Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца заняць мясцовыя саветы


Радыё Свабода Пра намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі заявілі каля паўсотні актывістаў прадпрымальніцкага руху.

Да ўдзелу ў выбарах камэрсантаў падштурхнула грамадзкая кампанія “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Гаворыць лідэр дробных бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Таму што існуе цяпер вельмі шмат праблем – з абуткам, з парфумай. Ёсьць пералік пэўных прадуктаў, які будзе забаронены з новага году. Ідуць прадпрымальнікі на выбары ня толькі адстойваць свае праблемы, а і інтарэсы тых людзей, якія да іх зьвяртаюцца, незалежна ад роду дзейнасьці: пэнсіянэры, ідуць да іх рабочыя, дзеляцца сваімі скаргамі”.

Віктар Гарбачоў, які жыве ў Барысаве, вырашыў балятавацца ў Барысаўскі гарадзкі і Менскі абласны саветы.

У цэлым жа па краіне, паводле папярэдніх зьвестак, ахвотнікаў удзельнічаць у выбарах зь ліку дробных бізнэсоўцаў набярэцца каля паўсотні. Пра сытуацыю ў сталіцы расказаў старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Я іду, Шэўчык Андрэй, Рамашын Мікалай. Падалі сьпісы ініцыятыўных груп. Я ў Маскоўскі раён, Рамашын – у Цэнтральны і Ленінскі. А таксама яшчэ некалькі прадпрымальнікаў – чалавек каля дзесяці”.

Прадпрымальнік Ільля Дабратвор жыве ў прыгарадзе Менску – пасёлку Калодзішчы. Ён упершыню бярэ удзел у выбарах. Падаў дакумэнты ў некалькі Саветаў. Уражаньні спадара Дабратвора такія:

(Дабратвор: ) “На сельсавет зацікаўленасьць была нулявой. А вось на вобласьць – зацікавіліся. Рэч у тым, што начальнікі аблвыканкаму не чакалі, што ёсьць яшчэ чалавек, які пойдзе ў абласны. Я быў для іх нечаканасьцю як кандыдат. Іх зацікавіла вельмі: хто такі, адкуль, чаму падае? І такое пытаньне задавалі: як я адношуся да арганізацый…”

Актывісты прадпрымальніцкага руху ня вераць афіцыйным сацыялягічным дасьледаваньням, паводле якіх усяго 3,3 працэнты выбарцаў хацелі б бачыць бізнэсоўцаў дэпутатамі мясцовых Саветаў.

Бізнэсовец Віктар Крываль – дэпутат Узьдзенскага раённага савету цяперашняга скліканьня. Ён зь цяжкасьцю здабыў дэпутацкі мандат на мінулых выбарах – кажа, перашкаджалі улады. Але спадар Крываль зноў вырашыў балятавацца:

(Крываль: ) “Рэч у тым, што ў мінулыя выбары я вылучаўся на пасаду старшыні райсавету. А цяпер з гэтым чалавекам, які быў старшынём райсавету і зноў ім зьбіраецца быць, ён будзе мой канкурэнт, калі будзе вылучацца па месцы жыхарства, што ён рабіў заўжды. Ён два разы ўжо старшыня райсавету. Інтрыга цікавая. Я думаю, што ў сувязі з гэтай інтрыгай кандыдата ў дэпутаты Крываля ня будзе”.
XS
SM
MD
LG