Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі зьніжаецца сярэдні заробак


Радыё Свабода За верасень намінальная налічаная зарплата склала каля шасьцісот шасьці з паловай тысяч рублёў (283 даляры ў эквіваленце). Гэта амаль на 3% менш, чым у жніўні. Найбольш істотна паменшыліся заробкі ў чыноўнікаў – на 9 і ў работнікаў сельскай гаспадаркі (мінус 10%). Крыху больш атрымліваць сталі толькі настаўнікі і работнікі культуры: іхныя заробкі вырасьлі прыкладна на 5%.

Эканамісты сьцьвярджаюць, што ёсьць сэзонныя ваганьні (летам працаўнікам выплачваюць адпускныя, лечдапамогу), а ёсьць і аб’ектыўныя прычыны зьніжэньня заробкаў. Меркаваньне эканаміста Міхала Залескага.

(Залескі: ) “Урад устаў перад неабходнасьцю прывесьці ў адпаведнасьць рост заработнай платы з ростам прадукцыйнасьці працы. Бо ў Беларусі пачала складвацца сытуацыя, як было ў Польшчы за Гэрэкам: “дзьмутая” зарплата, палітычна “дзьмутая”, стала ўжо адмоўна ўплываць на рост прадукцыйнасьці працы. Маўляў, “навошта мне ўпірацца, калі я і так ведаю, што мне падвышка і так будзе ў заработнай плаце?” А тут наперадзе як бы зьніжэньне прадукцыйнасьці наагул вытворчасьці (з-за падвышэньня коштаў на газ), і трэба нейкім чынам усё адрэгуляваць. Бяда толькі ў тым, што спахапіліся пазнавата”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа: ваганьні сярэдніх заробкаў у межах 3% цалкам дапушчальныя, але эканаміста непакоіць іншая тэндэнцыя:

(Заіка: ) “Зарплата пакуль перавышае эканамічныя паказчыкі. Унутраны валавы прадукт расьце прыкладна на 10% у год, а зарплата – амаль на 20%. Вось гэта сапраўды праблема. А зь іншага боку, у сельскай гаспадарцы прырост дзесьці 2,2% аб’ёму вытворчасьці. Там яна і ня можа расьці”.

На думку спадара Залескага, далейшага значнага зьніжэньня сярэдняй зарплаты не чакаецца, але й такога істотнага росту – да 20% у год – таксама ня будзе. Усё даволі лёгка выраўняць, замарозіўшы рост заработнай платы і захаваўшы рост цэнаў, што і робіць зараз урад, лічыць Міхал Залескі.

(Залескі: ) “Тут павінна быць сыстэма “трыпартысцкая”: каб былі аб’яднаньні работадаўцаў, каб былі аб’яднаньні працоўных – прафсаюзы нармальныя, і быў урад. У нас фармальна гэта існуе, але фактычна прафсаюзаў няма, і работадаўцаў, па сутнасьці, няма. Таму ўсё ідзе праз інтэнцыі, праз волю ўраду”.

Зьнізіліся заробкі і ў жыхароў беларускай сталіцы, праўда, ня вельмі істотна – з 362 да 359 даляраў. А вось паводле дадзеных Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расеі, масквічы атрымліваюць у сярэднім 1040 даляраў у месяц (амаль у тры разы больш за менчукоў).

А паводле разьлікаў эканаміста, кіраўніка навукова-дасьледчага Цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, пры цяперашніх заробках беларусу трэба працаваць толькі на кватэру 23 гады, не купляючы больш нічога – ні прадуктаў, ні адзеньня. У сытуацыі, калі цягам жыцьцёвага цыклю ў прынцыпе немагчыма зарабіць на кватэру, знаходзяцца 95% беларускіх сем’яў.
XS
SM
MD
LG