Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа беларускага інтэрнэту


Севярын Квяткоўскі, Менск Зварот вернікаў пратэстанцкай грамады "Новае Жыцьцё, фанаўскі сайт "Нэйра-Дзюбэлю" ды іншае

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што Выканкам аб’яднаных дэмакратычных сілаў абвесьціў пра пачатак перадвыбарчай інфармацыйнай кампаніі "Расплюшчы вочы". Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў: “Галоўная мэта кампаніі – распавесьці людзям праўду пра сытуацыю ў краіне”. І што кампанія будзе пачатая з выданьня налепак, “якія будуць зьмяшчаць кароткую інфармацыю пра палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі”. Вось водгукі з форуму “Tut.by”:

”Ёлкі-палкі. Тут газавы канфлікт высьпявяе, ідзе інфармацыйная вайна паміж беларускімі і расейскімі СМІ, а гэтыя як бы ў баку назіраюць”.

“Ды лухта гэта ўсё. Каму падабаецца жыць у такім грамадзтве, таму хоць расплюшчвай вочы, хоць … ў вочы – ўсё Божая раса”.

“Што значыць “распавесьці людзям праўду”? Сытуацыя ў краіне людзям зразумелая па ўласнай кішэні і наяўнасьці альбо адсутнасьці ўражаньняў ад рэпрэсіўнага дзяржапарату. Будуць спрабаваць пераканаць кагосьці, што ён жыве горш на падставе нейкага рэйтынгу?”

У незалежным інфармацыйным рэсурсе Belarus.indymedia.org аўтар пад textile разважае пра важнасьць пытаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і бягучай палітычнай сытуацыі: “ЖКГ закранае інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна Беларусі. Цяперашняя сытуацыя характаразуецца агульным адчуваньнем крызісу сыстэмы, пра што гаворыць сама афіцыйная прапаганда”. Далей аўтар спасылаецца на некаторыя афіцыйныя лічбы: “Ад 2000 па 2005 год цэны на прадукты і тавары павялічыліся на 6 разоў, а тарыфы на паслугі ЖКГ – на 50 зь лішкам”. Аўтар зьвяртаецца да людзей левых і лібэратльных поглядаў – якімі мусіць быць стратэгія дзеяньняў у выпадку росту грамадзянскага незадаволенасьці?

У сеціве зьявіўся новы сайт ”За свабоднае веравызнаньне”. Сярод іншага тут зьмешчаны зварот вернікаў пратэстанскай грамады “Новае Жыцьцё”, якія прыпынілі галадоўку за вяртаньне сабе малельнага дому, на які прэтэндуе Менгарвыканкам. Вернікі падалі касацыйныя скаргі, і цяпер чакаюць адказу ад вышэйшых чыноўнікаў: “Нясіце адказнасьць за тыя абяцаньні, якія вы даеце грамадзянам вашай краіны”, -- пазначаецца ў звароце.

На бягучым тыдні ў сеціве зьявіўся новы фанаўскі сайт гурту “NeuroDubel”. Асноўныя матэрыялы з папярэдняга рэсурсу аматараў творчасьці рок-гурту захаваліся, а з новай інфармацыі – абвестка пра канцэрты, якія да Новага Году маюць адбыцца ў Полацку, Варшаве і Празе.

У суполцы Жывога журналу Music_by зьявілася інфармацыя пра тое, што рэсурсы Electrokids.org і “Тузін Гітоў” зрабілі гіт-парад беларускай музыкі напісанай музыкантамі, якія карыстаюцца сецівам. Разам дваццаць песень. Першая пяцёрка выглядае так:

1. Zet - Love Story Don`t Worry – 2394 галасоў 2. Чырвоным па белым – Хвіліна цішыні – 2015 галасоў 3. Indiga – Бяжы са мной – 1924 галасы 4. Recha – Бацькаўшчына – 1698 галасоў 5. Electrokids - Amazing - 1560 галасоў

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG