Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску камэнтуюць вынікі выбараў у ЗША


Алесь Дашчынскі, Менск Як камэнтуюць у Менску перамогу дэмакратычнай партыі на выбарах у Кангрэс ЗША? Ці зьменіцца амэрыканская палітыка адносна Беларусі?

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што палітыка, якая ажыцьцяўляецца цяпер адносна Беларусі, будзе працягвацца.

(Вячорка: ) “Палітыка Злучаных Штатаў у дачыненьні да антыдэмакратычных рэжымаў ёсьць дзьвюхпартыйная. Усе значныя ініцыятывы, якія датычаць Беларусі, ініцыявалі і рэспубліканцы, і дэмакраты. Я ня бачу падставаў для нейкіх прынцыповых зьменаў гэтай палітыкі”.

Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзім Папоў заявіў, што прэзыдэнту Джорджу Бушу будзе складаней праводзіць свае рашэньні праз Кангрэс. Але кіраўніцтва Злучанымі Штатамі застаецца ранейшым — таму рэзкіх зьменаў у палітыцы ня будзе.

(Папоў: ) “Галоўныя праблемы, якія яны павінны вырашыць, гэта Ірак і Аўганістан. Яны ўсё больш выклікаюць незадаволенасьць у насельніцтва ЗША. Туды будзе скіраваная галоўная ўвага дэмакратаў. Што да малых дзяржаваў (такіх, як наша), то, напэўна, наперадзе стаіць Карэя зь яе праблемамі, Іран зь яго праблемамі й іншыя. А потым ужо будуць дабірацца і да Беларусі”.

Актывіст БСДП (Грамада) Аляксей Кароль мяркуе, што перамога дэмакратаў істотна не адаб’ецца на зьнешнепалітычнай лініі ў дачыненьні да Беларусі.

(Кароль: ) “Хутчэй за ўсё, карэктывы па гэтай лініі будуць найперш адносна Іраку і, магчыма, Ірану. А адносна Беларусі нейкіх рэзкіх зрухаў і зьменаў чакаць не даводзіцца. Я маю на ўвазе курс на падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Дэмакратызацыя Беларусі — гэта доўгатэрміновы курс, і ён у традыцыі амэрыканскай палітыкі”.

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, якая б партыя ні перамагла ў ЗША, стаўленьне да беларускага народу там было, ёсьць і будзе добрым.

(Шушкевіч: ) “У нас уся бяда ў адносінах са Злучанымі Штатамі ў тым, што яны ня вельмі глыбока ўсьведамляюць, што адбываецца ў Беларусі — і рэспубліканцы, і дэмакраты. І будзем дапамагаць адным і другім, каб яны ўсьвядомілі, што нейкія стандартныя, шаблённыя падыходы да Беларусі наўрад ці будуць эфэктыўныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG