Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Юхнавец


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

3.11.1921, в. Забродак (цяпер Докшыцкі раён) — 6.1.2005, Нью-Ёрк, ЗША.

Калі ў добрыя старыя часы на пачатку дзевяностых я рэдагаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ягоную кнігу паэзіі “Сны на чужыне” (што выйшла ў 1993-м у сэрыі “Галасы беларускага замежжа”), адзін мой калега, засунуўшы нос у карэктуру, запытаўся: “Ён што — вар’ят альбо геній?”

Праз два гады я ўручыў кнігу аўтару ў царкве Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у амэрыканскім горадзе Саўт-Рывэр. З царквы, прызнаюся, мы перабраліся ў больш аддаленае ад Бога месца, дзе спадар Юхнавец замовіў сабе ірляндзкага піва, а мне — каліфарнійскага віна. Адрозна ад іншых эмігрантаў, у тым ліку і літаратараў, ён не распытваў пра палітычныя падзеі ў Беларусі. Адно што пацікавіўся, ці быў я калі ў Бягомлі, у ваколіцах якога ў вайну аддзел карнікаў-летувісаў спаліў ягоных бацькоў і пецярых малых братоў.

Тыя мясьціны зноў і зноў прыходзілі да яго ў снах-вершах (а вось Амэрыка так ніколі і не прысьнілася), дзе ён вёў гутаркі то з Машэкам, то з Скарынам, то з таямнічым пэрсанажам, якога завуць Лесасекам і які мяркуе, што Гісторыя — гэта крушня, а потым удакладняе, што гэта — памяшканьне, дзе адбываюцца нелягічныя выпадкі.

Я расказаў спадару Янку пра тое, як на бягомальскай аўтастанцыі тамтэйшы хлопец павесіў нядаўна на Дзень Волі бел-чырвона-белы сьцяг і празь пяць хвілінаў ужо сядзеў у варанку. Лесасек, відаць, назваў бы гэтую гісторыю банальнай, каб не адна дэталь: хлопец быў глуханямы.

Але наагул усе нашы нешматлікія размовы зь Юхнаўцом былі да краёў напоўненыя шолахам моўкнасьці (менавіта так — “Шолах моўкнасьці” — называўся ягоны першы выдадзены ў Нью-Ёрку ў 1955 годзе паэтычны зборнік), у якой засталася нявыказанай мая думка пра тое, што з часоў Максіма Багдановіча, магчыма, ніхто не сумовіўся з космасам на такой блізкай мове, як ён. Хіба што Алесь Разанаў, чыя паэзія, гэтаксама, як і ў яго, Юхнаўца, незаўважна перацякае ў філязофію.

У шолаху гэтае моўкнасьці расталі, так і не вымаўленыя ўголас радкі, што ўразілі ў рукапісе “Сноў на чужыне”, зрабіўшыся іх своеасаблівым эпіграфам:

...я дома зноў, ён для мяне спакой. Гляджу з вакна у сад у воддаль поля, там не відаць дарог шумлівых, а краскі на аселіцах — самі сабе, прыгожая няволя! Адчуваю: на зямлі бытую адзінотным... Гляджу на стол, там ліст — каму, недапісаны?

Юхнавец падпісваў мне сваіх выдадзеных ў 1967-м у Нью-Ёрку 2Калюмбаў”, выводзіў унізе аўтографу загадкавую (магчыма, падказаную ў гэты момант Лесасекам) дату — 1968, а я чамусьці думаў: “Можа, той недапісаны ліст адрасаваны бягомальскаму хлопцу зь сцягам?”
XS
SM
MD
LG