Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 50 чалавек плянуюць далучыцца да галадовак пратэсту


Радыё Свабода, Менск Тыдзень доўжыцца ў Беларусі галадоўка салідарнасьці зь лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным. А пасьля выпіскі са шпіталю ў Бабруйску аднавіла акцыю пратэсту сяброўка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая.

Сёньня да галадоўкі салідарнасьці, якая пачалася ў Берасьці 3 лістапада, далучыліся грамадзкія актывісты ў іншых рэгіёнах краіны. У офісе БСДП (Грамада) зарэгістравана пяцьдзясят прозьвішчаў людзей, якія маюць намер далучыцца да галадоўкі ў падтрымку Казуліна. Як гэта мае адбывацца, апавядае Раман Юргель з Горадні:

(Юргель: ) “Калі гэта будзе нават два дні, то акцыя працягнецца 50 дзён. Вельмі эфэктыўна, бо ўладам галоўнае, каб акцыяў пратэсту ў Беларусі зусім не было. Як няма акцыяў пратэсту, то нібыта ўсё добра. А галадоўка ланцужковая будзе эфэктыўная. Пойдзе розгалас (тым больш у часе выбарчай кампаніі) і ў Эўразьвязе і ў Амэрыцы — усюды ў сьвеце”.

Удзельнік акцыі ў Баранавічах Вячаслаў Болбат даводзіць, што мэта галадоўкі — прыцягнуць увагу беларусаў і міжнароднай грамадзкасьці да лёсу палітвязьня Аляксандра Казуліна.

(Болбат: ) “Вядома, мы хвалюемся за ягоны лёс і здароўе. Прысуд лідэру несправядлівы. А чым я магу дапамагчы яму? Якія ў мяне застаюцца сродкі й мэтады? І я мяркую, што галадоўка салідарнасьці — гэта якраз тое, чым магу яго падтрымаць. Паколькі я маю досьвед галадаваньня, то я вырошчваю зёлкі й п’ю зь іх адвары. Калі дрэнна — дадаю мёд”.

Высьвятляецца, што й доўгатэрміновая галадоўка актывісткі Беларускага незалежнага прафсаюзу на бабруйскім прадпрыемстве “Белшына” не абыходзіцца без адмысловага рэцэпту. Жанчына апавядае:

(Захожая: ) “У майго бацькі была адна прымаўка. Ён вымаўляў яе на расейскай мове, і я паўтару: “Не поймет голодного сытый — разделяют их аппетиты”.

Сёньня Алена Захожая цьвердзіць, што зноў адмаўляецца ад ежы. Яна даводзіць, што спыніць акцыю пратэсту толькі тады, калі адміністрацыя “Бешыны” і Бабруйскі гарвыканкам вызначаць юрыдычны адрас для першаснай арганізацыі БНП. Гэта дазволіць афіцыйна яе зарэгістраваць.
XS
SM
MD
LG