Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Зьміцер Дашкевіч спаткаўся ў турме з бацькам


Любоў Лунёва, Менск Вячаслаў Дашкевіч сустракаўся са сваім сынам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Зьміцер знаходзіцца пад вартай ад 15 верасьня. 1 лістапада яго пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Вячаслаў Дашкевіч паведаміў “Свабодзе” ля брамы сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага, што ягоны сын трымаецца бадзёра. У камэры, дзе сядзіць Зьміцер, васямнаццаць чалавек. Хлопец крыху прыхварэў, бо ў акне, што насупраць ягоных нараў, не хапае адной шыбы. Зьмітру перадалі лекі ад прастуды, але ён паскардзіўся на боль у сьпіне й папрасіў перадаць яму мазь. Гаворыць Вячаслаў Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Мінулы раз я спытаў: “Што перадаць судзьдзі? Я ж пайду па чарговы дазвол”. А ён кажа: “Перадай ёй Боскае бласлаўленьне”. Сёньня я выканаў ягоную просьбу, перадаў судзьдзі ягоныя словы. Яна зьбянтэжылася, здаецца мне, раззлавалася, і прамовіла, што ён ня Бог, каб бласлаўляць. Але дазвол усё роўна дала… Сын адчувае сябе ўпэўнена, бадзёра. Спадзяецца, што хутка ў Беларусі палепшыцца становішча і ён выйдзе на волю. Ня ведаю, на чым грунтуецца яго такая ўпэўненасьць”.

Зьміцер распавёў бацьку, што з адміністрацыі СІЗА яго папярэдзілі, што кнігі, якія яму перадалі паплечнікі падчас знаходжаньня ў турме, сканфіскуюць у фонд турэмнай бібліятэкі.

(Дашкевіч: ) “Ён вырашыў абвясьціць галаоўку яшчэ раз, калі будуць забіраць кнігі. Яны яму патрэбныя штодня. Ён зь імі працуе — гэта і падручнікі, і духоўная літаратура. Вельмі рады, што шмат атрымлівае лістоў, што яго ўсе падтрымліваюць. Ну, я яму казаў, што мне ўсе кажуць, што ганарацца табой, каго ні сустрэну. Я ня ведаю чалавека, а мяне пазнаюць чамусьці. Кажу, што пазнаюць многія й дзякуюць мне за цябе. Мне нават і няёмка неяк, ня ведаю якія мае гены табе перадаліся, бо выхаваньнем я асабліва не займаўся”.

Зьміцер Дашкевіч сам напісаў скаргу на прысуд і папрасіў сяброў даслаць яе ў суд. Лідэр “Маладога фронту” вырашыў прайсьці ўсе інстанцыі, каб мець магчымасьць зьвярнуцца ў ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG