Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашацца да канца году беларуска-расейскія супярэчнасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі, экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “На прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Сурыкаў закрануў увесь комплекс эканамічных супярэчнасьцяў паміж Беларусьсю й Расеяй. Гэта і кошты на газ, і кошт “Белтрансгазу”, і праблема экспартных мытаў на нафту, і пытаньне ўзаемных абмежаваньняў на гандаль, і іншае. Праблемы нарастаюць, але вырашэньне іх спазьняецца. Гэтыя пытаньні носяць эканамічны характар ці ўсё залежыць ад палітыкі? І ці ёсьць такое зьвяно, ухапіўшыся за якое, можна выцягнуць увесь ланцуг супярэчнасьцяў?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Адназначна на такое пытаньне адказаць немагчыма. Ёсьць палітычны адказ. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў нежаданьні ствараць саюзную дзяржаву. Вось сёньня амбасадар Сурыкаў і казаў, што калі мы будуем гэтую саюзную дзяржаву, то кошты на энэрганосьбіты будуць унутрырасейскія, калі не, тады — рынкавыя”.

(Кірыл Коктыш: ) “Гэтыя пытаньні носяць адначасова і эканамічны, і палітычны характар. Менск імкнецца перавесьці пытаньне ў палітычную плашчыню, а расейскі бок — у эканамічную. Пуцін ня верыць у магчымасьць стварэньня саюзнай дзяржавы. Таму ён ня хоча далей рабіць прэфэрэнцыяў Беларусі. Пазыцыя Менску раздражняе Крэмль, таму ён хоча перавесьці ўсё на прагматычную глебу. Інэрцыйна Масква гаворыць пра канстытуцыйны акт, адзіную валюту, будаўніцтва саюзнай дзяржавы, але разумее, што пагадненьня зь Беларусьсю ў гэтых пытаньнях дасягнуць ня ўдасца. Таму трэба ставіць нейкую кропку.

Іншы момант. Цяпер добра разьвіваюцца дачыненьні Расеі й Нямеччыны ў энэргетычнай сфэры. І цяпер Маскве ня надта патрэбны нейкі фарпост на заходнім кірунку ў выглядзе Беларусі.

Акрамя таго, здабыча газу ў Расеі скарацілася. Таму “Газпрому” цяжка выконваць усе свае міжнародныя забавязаньні. І каб прадаць некаму газ танна, трэба ў кагосьці яго забраць”.

(Карбалевіч: ) “Але нягледзячы на добрае разьвіцьцё энэргетычных стасункаў паміж Расеяй і Эўропай, ідэалягічны канфлікт паміж Расеяй і Захадам нарастае. І ў гэтым сэнсе, магчыма, роля Беларусі для Масквы не зьмяншаецца, а расьце?”

(Коктыш: ) “Так, ідэалягічны канфлікт даволі востры, але і Масква, і Бэрлін яго ўспрымаюць як часовую зьяву. Але тут хацеў бы заўважыць, што Беларусь мае добрыя магчымасьці ўлучыцца ў гэтую вось Расея—Нямеччына як транзытная дзяржава. Але для гэтага трэба зусім іншая эканамічная сыстэма, чым цяпер існуе ў Беларусі”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Безумоўна, гэтая палітычная праблема. Каб не было саюзнай дзяржавы, мытнага зьвязу, комплексу дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю й Расеяй, тады можна было б казаць пра чыста эканамічныя дачыненьні.

Расея не адмовілася ад ідэі інтэграваць Беларусь, хоць і разумее малую верагоднасьць такога сцэнару, пакуль у Менску кіруе Лукашэнка. Але Крэмль спадзяецца, што пасьля Лукашэнкі сытуацыя зьменіцца. А Лукашэнка манэтызуе славянскую дружбу ў канкрэтныя эканамічныя дывідэнды — 13—15% унутранага валавога прадукту Беларусі. Гэта ўнікальная сытуацыя для міждзяржаўных дачыненьняў.

Цяпер Пуцін сапраўды імкнецца перавесьці праблему ў эканамічную плашчыню. А Лукашэнка абвінавачвае Расею, што тая не выконвае дамоўленасьці. Гэта размова глухога зь сьляпым”.

(Карбалевіч: ) “У аўторак Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Стаўрапольскага краю Чарнагоравым адзначыў, што даручыў падрыхтаваць аналіз выкананьня беларуска-расейскіх пагадненьняў. З усяго вынікае, што ў гэтым дакумэнце асноўным віноўнікам будзе выглядаць Масква. Прычым, Лукашэнка заявіў, што падасьць гэты дакумэнт ня толькі Пуціну, але накіруе яго ўсім расейскім губэрнатарам. Інакш кажучы, паскардзіцца губэрнатарам на дрэннага Пуціна. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую ідэю?”

(Быкоўскі: ) “Беларусь даўно спрабуе працаваць наўпрост з расейскімі рэгіёнамі. Ёсьць адмысловы прапагандысцкі праект “Беларусь-ТВ”, празь які Менск даводзіць, чаму ён патрэбны Расеі. Наўрад ці такое зьвяртаньне наўпрост да губэрнатараў дасьць плён, бо яны цяпер у Расеі не самастойныя. Цяпер Расея моцна кіраваная краіна”.

(Коктыш: ) “Гэтая ідэя мела нейкі сэнс і шанец у 1990-я гады. А цяпер у Расеі губэрнатары прызначаюцца, яны зьяўляюцца фэдэральнымі чыноўнікамі, а не самастойнымі суб’ектамі. Гэта тое ж самае, як скардзіцца на беларускага прэзыдэнта кіраўнікам Берасьцейскай ці Гарадзенскай вобласьці. Нічога іншага, акрамя раздражненьня Крамля на спробы гуляць празь яго галаву з гэтай ідэі не атрымаецца.

Цяпер для кіраўніцтва Расеі беларускае пытаньне знаходзіцца недзе ў трэцім дзясятку прыярытэтаў. А рашэньні ў Маскве прымаюцца толькі на эканамічнай падставе”.

(Раманчук: ) “Згодны з тым, што гэтая ідэя спазьнілася на дзесяць гадоў. Тады губэрнатары былі зацікаўленыя ў наўпроставым гандлі зь Беларусьсю, паколькі існавалі схемы, якія прадугледжвалі “адкаты”.

Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. І гэтая ідэя — паскардзіцца губэрнатарам — азначае, па-першае, што Лукашэнка не разумее, як у Маскве прымаюцца рашэньні. Па-другое, у яго няма інфармацыі, хто ўплывае на Пуціна. Па-трэцяе, ён разгублены й ня ведае, як рэагаваць. Інтэнсіўныя кантакты з Кубай, Вэнэсуэлай, Іранам, спробы будаваць нейкую “дугу” — гэта таксама ад разгубленасьці.

Акрамя таго, расейскія губэрнатары — частка рэгіянальных алігархіяў. Яны кантралююць бізнэс, які бачыць у беларускіх прадпрыемствах канкурэнтаў”.

(Карбалевіч: ) “У працэсе нарастаньня беларуска-расейскага канфлікту бакі вядуць сябе па-рознаму. Масква імкнецца ня надта афішаваць яго, ладзіць санкцыі без вынясеньня на публіку, нібыта саромеючыся іх. Сам Пуцін на мінулым тыдні падчас адказаў на пытаньні гаварыў пра пазыцыю Беларусі досыць ляяльна, нават пахваліў Лукашэнку за прыхільнасьць да інтэграцыі. Намесьнік Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Шаронаў у Дзярждуме прабачаўся за дакумэнт дзеля абмежаваньня беларускіх тавараў на расейскі рынак, усяляк зьмякчаў пазыцыю міністэрства.

Лукашэнка ж наадварот — спрабуе гэты канфлікт зрабіць публічным, прыцягнуць да яго ўвагу грамадзкасьці. 29 верасьня ён праз расейскіх журналістаў паскардзіўся грамадзкасьці суседняй краіны на кепскі Крэмль. Вось цяпер зьбіраецца скардзіцца расейскім губэрнатарам. Чаму Масква і Менск выбралі розныя стылі, формы, манеры вырашэньня канфлікту?”

(Быкоўскі: ) “На такую палітыку моцна ўплываюць асабістыя якасьці кіраўнікоў. Лукашэнка прызвычаіўся працаваць не з элітамі, а з шырокімі масамі. Для іх можна прапаноўваць простае вырашэньне праблемы, маніпуляваць. Пуцін працуе па-іншаму. Ён распрацоўвае розныя варыянты дзеяньняў, якія робяцца непублічна.

Зьвяртаньне Лукашэнкі да расейскага грамадзтва ня вельмі плённае, бо там цяпер інтэграцыйныя настроі зьменшыліся. Дарэчы, беларускі бок таксама ня ўсе свае дзеяньні выносіць на публіку. Напрыклад, калі Менск уводзіць абмежаваньні ў дачыненьні да расейскіх тавараў, ён пра гэта не аб’яўляе.

А Расея адказвае тым жа. Але, як адзначыў сёньня спадар Сурыкаў, ёмістасьць расейскага рынку большая. Таму ад такіх узаемных абмежаваньняў, гандлёвай вайны Беларусь страціць больш. Акрамя таго, апэляцыя Лукашэнкі да расейскага грамадзтва таксама скіраваная і да беларускага электарату”.

(Коктыш: ) “У 90-я гады мінулага стагодзьдзя на ўсёй постсавецкай прасторы пад палітыкай разумеўся піяр — то бок, камунікацыя з масамі. У Беларусі гэта захавалася дасюль. У Расеі з прыходам Пуціна адбыўся пераход да наступнай стадыі, калі пад палітыкай разумеецца эканоміка. Гэта больш рэалістычны падыход. Але і тое, і іншае не зьяўляецца палітыкай у поўным сэнсе слова.

Цяпер Лукашэнка й Пуцін размаўляюць на розных мовах. Таму ім цяжка дамовіцца. Менск імкнецца перацягнуць прыхільнікаў інтэграцыі, якія яшчэ засталіся ў Расеі, на свой бок. А Крэмль імкнецца, каб беларускае пытаньне не было чыньнікам расейскай перадвыбарчай кампаніі.

Учора я бачыў цікавыя апытаньні расейскай грамадзкай думкі наконт інтэграцыі Расеі з рознымі краінамі й тэрыторыямі: з Украінай, Беларусьсю, Абхазіяй, Паўночнай Асэтыяй. Большасьць расейцаў ня супраць інтэграцыі толькі пры ўмове, калі дзеля гэтага ня трэба нічым ахвяраваць. Таму шанцы Лукашэнкі на атрыманьне дывідэндаў ад пераводу праблемы ў плашчыню піяру невялікія. Я тут бачу тактыку пры адсутнасьці стратэгіі”.

(Раманчук: ) “Розгалас вакол беларускага пытаньня нічога Пуціну не дае. Публічнасьць ня выгадная яму. Бо атрымліваецца, што за восем гадоў ён ня змог вырашыць такога, здавалася б, простага пытаньня, як інтэграцыя Беларусі. Дарэчы, я ня думаю, што калі б Лукашэнку далі магчымасьць выступіць адну-дзьве гадзіны па расейскай тэлевізіі, то ён змог бы значна палепшыць свой імідж ці пахіснуць рэйтынг Пуціна.

Апэляцыя да расейскай грамадзкасьці — апошняя трэска Лукашэнкі. Ён думае, што скажа беларусам у студзені, лютым, калі вырастуць кошты на камунальныя паслугі. Каб не апынуцца крайнім, ён цяпер і абвінавачвае Расею”.

(Карбалевіч: ) “Падчас сустрэчы з стаўрапольскім губэрнатарам Лукашэнка адзначыў: мы ведаем, што ў Расеі ўжо ўсё гатова да ўвядзеньня паўнавартаснай мяжы зь Беларусьсю — з мытнікамі, памежнікамі. Наколькі верагоднае такое разьвіцьцё падзеяў?”

(Быкоўскі: ) “Ужо даўно існуе дагляд тавараў, якія ідуць праз гэтую мяжу. Тэхнічна стварыць паўнавартасную мяжу магчыма. Гэта будзе падобна на мяжу з Украінай ці Літвой на пачатку 1990-х гадоў.

Але пакуль пра гэта ніхто ня кажа, акрамя Лукашэнкі. Таму ня думаю, што гэта верагодна. Але заява Лукашэнкі — гэта яшчэ адзін аргумэнт у антырасейскай рыторыцы для ўнутранага карыстаньня, калі мы ня зможам дамовіцца пра кошты на газ”.

(Коктыш: ) “Гэта малаверагодна. Нядаўна была дыпляматычная сутычка, калі Расея патрабавала ўвесьці візавы рэжым, а Беларусь адмовілася. Тады Масква заявіла, што дзеля кантролю грамадзянаў іншых краін, якія едуць празь Беларусь у Расею, на мяжы можа быць уведзены пашпартны кантроль. Але гаворка не ідзе пра беларусаў”.

(Раманчук: ) “Тры дні таму я вяртаўся на машыне з Масквы й бачыў, што на беларускай тэрыторыі чакалі ўезду ў Расею 90—100 фураў. Легкавыя аўтамабілі праяжджалі безь перашкодаў. Зразумела, тэхнічна магчымасьць стварэньня мяжы існуе. Для гэтага існуе ўся інфраструктура. Безумоўна, кантроль на беларуска-расейскай мяжы будзе больш жорсткі. Візавага рэжыму, думаю, ня будзе. Але як можна выявіць малдаванаў ці грузінаў, калі не правяраць дакумэнты ўсіх — у тым ліку беларусаў?

Нядаўна па беларускім тэлеканале прайшоў сюжэт пра тое, што з Расеі завезьлі сьпірт, якім атруціліся беларускія грамадзяне. Расея, з свайго боку, выказвае нездавальненьне цукрам, які зь Беларусі ідзе ў Расею. Вал узаемных абвінавачаньняў нарастае. Таму я не выключаю зьяўленьня мяжы. Будзе яна паўнавартасная, ці на 70% — цяжка сказаць. Але пацерпяць ад гэтага грамадзяне абедзьвюх краінаў”.

(Карбалевіч: ) “Падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў назваў магчымую цану на расейскі газ для Беларусі наступным годам: 140 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Гэта прапанова расейскага боку (а вядома, што прапанова пры гандлі заўсёды вышэй за рэальную цану) ці гэтая лічба азначае кампрамісны кошт?”

(Быкоўскі: ) “Спадар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі аргумэнтаваў патрэбу ў цане 200 даляраў. Ён казаў, што і ў Расеі цана таксама будзе падвышацца. Ён адзначыў, што калі Беларусь пойдзе на саступкі ў пытаньні “Белтрансгазу”, то Расея пойдзе на саступкі ў цане на газ, і яна можа зьнізіцца да нуля. Прычым ён называў розныя лічбы, але 140 даляраў, магчыма, найбольш блізкая да рэальнасьці цана.

Амбасадар даволі вялікую ўвагу надаў сустрэчы кіраўнікоў краінаў, якая павінна адбыцца 9—10 лістапада. Ён сказаў, што перамовы будуць складаныя, але яны здымуць многія пытаньні”.

(Коктыш: ) “140 даляраў можа быць кампрамісным коштам. Украіна атрымае газ за 130 даляраў. Думаю, што і для Беларусі будзе такая цана. Малаверагодна, што саступкі Беларусі ў пытаньні “Белтрансгазу” зьнізяць цану на газ. Праблема ў тым, што з гледзішча расейскага кіраўніцтва капіталізацыя беларускай эканомікі блізкая да нуля. Не таму, што яна насамрэч такая танная, а таму што любы актыў можа быць нацыяналізаваны ў Беларусі на працягу тыдня. Таму набыцьцё цяпер актываў у Беларусі лічыцца рызыкоўнай апэрацыяй. Таму “Газпрому” й іншым расейскім кампаніям рэкамэндавана гэтага не рабіць”.

(Раманчук: ) “Тое, што Расея розным краінам прапануе розныя кошты на газ, сьведчыць, што гэтая цана не эканамічная, а палітычная. Лічу, што кампраміс Беларусі й Расеі па газе будзе падобны на кампраміс Расеі і Ўкраіны. Недзе на пачатку наступнага году зьявіцца фірма “Русбелэнэрга”, зарэгістраваная ў швайцарскім кантоне, якая будзе ўпаўнаважаная “Газпромам” пастаўляць газ Беларусі за 140 даляраў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў канфлікт набыў даволі востры характар. Ёсьць сумневы, што адна сустрэча дапаможа іх вырашыць. Тым больш, што пазыцыі бакоў пакуль вельмі далёкія ад кампрамісу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG