Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міты пра лекавыя зёлкі


Ганна Соўсь, Прага Лічыцца, што лекавыя зёлкі практычна бясшкодныя для арганізму. Ці так гэта? Ці маюць рацыю людзі, якія лічаць, што зёлкі значна лепей за сынтэтычныя таблеткі? Навукоўцы папярэджваюць, што сучасная “хімія” можа быць практычна бясшкоднай, а вось шэраг зёлак прымаць без кансультацыі спэцыялістаў папросту небясьпечна. Вось якія міты існуюць адносна лекавых зёлак.

Міт першы: Зёлкі лепей за таблеткі, бо ўтрымліваюць мноства кампанэнтаў. Насамрэч лекавыя рэчывы ў расьлінах не заўсёды спалучаюцца ўдала, да таго ж канцэнтрацыя рэчываў неаднолькавая нават ў двух кусьціках травы ў адным лесе.

Міт другі: У лекавых расьлінах няма “шкоднай хіміі”. Некалькі стагоддзяў таму так і было. Але ж не цяпер, калі ўсе шкодныя рэчывы могуць прымнажацца і ў расьлінах.

Міт трэці: Зёлкі не выклікаюць алергіі. Гэта не зусім так. Паводле навукоўцаў, кожны пяты цяпер пакутуе на паліноз, які як раз і з’яўляецца алергічнай рэакцыяй на расьліны.

Міт чацьверты: У сувязі з дастаткова мяккім дзеяньнем расьлінных сродкаў іх можна ўжываць колькі заўгодна доўга. Гэта памылка. Пры працяглым прыёме адных і тых жа зёлак можа ўзьнікнуць прызвычайваньне. Да таго ж некаторыя зёлкі ў прынцыпе не прыдатныя для працяглага лячэньня. У такім выпадку яны маюць нэгатыўнае ўзьдзеяньне, як напрыклад чыстацел, палын і крываўнік.

Нядаўна навукоўцы Чыкагскага ўнівэрсытэту дасьледавалі, якім чынам чаі з зёлак могуць уплываць на хаду апэрацыі. І высьветлілася, што некаторыя расьліны могуць непрадказальна зьмяніць хаду наркозу, апэрацыі і пасьляапэрацыйнага пэрыяду. Высьветлілася, што прэпараты з эхінацыяй падвышаюць рызыку алергічных рэакцый, могуць нэгатыўным чынам ўплываць на лячэньне імуннымі прэпаратамі і ўскладняць зажыўленьне раны.

Вядома, што прэпараты часнаку, гінкго білаба і жэньшэню няблага прадухіляюць ўтварэньне тромбаў. Аднак ў выпадку апэрацыі яны падвышаюць рызыку крывацёку.

Лекі са сьвятаяньніку – цудоўныя антыдэпрэсанты. Аднак яны мяняюць ператварэньне іншых лекаў ў арганізьме, таму ад сьвятаяньніку трэба адмовіцца за пяць дзён да апэрацыі.

Прэпараты з валяр’яны могуць павялічыць патрэбу ў сродках для наркозу. Таму іх прыём спыняюць за тыдзень да апэрацыі. Дарэчы супакойлівыя зёлкі не рэкамэндуецца прымаць разам з проціалергеннымі прэпаратамі – дымэдролам, тавегілам і супрасьцінам. Пры такім спалучэньні можа ўзмацніцца млявасьць і санлівасьць.

Многія лекавыя зёлкі ўтрымліваюць атрутныя і моцнадзейныя рэчывы. Што рэкамэндуюць навукоўцы адносна іх ужываньня ў якасьці лекавых сродкаў? Найперш трэба дакладна выконваць рэкамэндацыі лекараў і дазіроўку. Да атрутных расьлінаў адносяць багун, палын, амялу, чыстацел, папараць, ядловец ды многія іншыя. І сьпіс шкодных расьлінаў ўвесь час пашыраецца. Гэтак у навуковай літаратуры нядаўна быў апублікаваны пералік зёлак, небясьпечных для печані. Як не дзіўна, але ў яго былі ўключаныя такія добра знаёмыя зёлкі, як падбел, сенна і валяр’яна.

Аднак нават неатрутныя лекавыя расьліны маюць шмат проціпаказаньняў. Напрыклад, сок са сьвежых лістоў алоэ проціпаказаны пры запаленьні нырак і мачавога пухіра, пры гемароі і матачных крывацёкаў. Лімоньнік і жэньшэнь не рэкамэндуюць ўжываць пры гіпертаніі, бяссоньніцы і падвышанай нэрвовай ўзбудлівасьці. Журавіны могуць выклікаць абвастрэньне язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. А пры падагры, і мочакаменай хваробе непажадана есьці маліну, каліну і шчаўё. Мелісу і мяту не рэкамэндуцю пры паніжаным артэрыяльным ціску.
XS
SM
MD
LG