Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка правядзе перамовы з Пуціным, адкрые помнік Янку Купалу


Валер Каліноўскі, Менск 9–10 лістапада, як чакаецца, Аляксандар Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Маскве, дзе ў яго заплянаваная сустрэча з кіраўніком Расеі Уладзімерам Пуціным і адкрыцьцё помніка Янку Купалу.

У прэсавых службах кіраўнікоў Беларусі і Расеі нічога не гавораць пра зьмест будучых перамоваў. Кіраўнік прэсавай службы А. Лукашэнкі Павал Лёгкі толькі каротка пацьвердзіў пляны візыту:

(Лёгкі: ) “Я магу сказаць, што візыт заплянаваны, а больш нічога”.

Паводле расейскага амбасадара ў Менску Аляксандра Сурыкава, Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка маюць абмеркаваць найбольш вострыя пытаньні двухбаковых адносінаў. Перш за ўсё тыя, якія датычаць кошту і аб’ёмаў паставак расейскага газу і нафты. Напярэдадні у “Газпроме” яшчэ раз заявілі, што ніякіх льготных коштаў на газ для краін СНД ня будзе. Гэтыя праблемы Аляксандар Сурыкаў назваў небеспадстаўна вострымі:

(Сурыкаў: ) “Думаем, што яна будзе дастаткова няпростай, гэтая сустрэча, але мы спадзяемся, што яна многае вырашыць”.

Аляксандар Лукашэнка пагражаў разрывам адносінаў з Расеяй, калі будзе падвышаны кошт на газ. Пазьней ён сказаў, што зьбіраецца на сустрэчы з Пуціным выкласьці ацэнку ўсяго спэктру двухбаковых дачыненьняў. Апошні тыдзень беларускія чыноўнікі інтэнсыфікавалі свае паездкі ў Маскву. Але паводле неафіцыйнай інфармацыі, ні аб якіх саступках яны дамовіцца не змаглі. У Крамлі цяпер проста чакаюць, што скажа Аляксандар Лукашэнка наконт прыватызацыі “Белтрансгазу”, падзелу экспартных пошлін за продаж Беларусьсю нафтапрадуктаў, зробленых з расейскай сыравіны, іншых праблем. Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ўрэшце будзе знойдзены нейкі кампраміс:

(Фёдараў: ) “Усё ж да разрыву адносінаў і распаду так званай Саюзнай дзяржавы справа ня дойдзе. Гэта нявыгадна ні аднаму з бакоў. На саступкі пойдуць абодва бакі, будзе знойдзены нейкі кампрамісны варыянт”.

Маскоўскі палітоляг дацэнт інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш не бачыць магчымасьці дасягненьня хуткага кампрамісу:

(Коктыш: ) “Крэмль зараз у пазыцыі, калі ён можа дазволіць сабе чакаць. Пакуль беларускі кіраўнік ладзіў замежныя туры, спрабаваў наладзіць асобныя масты з Вэнэсуэлай, з астатняй часткай СНД, зь Іранам, Расея проста чакала, ці атрымаецца нешта ці не. Здаецца, што з гэтага небагата чаго атрымалася”.

Паводле Кірыла Коктыша, Менску ня ўдасца зноў вырашыць эканамічныя пытаньні палітычнымі мэтадамі, бо інтэграцыйная карта цяпер не працуе:

(Коктыш: ) “Гэта ўсё мінуўшчына. Ідэя саюза была вельмі папулярнай і магла мабілізаваць каля 80 адсоткаў расейцаў у 90-я гады. Але зараз не болей за 30. Калі ў Пуціна апынуліся гэтыя лічбы, ён адчуў, што ў яго рукі нарэшце разьвязаныя”.

У часе візыту А. Лукашэнкі ў Маскву плянуецца адкрыць помнік Янку Купалу. Аўтары скульптуры менскія архітэктары Леў і Сяргей Гумілеўскія. Усталяваная яна паміж дамамі 26 і 30/32 па Кутузаўскім праспэкце. Фінансаваньне ажыцьцяўлялася з саюзнага бюджэту і бюджэту Масквы.
XS
SM
MD
LG