Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася акцыя памяці ахвяраў фашызму


Радыё Свабода 9 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысэмітызмам. А 19-й гадзіне ў Менску некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевых рухаў сустрэліся каля мэмарыяльнага помніку “Яма”. На месцы масавага забойства менскіх габрэяў усклалі кветкі й запаляць сьвечкі. Міліцыянты сачылі за акцыяй, але затрыманьня не было.

Ідэя акцыі ўзьнікла стыхійна й была анансаваная праз інтэрнэт. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронту” не бяруць адказнасьці за яе правядзеньне, але ўдзельнічаць у імпрэзе будуць. Гаворыць сябра арганізацыі Наста Палажанка:

(Палажанка: ) “Малады фронт” падтрымае гэтую акцыю, не зважаючы на тое, ці яе праводзіць нейкая апазыцыйная, ці праўладная структура. Бо дзень барацьбы з фашызмам хвалюе ўсіх жыхароў Беларусі. Тое, што адбывалася некалі, відаць і цяпер”.

У Менскім габрэйскім доме паведамілі, што дачыненьня да правядзеньня акцыі ня маюць, і ня выказалі пэўнага меркаваньня пра падзею. А вось як акцыю салідарнасьці супраць фашызму і антысэмітызму пракамэнтаваў рабін Георгі Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) “Прыйсьці й згадаць, што адбылося падчас “крыштальнай ночы” ў Нямеччыне — я такое жаданьне цалкам падтрымліваю. Але лепш, каб пра гэта было ўсім вядома, каб людзі прыйшлі й пацікавіліся. А ня так, што гэта адбудзецца ўпоцемках і мала хто пра нешта даведаецца. Але калі людзі хочуць прыйсьці і ўшанаваць памяць, то чаму б і не?”

У ноч на 10 лістапада 1938 году па ўсёй Нямеччыне прайшлі габрэйскія пагромы, якія атрымалі назву “крыштальная ноч” — аскепкамі шкла былі ўсеяныя вуліцы гарадоў. У тую ноч загінула мноства габрэяў, былі падпаленыя сынагогі, разбураныя й разрабаваныя крамы. Каля 30 тысяч габрэяў арыштавалі й выслалі ў канцлягеры. Пасьля “крыштальнай ночы” большасьць габрэйскіх арганізацыяў Нямеччыны зачынілі, а назіраньне за габрэямі перадалі гестапа. Гэтак пачаўся галакост.
XS
SM
MD
LG