Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя вылучае ў мясцовыя саветы каля тысячы кандыдатаў


Радыё Свабода Такая лічба вынікае з падсумаваньня зьвестак, якія мы атрымалі ў выбарчых штабах апазыцыйных палітычных партыяў. Акрамя таго, як цьвердзяць там, яшчэ прыкладна столькі ж прэтэндэнтаў з дэмакратычнымі поглядамі рэгіструюцца як незалежныя кандыдаты.

Кіраўнік выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер фактычна пацьвярджае прагназаваныя лічбы:

(Альфер: ) “Давайце палічым — на сёньняшні дзень апазыцыя змагла наскрэсьці дзесьці 800 чалавек кандыдатамі ў саветы ўсіх узроўняў. Ну, і тыя, хто не залежныя ад улады й не залежныя ад апазыцыі, іх будзе напэўна столькі ж. Усе астатнія пойдуць па разнарадцы ўлады”.

Найбольшая канкурэнцыя прагназуецца ў сталіцы, дзе абіраюцца 55 дэпутатаў. Тут раённыя выбарчыя камісіі, якія выконваюць у Менску і функцыі акруговых, пасьля двух выходных дзён сёньня аднавілі прыём заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. У камісіі Партызанскага раёну Менску паведамілі, што на 12 гадзін тут ужо прынялі шэсьць заяваў:

(Супрацоўніца: ) “Нават некаторыя ўжо зарэгістраваныя, і пасьведчаньні аб рэгістрацыі аддадзеныя. Кандыдаты самыя розныя — дырэктар гімназіі, беспрацоўны, сьлесар, начальнік ЖЭСу”.

Падобна, што і як чатыры гады таму, у некаторых акругах Менску сутыкнуцца некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Прыкладам, толькі сталічная філія Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паводле яе новага лідэра — генэрала Фралова, плянуе выставіць каля 35 прэтэндэнтаў. Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня таксама зьбіраецца балятавацца ў гарсавет:

(Фралоў: ) “Зараз павязу дакумэнты. Пайду па Ўбарэвіцкай акрузе, што ў Заводзкім раёне. Сытуацыю ацэньваю рэальна. Патрэбна змагацца, патрэбна працаваць”.

На папярэдніх рэгіянальных выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2003 году, апазыцыя агульнымі намаганьнямі вылучыла больш за тысячу кандыдатаў. Каля 750 зь іх былі зарэгістраваныя. Але на папярэдніх выбарах апазыцыйныя партыі мелі нашмат больш зарэгістраваных структураў.
XS
SM
MD
LG