Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму лідэр “Маладога фронту” З.Дашкевіч атрымаў такі жорсткі прысуд?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч і юрыст Валянцін Стэфановіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Жорсткі прысуд Зьмітру Дашкевічу сьведчыць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў да апазыцыйных сілаў. Цяпер у цэнтры ўвагі праваахоўных органаў апынуўся “Малады фронт”. Гэта й суд над вамі, спадар Фінькевіч, і дзіўная гісторыя з абвінавачаньнямі Паўлу Красоўскаму — у нібыта датычнасьці да цяжкіх крымінальных злачынстваў, і вось прысуд Дашкевічу — паўтара году калёніі агульнага рэжыму. Чаму ўлады бачаць небясьпеку менавіта ад “Маладога фронту”?”

(Артур Фінькевіч: ) “Малады фронт” зьяўляецца найбуйнейшай моладзевай арганізацыяй. Яна разьвіваецца й пашыраецца, даказвае адданасьць ідэям эўрапейскасьці, свабоды. Праз “Малады фронт” прайшло каля 20 тысяч чалавек. Зь яго выйшлі вядомыя палітычныя й грамадзкія дзеячы. І ўлады відавочна баяцца “Маладога фронту” — таму што ён быў вельмі блізка ў сакавіку гэтага году да перамогі”.

(Валянцін Стэфановіч: ) “Улады імкнуцца стварыць манаполію на працу з моладзьдзю. Таму яны ня хочуць цярпець іншых моладзевых ініцыятываў, акрамя БРСМ. “Малады фронт” мае ўплыў на моладзь, актыўна арганізоўвае вулічныя акцыі. Улады адчуваюць небясьпеку ад гэтай арганізацыі, таму і рэпрэсуюць яе актывістаў”.

(Карбалевіч: ) “Вясной пасьля прэзыдэнцкіх выбараў праваахоўныя органы распачалі крымінальныя справы на некалькіх актывістаў “Маладога фронту”. Рыхтаваўся вялікі судовы працэс, дзе меліся абвінаваціць значную колькасьць сяброў гэтай арганізацыі. Потым усе справы закрылі, да адказнасьці прыцягнулі толькі Дашкевіча, які атрымаў жорсткае пакараньне. Чаму ўлады памянялі тактыку прэсінгу на “Малады фронт”?”

(Фінькевіч: ) “Улады не хацелі вялікага і гучнага працэсу адразу над некалькімі актывістамі “Маладога фронту”. Таму вырашылі знайсьці, так бы мовіць, ахвярнага казла — і на яго прыкладзе напалохаць астатніх маладафронтаўцаў. Дашкевіча выбралі, бо ён уяўляе сабой самага яскравага й шчырага палітыка сярод моладзевых лідэраў”.

(Стэфановіч: ) “Напачатку году, вясной, улады распачалі шэраг крымінальных справаў на дзеячаў апазыцыі. Сярод іх была крымінальная справа і на пяцёх лідэраў і актывістаў “Маладога фронту”. Але ніякіх сьледчых дзеяньняў не вялося. Не выстаўлялася абвінавачаньня, не ўзялі нават падпіскі пра нявыезд з тых, хто праходзіў па справе.

І толькі ў верасьні крымінальная справа актывізуецца на аднаго Дашкевіча. Ня думаю, што ініцыятыва зыходзіла ад пракуратуры. Думаю, рашэньне прымалася на самым версе”.

(Карбалевіч: ) “У дзеяньнях уладаў адносна пакараньня палітычных апанэнтаў можна назіраць пэўную эвалюцыю. Раней пакараньне зводзілася ў асноўным да абмежаваньня волі, альбо, як кажуць, “хіміі”. Цяпер актывістаў апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці пачалі садзіць за краты. Чым тлумачыцца ўзмацненьне жорсткасьці прысудаў?”

(Фінькевіч: ) “На “хіміі” чалавек адносна вольны, можа хадзіць на працу, карыстацца тэлефонам, можа нават працягваць выконваць свае функцыі грамадзкага дзеяча. А калі чалавек трапляе ў “зону”, ён на год-два ці болей выключаны з грамадзкага жыцьця. Цяпер улады закручваюць гайкі”.

(Стэфановіч: ) “Санкцыя артыкулу 193 не прадугледжвае такога пакараньня, як абмежаваньне волі, то бок “хіміі”. Яна прадугледжвае штраф, арышт да шасьці месяцаў ці пазбаўленьне волі да двух гадоў.



Зь іншага боку, улады прыйшлі да высновы, што пакараньне “хіміяй” не дазваляе цалкам ізаляваць чалавека. Таму вырашылі ўзмацніць пакараньне, пасадзіць некалькі чалавек па артыкуле аб адказнасьці за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі (ініцыятыва “Партнэрства”, Дашкевіч), каб запалохаць іншых.

Міжнародная арганізацыя “Amnesty International” прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня, таму што той артыкул, па якім ён быў асуджаны, не адпавядае ні Канстытуцыі Беларусі, ні Пакту ад грамадзянскіх і палітычных правах. Ён парушае правы чалавека на свабоду асацыяцыяў”.

(Карбалевіч: ) “Ці будуць мець эфэкт гэтыя захады ўладаў? Ці запалохаюць апазыцыянэраў, ці абмяжуюць дзейнасьць “Маладога фронту”, іншых арганізацыяў?”

(Фінькевіч: ) “Малады фронт” быў, ёсьць і будзе. Падчас гэтай крымінальнай справы ён рос як колькасна, так і якасна. Далучаюцца нават тыя людзі, якія ў свой час пайшлі з арганізацыі”.

(Стэфановіч: ) “Пэўны эфэкт ад гэтых дзеяньняў, напэўна, будзе. Улады дэманструюць, што гэты артыкул могуць скарыстаць у любы момант у дачыненьні да іншых актывістаў. І яны хочуць такім чынам запалохаць актывістаў.

Але спыніць разьвіцьцё незалежніцкіх ініцыятыў і рухаў наўрад ці ўдасца. Проста яны будуць больш дзейнічаць у падпольлі. Каб спыніць гэты рух, уладам давядзецца ўжываць масавыя рэпрэсіі, да якіх яны не гатовыя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прысуд Зьмітру Дашкевічу, перасьлед і рэпрэсіі супраць апазыцыйных сілаў набываюць усё больш жорсткі характар — што сьведчыць пра пачатак новага этапу ў барацьбе рэжыму супраць палітычных апанэнтаў”.
XS
SM
MD
LG