Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія беларусы спадзяюцца на цудадзейныя зёлкі


Ігар Карней, Менск Беларускі інтэрнэт літаральна завалены прапановамі на лекаваньне травамі. Калі верыць траўнікам, невылечных хваробаў для іх не існуе. Бабулінымі спосабамі лекаваньня карыстаюцца тысячы людзей па ўсёй Беларусі.

Вось некаторы пералік цудадзейных зёлак. Вадзяныя каноплі– ад атлусьценьня, цалкам вылечвае гіпэртанію. Льнянка ратуе ад энурэзу. Духмяны каласок – ад цяжкіх формаў сухоты. Ёсьць панацэя ад хваробаў, якія не бярэцца нэўтралізаваць афіцыйная мэдыцына. Так душыца, паводле траўнікаў, здольная цалкам уратаваць ад эпілепсіі. Балегалоў – ад анкалягічных захворваньняў. Кіпрэй – канкрэтна ад пухлінаў, раку горла і языка. Сьцьвярджаюць, што травяная сумесь, загатаваная ў пэўных прапорцыях, вылечвае нават 20-гадовы псарыяз, экзэму ды іншыя скураныя захворваньні. Зборы зёлак на аснове багародзкай травы вяртае да жыцьця выпівохаў і наркаманаў. Прапануюцца лекі для душы – тая ж душыца ратуе ад дэпрэсіі.

Лекар аднаго зь менскіх шпіталёў Андрэй Валодзін лічыць дзейнасьць траўнікаў адназначна “шкоднай”. Маўляў, хворыя пасьля мэдыкамэнтознага курсу часта “далечваюцца” зёлкамі, а падвойны ўдар арганізм не заўсёды вытрымлівае. Да таго ж, як кажа спадар Валодзін, траўнікі абяцаюць ледзьве не імгненны станоўчы вынік, тады як афіцыйная мэдыцына некаторыя хваробы ня можа адужыць цягам некалькіх гадоў. А гэта ўжо, паводле лекара, “цемрашальства”.

(Валодзін: ) “На мой погляд, хоць не бяруся выносіць канчатковы “прысуд”, але кшталту “шарлатанства” гэта ўсё ж можна назваць. Жорстка, але ў дадзенай сытуацыі можна выкарыстаць менавіта такое слова. Бо такіх аднамамэнтавых мэтодыкаў практычна нідзе не апісваецца. І як можна зрабіць за некалькі гадзінаў тое, што ўсе астатнія робяць за 6 ці за 24 месяцы”.

Кобрынскі траўнік Уладзімер Банцэвіч разам з жонкай заснавалі прадпрыемства ў зборы лекавых траваў, назваўшы яго “Дзікая архідэя”. Сам спадар Банцэвіч кажа, што травамі спакон веку лекаваліся беларусы і нічога дзіўнага ў тым, што попыт на травы надзвычай высокі, няма.

(Банцэвіч: ) “Да нас зьвяртаюцца людзі, калі ўжо афіцыйная мэдыцына бездапаможная. У нас вельмі шмат траваў і збораў, аналягаў якім у іншых мясьцінах папросту няма. Маецца вельмі шмат напрацовак і, каб адкрыць вытворчасьць, то шмат якіх лекаў папросту не спатрэбілася б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG