Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньні з Паўла Красоўскага ня зьнятыя


Радыё Свабода Віцебск: П.Красоўскага па-ранейшаму падазраюць у выбухах, згвалтаваньнях і забойствах

Пра гэта Павал Красоўскі даведаўся сёньня ў Віцебскай управе дзеля барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, дзе размаўляў са сьледчай Вікторыяй Шаварноўскай. Жодзенскага актывіста зноў выклікалі ў Віцебск як падазраванага ў справе выбухаў, якія адбыліся ў Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году, а таксама ў шэрагу згвалтаваньняў і забойстваў непаўналетніх дзяўчат у 1999 годзе.

Ад 5 да 10 кастрычніка Павал Красоўскі правёў у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня як падазраваны ў двух цяжкіх злачынствах. Сёньня яго затрымліваць ня сталі: Павал узяў новую позву на допыт і паехаў дахаты ў Жодзіна.

(Красоўскі: ) “Мне выпісалі позву на 15 лістапада — для правядзеньня далейшых сьледчых дзеяньняў. Напісана: “Зьявіцца ў якасьці падазраванага”. І мяне пазнаёмілі з пастановай на прызначэньне экспэртызы двух маіх пашпартоў”.

Павал Красоўскі сапраўды мае два пашпарты. У адным зь іх скончыліся старонкі, прызначаныя для прастаўленьня візаў і памежных штампаў, але засталася дзейная чэская віза. Таму ў пашпартным стале яго забіраць ня сталі, але выдалі другі, новы.

На думку абаронцы Паўла Сапелкі, памежныя штампы ў пашпарце Красоўскага ёсьць галоўным аргумэнтам супраць падазрэньняў сьледзтва: яны сьведчаць, што ў тыя верасьнёўскія дні 2005 году, калі ў Віцебску грымнулі выбухі, ён быў у Польшчы, за некалькі соцень кілямэтраў.

(Сапелка: ) “Сьледзтва будзе вызначаць, ці ягоныя пашпарты сапраўдныя — у дачыненьні да гэтае справы. Ці няма падробак штампаў, візаў і саміх гэтых пашпартоў”.

Дарэчы, цяпер на руках у падазраванага Красоўскага няма ніводнага з двух пашпартоў — іх далучылі да сьледчых матэрыялаў. І гэтая акалічнасьць стала галоўнай перашкодай для Паўла, які зьбіраўся ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.

(Красоўскі: ) “Сёньня апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Я зьбіраўся балятавацца ў Жодзінскі гарадзкі савет дэпутатаў, але цяпер ня маю пашпарта, таму й ня маю такой мажлівасьці — мяне проста не зарэгіструюць. Паводле заканадаўства, я маю права падаць дакумэнты: я не абвінавачаны, і няма пастановы суду пра тое, што я злачынца. Таму юрыдычна я маю права, але рэальна падаць дакумэнты было б вельмі складана, бо няма пашпарта. І я вырашыў не падаваць дакумэнтаў — не балятавацца, хаця да гэтых выбараў мы рыхтаваліся з 2004 году”.

Павал Красоўскі не выключае, што пасьля вылучэньня кандыдатаў усе падазрэньні супраць яго могуць скасаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG