Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў тралейбусы-забойцы?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зімовы сэзон зноў паставіў пытаньне пра бясьпеку грамадзянаў падчас паездак ў гарадзкім транспарце. Ці будуць беларускія тралейбусы біцца токам, як гэта здаралася мінулай зімой?

6-га лістапада ў Берасьці выпаў мокры сьнег, і ня дзіва, што студэнтка Насьця прамачыла ногі. Дзяўчына сьпяшалася на дзень нараджэньня дзядулі, ехала першым тралейбусам, які ішоў ад Цэнтральнага ўнівэрмагу ў бок вакзалу. Узялася за парэнчы, а далей – страціла прытомнасьць.

(Насьця: ) “Да мяне заходзілі людзі, але ўсё было нармальна. Магчыма, за ручку не браліся, ці ногі былі сухія? А я толькі пачала ўваходзіць, ўзялася за ручку – і ўсё, далей нічога ня памятаю. Я ўпала. Калі вярнулася прытомнасьць, яшчэ не прайшлі сутаргі, было вельмі балюча. Так, ударыла мяне моцна! На назе вялікі сіняк. Рукаў курткі і джынсы былі ў гразі”.

Бартавы нумар небясьпечнага тралейбуса Насьця не запісала, ня стала яна выклікаць і хуткую дапамогу.

У Берасьцейскім тралейбусным дэпо мне сказалі, што ў іх няма зьвестак пра інцыдэнт, які адбыўся 6-га лістапада. Інжынэр тэхнікі бясьпекі парку Алег Тараскін пералічыў захады, зробленыя напярэдадні зімовага сэзону, каб выключыць магчымасьць траўмаваньня токам пасажыраў.

(Тараскін: ) “Мы паставілі плястыкавыя прыступкі на старых марках тралейбусаў, нанесьлі лака-фарбавыя дыэлектрычныя пакрыцьці вакол дзьвярэй з абодвух бакоў, набылі і ўсталявалі 50 прыстасаваньняў для кантролю за ўцечкай току”.

Алег Тараскін запэўніў, што яны будуць шукаць небясьпечны тралейбус, і запісаў тэлефон пацярпелай дзяўчыны.

У зімовы сэзон 2005-2006 праблема небясьпечных тралейбусаў надзвычай абвастрылася. У Менску ад току загінула дзяўчына, у краіне пацярпелі некалькі чалавек .Паводле міністэрства транспарту і камунікацый, цягам году тэрмінова падрыхтавана і ажыцьцёўлена праграма падвышэньня бясьпекі тралейбусаў. Але і яна не гарантуе цалкам ад інцыдэнтаў, прызнаў начальнік навукова-тэхнічнага аддзелу міністэрства Фёдар Пекар.

(Пекар: ) “Найлепшы захад па павышэньню электрабясьпекі – гэта абнаўленьне рухавага складу. Калі тралейбус працуе 15-20 гадоў, яго складана выправіць, бо абсталяваньне зношанае, ізаляцыя старая. Таму для Менску сёлета набудуць 200 новых тралейбусаў”.

Але пакуль усе старыя тралейбусы заменяць, ад іх яшчэ ня раз могуць пацярпець людзі.

Дарэчы, калі інцыдэнт ўсё ж адбыўся, пацярпелым гарантавана дапамога, у тым ліку матэрыяльная. Любы пасажыр зь білетам застрахаваны ад няшчаснага выпадку, і, акрамя лячэньня, атрымае страхоўку ў памеры ад 600 тысяч рублёў да 3 тысяч эўра, патлумачылі мне ў брэсцкім тралейбусным парку. Але дадалі, што абавязкова трэба выклікаць хуткую дапамогу і зьвярнуцца з заявай у транспартую арганізацыю.
XS
SM
MD
LG