ложкі практычна па ўсёй краіне. Паводле непацьверджанай пакуль што афіцыйна інфармацыі, толькі на Гарадзеншчыне ахвярамі няякаснага алькаголю сталі 7 чалавек. Раней Міністэрства аховы здароўя пацьвярджала адзін сьмяротны вынік, некалькі чалавек заставаліся ў крытычным стане.

Напярэдадні ў шпіталі Барысаву трапілі 5 ахвяраў нядобраякаснага алькаголю. Гэтаксама паведамляецца пра 19 выпадкаў атручваньня ў Маладэчне і пра 12 пацярпелых ад невядомага “пойла” ў Жодзіне. Раней у шпіталі Смалявіцкага раёну з дыягназам “таксычны гепатыт” трапілі 38 чалавек. Паралельна з масавым захворваньнем у Ашмянах, мэдычныя ўстановы Полацку атакавалі пацыенты са скаргамі на праблемы зь пячонкай (усяго полацкія лекары налічылі 25 наведнікаў). Сьледчыя захады паказалі, што сярод іншага людзі пілі ня толькі разьведзены сьпірт, але й тэхнічныя вадкасьці, у прыватнасьці, ачышчальнік аўтамабільнага шкла “Кирюша”.

Экспэрты кажуць, што ўспрымаць праблему выключна з гледзішча мэдыцыны нельга. Галоўны лекар Менскага наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка канстатаваў:

(Малочка: ) “Вы павінны зразумець, што гэта зусім не мэдычная праблема. Ад пачатку гэта праблема эканамічная, і яна ад пачатку праблема сацыяльная”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цягам апошніх двух тыдняў ад сумнеўных вадкасьцяў з утрыманьнем сьпірту пацярпелі 136 чалавек. Усяго ад пачатку году атруціліся звыш тысячы беларусаў.

Тым ня меней патэнцыйныя кліенты шпіталяў (асабліва на вёсцы) да пагрозы выпіць “што-небудзь ня тое” ставяцца па-філязофску. Маўляў, разьлік за зробленую працу традыцыйна ідзе самагонкай і мяняць адладжаную схему асабліва ніхто ня хоча.

(Спадар: ) “Людзі – во, праз кожную хату ідзі, і ўсюды знойдзеш, што зрабіць, і чым пачаставацца”.

(Карэспандэнт: ) “Дык а часьцей плацяць усё ж самагонкай ці грашыма?”.

(Спадар: ) “Навошта так адназначна? Твае складанасьці. Ёсьць ахвота “ўмазаць” – бяры гарэлку. А хочаш зарабіць капейчыну – прасі грошы. Тое ж самае, стаўка тая ж. Адзінае, што за віно ніхто працаваць ня пойдзе. Самагоначка – справа іншая. А віно – гэта расстройства страўніка, і толькі”.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук на адной з прэсавых канфэрэнцый расказаў, што на наркалягічным уліку з дыягназам “алькагалізм” у Беларусі стаіць 171 тысяча чалавек (сярод іх 18 тысяч няпоўнагадовых і амаль 40 тысяч жанчын). Звыш згаданай лічбы прыплюсоўваюцца яшчэ каля 60 тысяч чалавек з выяўленым злоўжываньнем, але не пастаўленым дыягназам. Але й гэтая лічба не канчатковая. Галоўны нарколяг лічыць: 800-900 тысяч жыхароў Беларусі маюць вялікія праблемы з алькаголем.

На тле такой статыстыкі спробы кіраўнікоў гаспадарак выратаваць сваіх працаўнікоў прымусовым кадзіраваньнем вялікага плёну ня маюць. Бальшыня ўрэшце зноў зрываецца ў запоі, іншыя ўпадаюць у дэпрэсію. Да таго ж спадар Максімчук лічыць: кадзіроўшчыкі перасьледуюць выключна карысьлівыя мэты, зь лекаваньнем разрэклямаваныя мэтодыкі агульнага амаль нічога ня маюць.

(Максімчук: ) “Іншая справа, што мы не выключаем некаторых мэтадаў кадзіраваньня ў чыстым выглядзе, якое працягваецца ў рамках пачатага лекаваньня, дзеля падтрымкі працэсу, чалавека, ягонай рэмісіі. Але нас турбуе, як яны праводзяцца – часта без усялякіх кансультацый са спэцыялістамі. На жаль, мы маем такую сыстэму рэабілітацыі, якая пад прыгожымі шыльдамі ўсё ж мае аднаразовы характар, што дае нагоду казаць пра элемэнты маніпуляцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG