Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за судом над "Джэм-банкам"?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Заўтра ў Менскім абласным судзе будзе аб''яўлены прысуд генэральнаму дырэктару “Джэм-банку” Аляксандру Татарынцаву і ягонаму намесьніку Сяргею Блізьнюку. Банкіраў падазраюць у крадзяжы праз службовыя злоўжываньні больш як 13-ці мільёнаў даляраў.

Нагадаю, Аляксандар Татарынцаў быў арыштаваны яшчэ ўлетку 2005 году і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. Пазьней Нацыянальны банк Беларусі абмежаваў дзейнасьць “Джэм-банку” і ўвёў часовую адміністрацыю. Тым часам у Інтэрнэце зьявіўся зварот да кіраўніцтва краіны, у якім сьцьвярджалася, што банк стаў ахвярай барацьбы за кантроль над ім з боку розных прыўладных кланаў. Аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” у пытаньнях банкаўскай дзейнасьці Ўладзімер Тарасаў у пятніцу пойдзе на суд.

(Тарасаў: ) “Мяркую, “Джэм-банк” сапраўды перайшоў камусьці дарогу, але гэта не зьвязана з банкаўскай дзейнасьцю, а хутчэй з кулюарнай дзейнасьцю ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Ці ў органах фінансавых расьсьледаваньняў. Таму я і пайду на прысуд. Спадзяюся, там прагучыць нейкая інфармацыя, якая дазволіць зрабіць выснову. Бо чутак было шмат, а дакладных зьвестак мала”.

Гэта ня першы працэс над беларускімі банкірамі. Зь сярэдзіны 1990-х гадоў пад крымінальны перасьлед трапілі да 10 банкіраў. Былыя кіраўнікі “Белпрамбудбанку” Мікалай Ракаў, банку “Белбалтыя” Васіль Барсягян, “Комплекс-банку” Яўген Краўцоў і банку “Залаты талер” Аляксандар Нелін асуджаныя.
XS
SM
MD
LG