Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Мельнікаў


Уладзімер Арлоў, Менск 9.11.1962, Гомель — 13.8.1995, Менск.

Ён быў з тых, пра каго кажуць: як ня з гэтага сьвету. Гаворачы зь ім у бібліятэцы, у маім рэдактарскім кабінэце або на кіназдымках, я няраз лавіў сябе на адчуваньні, што ён тут, побач са мной, і ў той самы момант недзе ў іншым месцы, а магчыма, нават у іншым вымярэньні.

Я пазнаёміўся з Аляксеем Мельнікавым падчас працы над фільмам «Еўфрасіньня Полацкая», які ў 1989-м паводле майго сцэнару здымала ў Полацку і Кіеве кінастудыя «Летапіс». Аляксея, які толькі што пераехаў у Менск і стаў супрацоўнікам акадэмічнага Інстытуту літаратуры, запрасілі ў кінагрупу навуковым кансультантам. Лепшай кандыдатуры нельга было і ўявіць. Мельнікаў якраз падрыхтаваў да абароны дысэртацыю, прысьвечаную жыцьцяпісам беларускіх сьвятых. Дзякуючы яму ўпершыню загучалі па-беларуску «Жыціі» Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрама і Мэркура Смаленскіх. Пазьней яны ўвайшлі ў важкі томік «Кнігі жыцій і хаджэньняў», які Аляксей уклаў, а я меў радасьць рэдагаваць. Дарэчы, гэтая кніга, выдадзеная ў 1994-м «Мастацкай літаратурай» 13-тысячным накладам і фантастычна хутка раскупленая, запачаткавала нашу сэрыю «Літаратурныя помнікі Беларусі», якую разам зь іншымі найбольш папулярнымі выдавецкімі праектамі ўлады злачынна спынілі пасьля рэфэрэндуму 1995 году.

Аляксей быў глыбокім дасьледнікам і ня менш глыбокім хрысьціянінам. Нягледзячы на сваю навуковасьць, яго рукапісы і кнігі, якіх Аляксей ужо не пасьпеў убачыць -- «Преподобная Евфросиния Полоцкая» і «Кірыл, епіскап Тураўскі: жыцьцё, спадчына, сьветапогляд» (абедзьве 1997) -- чытаюцца лёгка й захапляльна. За імі паўстае высакародны і элегантны вобраз маладога вучонага, бліскучага палеміста, вытанчанага эстэта. Адна з нашых агульных знаёмых напісала ва ўспамінах пра Аляксеева ўменьне апранацца, як «лёнданскі дэндзі». Насамрэч гэты дэндзі быў менскі — у белым гарнітуры і сьнежнай кашулі зя яркім чырвоным гальштукам.

Неяк у маёй зь ім спрэчцы Аляксей урэшце пагадзіўся з думкаю, што маральнага прагрэсу не існуе. Я, памятаецца, працытаваў словы Караткевіча пра матрыцу гісторыі, якая ўдрукоўвае адны і тыя ж сытуацыі ў розныя эпохі, а чалавек, што апынаецца перад маральным выбарам,— той самы. Ужо па сыходзе Аляксея ў нябесную Беларусь я адшукаў у адным зь ягоных рукапісаў афарыстычнае рэзюмэ да той размовы: «Сапраўды, гісторыя — гэта мы самі, толькі вельмі даўно».

У Хрыстовым веку яго знайшлі забітым ува ўласнай кватэры.

Сьвятло таленту Аляксея працягвае ісьці да нас. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» выпусьціла ў 2005-м 600-старонкавы том «З неапублікаванай спадчыны», куды, апрача манаграфій і артыкулаў увайшлі таксама ягоныя пранізьлівыя, напоўненыя прадчуваньнем блізкага сыходу вершы:

Госпад ішоў супакоеным горадам, сіняю замецьцю, шляхам нябачным: небам, азораным зорамі, зорамі; сьветам, асьвечаным плачамі, плачамі.

Позьні вандроўнік, вар’ят і паэта, гнаны ў бяссоньне натхнёнаю марай, убачыў, адзіны, пайшоў за ім сьледам, сьветла ўздыхнуўшы: «Нарэшце, Ўладару!»
XS
SM
MD
LG