Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і палітоляг Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія гады дачыненьні Беларусі з Іранам разьвіваюцца даволі пасьпяхова. Краіны абменьваюцца візытамі на розных узроўнях, у тым ліку на ўзроўні прэзыдэнтаў. Падчас апошняга візыту Лукашэнкі ў Тэгеран абодва бакі падкрэсьлівалі супадзеньне пазыцыяў у міжнародных пытаньнях. Як сказаў Лукашэнка, у вобласьці палітыкі мы далёка рушылі наперад, і цяпер патрэбнае эканамічнае сілкаваньне.

Гэта азначае, што палітыка ў дачыненьнях на першым месцы, а эканоміка толькі іх дапаўняе. На чым грунтуецца палітычная блізкасьць дзьвюх дзяржаваў — такіх далёкіх геапалітычна, цывілізацыйна, рэлігійна, культурна?”



(Андрэй Саньнікаў: ) “Сувязі Беларусі й Ірану пачалі асабліва хутка разьвівацца пасьля таго, як прэзыдэнтам Ірану стаў спадар Ахмадзінэджад. Пасьля гэтага палітыка Ірану стала больш скіраваная супраць ЗША і Ізраілю. (Ён нават заявіў аб зьнішчэньні Ізраілю.) Пачасьціліся ўзаемных візыты ў Беларусьсю і Іран”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Гэтыя дачыненьні разьвіваюцца згодна з выслоўем “Вораг майго ворага — мой сябра”. Беларусь і Іран знаходзяцца у міжнароднай ізаляцыі. Таму краіны й сталі на шлях хаўрусу. Акрамя таго, Іран мае вялікія запасы энэрганосьбітаў, што цяпер вельмі цікавіць Беларусь. Менск аб’явіў пра новую замежную палітыку. Цяпер галоўнымі сябрамі ў нас становяцца Кітай, Вэнэсуэла, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Іран, Віетнам”.

(Карбалевіч: ) “Для замежнай палітыкі Лукашэнкі характэрнае сяброўства з краінамі-ізгоямі. Ён лётаў у Югаславію да Мілошавіча, калі гэтая краіна ваявала з НАТО. Перад самым пачаткам вайны ЗША з Іракам Беларусь вельмі інтэнсіўна разьвівала супрацоўніцтва з рэжымам Садама Хусэйна. І вось цяпер, калі працягваецца крызіс вакол ядзернай праграмы Ірану, Лукашэнка паехаў у Тэгеран.

На прэсавай канфэрэнцыі 29 верасьня для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі паставіў рытарычнае пытаньне: чаму Іран ня можа мець ядзернай зброі? Нядаўна ў Тэгеране пабываў беларускі міністар замежных справаў Мартынаў, які заявіў, што Беларусь падтрымлівае ядзерную праграму Ірану, фактычна насуперак рашэньням Рады Бясьпекі ААН. Фактычна, у гэтым пытаньні пазыцыя Беларусі не супадае ня толькі з пазыцыяй Захаду, але і з пазыцыяй Расеі й Кітаю, зь якімі ў афіцыйнага Менску нібыта стратэгічнае партнэрства. Чым тлумачыцца такая экстрэмальная дыпляматыя?”

(Саньнікаў: ) “Дыктатарскія рэжымы заўсёды шукаюць адзін аднаго. Тут трэба адзначыць, што ў Ірану і Беларусі розная міжнародная вага. Іран хоць і адмоўна, але моцна ўплывае на ўсясьветныя працэсы. А Беларусь, нягледзячы на ўсе намаганьні Лукашэнкі, ні на што не ўплывае. Таму беларускі кіраўнік імкнецца падвысіць сваю вагу, улазячы ва ўсе тыя крызісныя сытуацыі, пра якія вы казалі. То бок, Лукашэнка імкнецца, каб яго заўважалі як сур’ёзную постаць у міжнароднай палітыцы. Але гэта выклікае толькі іронію”.



(Фёдараў: ) “Сапраўды, часткова гэтым тлумачыцца такая палітыка Беларусі. Але прыхільнасьць Беларусі да краінаў-ізгояў тлумачыцца ня толькі геапалітычнымі амбіцыямі Лукашэнкі. Рэч яшчэ ў тым, што ў Беларусі няма нармальнага супрацоўніцтва з цывілізаваным сьветам — зь вядомых прычынаў. Калі ўявіць такую сытуацыю, што Захад пакінуў па-за ўвагай унутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, прызнаў бы дзейную ўладу, але паставіў бы ўмову: парваць дачыненьні зь дзяржавамі-ізгоямі, я думаю, Лукашэнка б пагадзіўся.

Праблема ў тым, што Лукашэнка хоча быць прыняты ў сьвеце, але Захад яго не прымае. Таму ён і шукае такіх экзатычных хаўрусьнікаў, ідзе ў Рух недалучэньня. Апошнім часам тут уплывае й эканамічны чыньнік — у зьвязку з дачыненьнямі з Расеяй”.

(Саньнікаў: ) “Лукашэнка й Мартынаў забыліся, што Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Але гэта ня першы выпадак, калі кіраўнікі Беларусі робяць заявы, якія супярэчаць міжнародным абавязацельствам краіны”.

(Фёдараў: ) “Ёсьць несупадзеньне пазыцыяў Лукашэнкі й Мартынава. Калі кіраўнік дзяржавы зьдзіўляўся, чаму Іран ня мае права мець ядзерную зброю, то міністар замежных справаў адзначыў: у нас няма доказаў, што Іран сапраўды стварае ядзерную зброю”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час шмат гаворыцца пра пасьпяховае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам. Пад Менскам будуецца сумесны беларуска-іранскі аўтамабільны завод. Лукашэнка адзначыў, што падчас гэтага візыту падпісана кантрактаў на 350 мільёнаў даляраў. Добрыя кантракты атрымалі МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Падпісаны мэмарандум аб супрацоўніцтве ў нафтавай сфэры. Як можна ацаніць разьвіцьцё эканамічных дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі?”

(Саньнікаў: ) “Пакуль што мы маем толькі дэклярацыі. Хачу нагадаць, што Беларусь спрабуе разьвіваць дачыненьні з краінамі, якія маюць нафту: Вэнэсуэлай, Азэрбайджанам, Іранам. Прычым, афіцыйныя мэдыі крычаць пра мільярды даляраў. Гэткім чынам Менск спрабуе націснуць на Расею, каб працягваць атрымліваць адтуль танныя нафту й газ”.

(Фёдараў: ) “Калі б гэтыя кантракты рэалізаваліся, то для краіны было б вельмі добра. Але мы памятаем, што некаторыя гучныя заявы ня спраўдзіліся. Пасьля візыту ў Кітай у сьнежні мінулага году Лукашэнка заявіў пра пляны дасягнуць аб’ёму двухбаковага гандлю на 1 мільярд даляраў . Прычым, на той час гэты аб’ём складаў 500 мільёнаў даляраў. Але гэтыя пляны ня надта спраўджваюцца, бо ўзьніклі вялікія супярэчнасьці з-за коштаў на калійныя ўгнаеньні.

Так, цяпер Менск ліхаманкава шукае ці сапраўдных крыніцаў паставак энэрганосьбітаў, ці толькі спрабуе напалохаць гэтым Расею. Але напалохаць наўрад ці ўдасца, бо ў Маскве добра разумеюць рэальныя магчымасьці. Хутка атрымаць альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў Беларусі не атрымаецца.

Яшчэ адзін момант. Усе эканамічныя кантракты, падпісаныя падчас гэтага візыту, могуць абваліцца, калі рада Бясьпекі ААН прыме нейкія санкцыі адносна Ірану. Да гэтага пачынае схіляцца нават Расея”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, разьвіцьцё эканамічных дачыненьняў Беларусі з Іранам можна было б вітаць. Але візыт беларускага кіраўніка ў Тэгеран, дэманстрацыя сяброўства з краінай у момант канфлікту Ірану з міжнароднай супольнасьцю працягвае тую рызыкоўную дыпляматыю, якая ніякіх дывідэндаў Беларусі не прынясе, — і наўрад ці яна адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны”.
XS
SM
MD
LG