Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая канстытуцыя Кіргізстану абмежавала ўладу прэзыдэнта


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў падпісаў у чацьвер новую канстытуцыю, якую напярэдадні ўхваліў парлямэнт. Кіргізстан становіцца першай у Цэнтральнай Азіі краінай з моцнымі паўнамоцтвамі парлямэнту.

Прыняцьцю новай канстытуцыі, якая істотна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта, папярэднічаў тыднёвы мітынг прыхільнікаў апазыцыі ў Бішкеку. Прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў паўтара году марудзіў з канстытуцыйнай рэформай, правесьці якую ён абяцаў пасьля атрыманьня ўлады ў выніку леташняй “тульпанавай рэвалюцыі”. І толькі тады, калі апазыцыя вывела дзесяткі тысячаў людзей на бестэрміновы мітынг, прэзыдэнт вымушаны быў пачаць працэс узгадненьня праекту новай канстытуцыі, прапанаванага апазыцыяй.

Нарэшце ўчорашнім вечарам на адмысловым пасяджаньні, якое доўжылася меней за гадзіну, парлямэнтары пераважнай бальшынёй ухвалілі праект асноўнага закону краіны. Праўрадавы дэпутат Акматмэк Кедылбэкаў назваў гэта перамогай нацыі, важным этапам у постсавецкай гісторыі Кіргізстану.

Паводле новай канстытуцыі, прэзыдэнт губляе шэраг сваіх паўнамоцтваў для фармаваньня ўраду, сілавых структураў, а ўсю палітычную моц канцэнтруе ў сваіх руках прэм’ер-міністар, - патлумачыў нашаму радыё апазыцыйны заканадаўца Азімбэк Бэкназараў.

(Бэкназараў: ) “Што тычыцца фармаваньня ўраду, дык калі на выбарах адна партыя атрымае болей як 50 працэнтаў, тады аўтаматычна прадстаўнік гэтай партыі становіцца прэм’ер-міністрам. Калі не атрымаецца пяцідзесяці працэнтаў, тады прэзыдэнт на сваё меркаваньне даручыць адной з партыяў, якія атрымалі галасы, назначыць прэм’ер-міністра. Прэм’ер-міністар фармуе ўрад, які зацьвярджае прэзыдэнт”.

У якасьці кампрамісу ўсе выбарныя асобы і органы (прэзыдэнт, парлямэнт,суды), а таксама прэм’ер-міністар і ягоны кабінэт дапрацуюць свае тэрміны. Так, прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў застаецца на пасадзе да 2010 году.
XS
SM
MD
LG