Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцэсь Мудроў: “Мой “Летні альбом” не для гомо-савецікусаў”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Цэлае лета і палову восені на нашых хвалях гучала аўтарская перадача пісьменьніка Вінцэся Мудрова “Летні альбом”. Мы ўспомнілі рэчы і зьявы, што карысталіся папулярнасьцю ў Савецкім Саюзе. Мы настальгічна прыгадвалі, як сьпявалі песьні Ўладзімера Мулявіна й Эдзіты П’ехі, на якіх роварах езьдзілі і якія танцы таньчылі… Па сканчэньні перадачы Вінцэсь Мудроў адказаў на нашыя пытаньні.

(Міхась Скобла: ) “А вы не баіцёся, што сваімі па-майстэрску напісанымі аповедамі вы абуджаеце ў душы ўжо цэлых пятнаццаць гадоў незалежнага беларуса пачуцьці, характэрныя для homo sovetikus’а?”

(Вінцэсь Мудроў: ) “Не хвалюйцеся, Міхась, душам незалежнікаў у дадзеным выпадку нічога не пагражае. Адзінае пачуцьцё, якое могуць індукаваць падобныя рэтра-нататкі, гэта пачуцьцё настальгіі. Зрэшты, далёка ня кожная жывая душа схільная да падобных настрояў, як ня ў кожнай душы можа ўгнязьдзіцца гісторыя як гэткая. Для многіх гома-савецікусаў яе, гісторыі, папросту не існуе, і яна ніяк не ўплывае на іхную сьвядомасьць. Людзі жывуць выключна цяпершчынай. Пад гісторыяй я маю на ўвазе нават не часы Рагвалода ды Вітаўта. Скажам, маё пакаленьне зусім не цікавіла мінулая вайна ў яе народнай інтэрпрэтацыі, паваенная галеча, тое, чым жылі і як пакутвалі нашыя бацькі і дзяды. Тое ж назіраецца і цяпер. Сёньняшняя маладая генэрацыя кепска ўяўляе жыцьцёвыя рэаліі 30-40-гадовай даўніны. Я тут нядаўна меў гутарку з адным маладзёнам. “Вы там, дзядзька Вінцэсь, увесь час пішаце пра бітлоў. А ў чым, уласна кажучы, палягала праблема, хто вам перашкаджаў іх слухаць?” — пачуў я з вуснаў маладога суразмоўніка. Так што нататкі, якія прагучалі на хвалях беларускай Свабоды, думаю, не пазбаўленыя актуальнасьці”.

(Скобла: ) “А ці цікавіць вас, як пісьменьніка, сучасны беларускі соцыюм?”

(Мудроў: ) “Сёньняшні соцыюм жыве ў іншых палітычных і сацыяльных умовах. І мысьліць іншымі катэгорыямі. Той жа маладзён, пра якога згадаў… Ён вяртаецца са школы, уключае кампутар, упіхвае ў шчыліну кампакт-дыск з запісамі бітлоў і ганяе курсорам ад “Love Me Do” да “Let It Be”. І яму здаецца, што так было заўсёды. Навачасны рэальны сьвет і сучасны беларускі соцыюм мяне, безумоўна, цікавяць, але ў значна меншай ступені, чым недалёкае мінулае. Сёньняшняе жыцьцё можна дасьледаваць толькі на часавай адлегласьці. Так што гадоў праз сорак памянёны маладзён, магчыма, напіша новы “Летні альбом”, у якім згадае сваё юнацтва. І, відавочна, многія рэаліі, якія падаюцца сёньня сур’ёзнымі і важнымі, стануцца тады недарэчнымі і сьмешнымі”.

(Скобла: ) “У адным з вашых твораў я прачытаў, што ў вас жывуць дзьве душы — беларуская і расейская. Праявы беларускай мы бачым, яны зафіксаваныя ў вашых кнігах. А як праяўляе сябе вашая расейская душа?”

(Мудроў: ) “Расейская генэтычная спадчына — гэта лянота. Я не кажу за ўвесь народ, але тыя крэўныя па бацькавай лініі, якіх я ведаў, былі людзьмі гультаяватымі. У адрозьненьне ад крэўных па кудзелі, якія ўсё жыцьцё працавалі да зморы. Яшчэ адна расейская рыса — рашучае непрыняцьце так званай беларускай памяркоўнасьці. Беларусы на сваім вяку пабачылі шмат розных акупантаў. Таму й прызвычаіліся ўбіраць галовы ў плечы, перажываючы цяжкія часіны. Гэтую ганебную звычку ўбіраць голаў у плечы крывадушна назвалі памяркоўнасьцю. Самая пара выціскаць яе, хай і кволымі кроплямі, з душы”.

(Скобла: ) “Паколькі вы, як самі прызналіся, чалавек дзьвюхдушны, то, як мне падаецца, вам павінна быць камфортна ў сытуацыі нашага афіцыйнага дзьвюхмоўя…”

(Мудроў: ) “Сапраўды, калі б у нас гучала адначасова беларуская і расейская мовы, мая двухкамэрная душа пачувалася б камфортна. Але пра якое дзьвюхмоўе — хоць афіцыйнае, хоць неафіцыйнае — можа ісьці гаворка, калі ў тым жа Наваполацку з вуліц прыбралі апошнія беларускія шыльды? Камусьці з маіх сяброў і паплечнікаў мае словы не спадабаюцца, але, з вышыні жыцьцёвага досьведу, скажу: дэнацыяналізацыя беларусаў набыла незваротны характар. Праўда пры гэтым я зусім не заклікаю скончваць музыку і класьці дуды ў торбы. Бо ж ня сёньня згадана: пакуль жыве хоць адзін сьвядомы беларус, будзе жыць і Беларусь”.

(Скобла: ) “А хто ці што быў хаўрусьнікам вашай беларускай душы? Адкуль ёй у пару ейнага сталеньня ішла дапамога?”

(Мудроў: ) “Хаўрусьнікам маёй беларускай душы была маці. Менавіта маці, не ўсьвядомлена, вядома, прывяла мяне да беларушчыны. Пазіраючы на яе ды на іншых крэўных па кудзелі, мяне спачатку апанавала крыўда за іхнае беспрасьветнае і бяспраўнае жыцьцё, а потым і крыўда за сваю занядбаную краіну, за амаль што забытую мову. А яшчэ была крыўда на беларускіх пісьменьнікаў, якія аніяк не хацелі заўважаць таго факту, што ў стольным Менску не засталося беларускіх школ. І наагул, мяне не задавальняла, як і пра што яны пішуць. Таму і ўзяўся за пяро. А яшчэ хаўрусьніцай маёй беларускай душы была Вільня, мы зь сябрамі нават зладзілі туды пешую вандроўку”.

(Скобла: ) “Калі вы згадалі Вільню, мне ўспомнілася, як да гэтай пары на Віцебшчыне і Гарадзеншчыне старыя людзі ўспамінаюць, як пешкі хадзілі ў Вільню. І клаліся нанач, каб раніцай не змыліцца з дарогі, — галавой да Вільні. Цяпер Вільня літуанізавалася. Куды беларусам сёньня “галавой класьціся”?”

(Мудроў: ) “Калі такое пытаньне задаць таму ж Барадуліну, ён відавочна згадае Полацак. Але, на цьвярозы розум, назваць сёньня Полацак беларускай Мэккай язык не паварочваецца. Беларусам сёньня наагул няма да каго прытуліць галаву. Ну хіба што да жонкі, ці да каханкі. Але да каго спраўней прытуліцца — хай кожны вырашае індывідуальным парадкам”.

(Скобла: ) “У свой час у войску мне даводзілася праходзіць за дзень да сарака кілямэтраў. І мушу прызнацца, што падобныя паходы — справа нялёгкая. А як вам ішлося да Вільні?”

(Мудроў: ) “Гэта было ўлетку 1970 году. Мы зь сябрамі ўчатырох ішлі пехатой не ад Полацку, а ад Нарачы. У першы дзень таксама прайшлі блізу сарака кілямэтраў да самой Сьвіры. Стаміліся так, што ледзь разгарнулі намёт. Думалі, наступным днём ня ўстанем. Аднак усталі і даволі жвавым крокам дайшлі да Міхалішак. Ішлі ўвесь час гасьцінцам, хаця першапачаткова плянавалі прайсьці ад Кабыльніку да Канстанцінава па насыпе вузкакалейкі, якую за часамі Першай ўсясьветнай вайны збудавалі немцы, і якую разабралі за савецкім часам, дзесьці на пачатку 60-х”.

(Скобла: ) “У сваёй кнізе “Ператвораныя ў попел” вы падрабязна апісваеце свае сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ. Як вы лічыце, той “баец нябачнага фронту”, які вас “вёў”, ён справіўся з заданьнем, ён атрымаў за вас зорачку на пагоны?”

(Мудроў: ) “Магу сказаць упэўнена: наваполацкім чэкістам у пэўным сэнсе пашанцавала. У іншых рэгіёнах папросту не было каго браць у распрацоўку, а тут, у горадзе вялікай хіміі, буржуазныя нацыяналісты самі лезьлі ў іхнае сіло. І хаця чэкісты за сваю няўдзячную справу змаганьня з усім беларускім мелі добрыя аклады, спэцпайкі і пуцёўкі ў санаторыі ля Мядзьведзь-гары, я асабіста на іх ня ў крыўдзе. Да таго ж, з пачаткам перабудовы, у КГБ пайшлі скарачэньні штатаў. Куды было людзям падзецца? Не да варштату ж станавіцца. Самыя спрытныя падаліся ў бізнэс, некаторыя пайшлі ў ахоўнікі. Але многія — ведаю гэта дакладна — сьпіліся”.

(Скобла: ) “У свой час вы разам з паэтам Алегам Мінкіным будавалі нафтаправоды па ўсім неабсяжным СССР. А не шкадуеце, што не скарысталі магчымасьць стаць нафтавым магнатам, а зрабіліся беларускім пісьменьнікам?”

(Мудроў: ) “Мы зь Мінкіным нафтаправодаў не будавалі. Мы толькі кантралявалі якасьць зваркі, ізаляцыі і ўкладкі трубаў. Працаваць і сапраўды даводзілася шмат дзе: у Прыбалтыцы, Пскоўскай, Цьвярской, Астраханскай вобласьці, у Калмыкіі. Нарэшце, амаль шэсьць гадоў завіхаўся на расейскай поўначы, у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе. Зьведаў напоўніцу, што такое маразы і камарэча. Зьведаў і тое, зь якой абыякавасьцю да будучых пакаленьняў (бо яны ж могуць застацца без прыродных рэсурсаў) і зь якой жорсткасьцю да ўсяго жывога здабываюць нафту на расейскай Поўначы.

Калі б мы зь Мінкіным засталіся ў Цюменскай лесатундры, цяпер атрымлівалі б ладныя грошы. Аднак ні ён, ні я на той час не ўяўлялі сабе жыцьця ўдалечыні ад радзімы. Я наагул паехаў на Поўнач, каб прыхавацца ад спэцслужбаў. Ды яны мяне і там знайшлі. Пэўнага дня ў вагончык, дзе я жыў, уваліліся два татарыны-міліцыянты і славянін у цывільным. “Грамадзянін Мудроў?” — запыталі ад парогу і адразу ж паведамілі, што я буду дэпартаваны ў Наваполацак. Ямала-Нянецкая акруга была на той час закрытай зонай, і кожны, хто туды прыяжджаў, мусіў прайсьці адмысловую праверку і мець адпаведны штамп у пашпарце. У мяне такога штампу не было, таму госьць у цывільным загадаў пакаваць валізы і вымятацца з падведамнай яму тэрыторыі.

“У сваёй Беларусі можаце хоць на галаве хадзіць, а тут мы вам займацца антысавеччынай не дамо”, — пагрозьліва выгукнулі госьці. Відавочна, наваполацкія таварышы вылічылі месца майго знаходжаньня і патэлефанавалі ў Цюмень, каб там мяне, дзеля прафіляктыкі, пашкуматалі. Гэта было ў сакавіку 1986 году. Якраз той парой краіну разьвітога сацыялізму актыўна раскрадалі і спусташалі партыйныя, а часткова і беспартыйныя круцялі”.

(Скобла: ) “Апошнім часам літаратурную прастору Беларусі скаланаюць наяўныя і падпольныя закалоты. Пісьменьнікі падзяліліся на два саюзы і змагаюцца за месца пад сонцам. Якое ваша стаўленьне да ўсяго гэтага?”

(Мудроў: ) “Па прыкладзе некаторых пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня карціць згадаць блаславёныя савецкія часы і пакутліва ўздыхнуць. Часы і сапраўды былі блаславёныя. Пісьменьнікі пісалі, выдавецтвы друкавалі. Ганарары, заўважым, былі больш-менш прыстойныя. Ну, вядома, трэба было дэманстраваць ляяльнасьць роднай камуністычнай партыі, але ж гэта было няцяжка: дэманстрацыя такая карку ня муліла. Адпаведна, чым болей пісучыя творцы ўслаўлялі патрэбныя рэчы і патрэбным дзеячоў, тым большымі былі наклады іхных кніг. У выніку на паверхні літаратурнага… ну, скажам, не балота, а сажалкі, плавалі, паводле закону фізыкі, рознага кшталту пустышкі. Усё вартае ішло на дно.

Сёньня, у адрозьненьне ад савецкага часу, уладам ня трэба ствараць ілюзію існаваньня нацыянальнай культуры. Яны папросту сьпісалі культуру ва ўтыль, а разам зь ёю вынесьлі на сьметнік нацыянальную сымболіку, мову і ўсю тысячагадовую гісторыю. Пісьменьнікі засталіся без дзяржаўнай падтрымкі, а з майна дзяржава ім пакінула тузін паточаных шашалем і пагрызеных мышамі партрэтаў клясыкаў сацыялістычнага рэалізму. Але вось чорныя дні прамінулі, у душах творцаў прысьпела абуджэньне, і для іх — хай і ў ілюзорнай форме — ўваскрэсьлі зноў: і спадзеўкі на ганарары, і на дармавыя турпуцёўкі, і на ўсенародную любоў.

Я пра дакляраваную ўладамі падтрымку літаратуры і пра стварэньне новага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, куды першымі кінуліся аўтары графаманшчыны самага густога замесу. Ніводнага знанага імя ў новым літхаўрусе няма, аднак, паводле лімаўскай зацемкі, там ужо зьявіліся заслужаныя члены СПБ. Думаю, калі б ганараваныя такой высокай адзнакай творцы праставілі кіраўнікам наноўстворанага Саюзу яшчэ пару пляшак каньяку, ім была б гарантавана годнасьць народных членаў. І калі мой даўні сябар Лёня Галубовіч піша ў “ЛіМе”, што няма вялікай розьніцы паміж двума творчымі суполкамі, мушу запярэчыць. Адрозьненьне ёсьць: у старым Саюзе, да якога маю гонар належаць, фігуруюць сябры творчай арганізацыі, а ў новым, як яны самі пішуць, члены”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што ў вас ёсьць запаветная мара: пасяліцца на бязьлюднай высьпе ў хаце пад бела-чырвона-белым сьцягам. Ці падшукалі ўжо адпаведную выспу?”

(Мудроў: ) “Мне даўно карціць прыхавацца ад усяго гэтага маразму. Каб меў столькі грошай, колькі ў расейскіх нафтабаронаў, набыў бы ці ўзяў у арэнду выспу на Асьвейскім возеры. Плошча яго сягае пяцёх квадратных кілямэтраў. Гэта ў два з паловаю разы больш, чым плошча Княства Манака. Адна праблема — з узьняцьцем нацыянальнага сьцягу. Уздымеш яго, а наступным днём прыплывуць на лодцы два міліцыянты і чалавек у цывільным. Могуць мірна пагутарыць, а могуць завезьці на сярэдзіну возера ды “атаварыць” вяслом па галаве. А праз колькі месяцаў, адказваючы на пытаньні замежных карэспандэнтаў — як прасоўваецца справа па пошуку аўтара “Летняга альбому”, хтосьці зь дзяржаўных мужоў паведаміць, што Мудрова бачылі на мінулым тыдні ў Вільні, на пару з падпітым Сямёнам Шарэцкім. Так што набыцьцё выспы і ўздым сьцягу адкладаюцца на нявызначаны час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG