Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыне Казулінай адмовілі ў сустрэчы з мужам (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Віцебскую калёнію, дзе трымаюць палітычную галадоўку Аляксандар Казулін і Сяргей Скрабец, наведала жонка Казуліна Ірына. Жанчына спрабавала высьветліць, як пачуваецца муж, а таксама калі ён гатовы спыніць акцыю пратэсту.

8 лістапада Ірына Казуліна наведала віцебскую калёнію “Віцьба-3”, дзе галадаюць яе муж Аляксандар Казулін і былы дэпутат Сяргей Скрабец. Жанчыну асабліва цікавіў стан здароўя галадоўнікаў, пра якіх ужо некалькі дзён не было зьвестак. Вось што распавяла Ірына Казуліна пра вынікі сваёй паездкі:

(Казуліна: ) “Я сустрэлася з начальнікам калёніі Віталём Агнісьцікавым. Мы размаўлялі пра стан здароўя мужа і Сяргея Скрабца, пра якога я таксама пыталася. Спадар Агнісьцікаў сказаў, што яны пачуваюцца нармальна. Дарэчы, якраз сёньня ён зь імі размаўляў пра тое, калі яны плянуюць выйсьці з галадоўкі. Як вядома, Сяргей Скрабец вызваляецца 15 лістапада, ён скончыць галадоўку у гэты дзень ці раней”.

Калі спыніць галадоўку Аляксандар Казулін, невядома. Спачатку ён заяўляў, што ягоная акцыя будзе спыненая толькі калі выканаюць ягоныя патрабаваньні. Па выніках сёньняшняй размовы з начальнікам калёніі Ірына Казуліна кажа, што ён здолее галадаць ня менш за 30 дзён. Між тым, жонка палітыка зьбіраецца тэрмінова перадаць мужу заклікі апазыцыйных палітычных партыяў прыпыніць галадоўку. Ірына Казуліна спадзяецца, што на Аляксандра Казуліна падзейнічае інфармацыя пра тое, што ягоныя калегі робяць усё магчымае, каб прыцягнуць увагу сьвету да беларускага пытаньня.

Больш пэўных зьвестак пра стан здароўя Аляксандра Казуліна ягоная жонка не атрымала.

(Казуліна: ) “Мне сказалі, што яго глядзіць доктар. Але калі я папрасіла зь ім сустрэчы, мне адказалі, што сёньня гэта немагчыма”.

Раней у адміністрацыі калёніі прызналі, што Аляксандар Казулін схуднеў за час галадоўкі на восем кіляграмаў.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і былы дэпутат Сяргей Скрабец галадаюць з 20 кастрычніка. Апазыцыянэры пратэстуюць супраць незаконнага, як яны лічаць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й дамагаюцца разгляду беларускага пытаньня ў ААН.

XS
SM
MD
LG