Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо разьлічваем, што нехта на сподачку прынясе нам свабоду й дэмакратыю?”


Валянцін Жданко, Менск У Беларусі працягваецца выбарчая кампанія — пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Але нейкай значнай цікавасьці да гэтых выбараў і іхных вынікаў у большасьці грамадзтва няма. Чаму? Для многіх людзей адказ відавочны.

Вось якімі тыповымі развагамі на тэму хуткіх мясцовых выбараў дзеліцца ў сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Лойка са Сьветлагорску:

“Калі пытаесься ў нашых людзей: “Хто ў вас дэпутат мясцовага савету?” –– найчасьцей ня чуеш ніякага адказу. І гэта яшчэ што. Я паспрабаваў спытаць, ці ведаюць людзі імя старшыні Палаты прадстаўнікоў. Чаго толькі ні пачуў. Называлі нават Сідорскага. А найчасьцей казалі: “На якое ліха нам той старшыня, калі ёсьць Лукашэнка”. Так было і так будзе. Вось закончыцца гэтая выбарчая дурылка, і пра выбраных дэпутатаў ні слуху, ні духу”.

Чаму так атрымліваецца? Мікола Лойка мае адказ:

“Калі пры ўладзе быў Шушкевіч, мы мелі толькі адзін тэлеканал, але дзякуючы простым трансьляцыям усе добра ведалі, чым займаюцца дэпутаты. Цяпер у нас шмат тэлеканалаў і радыёстанцыяў, але дэпутатам там слова не даюць. Няма месца гэтай тэме і ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. У свой час наш Рыгоравіч удала выкарыстаў свабоду слова, каб “раскруціць” сябе. А цяпер, напэўна, палохаецца, каб нехта іншы не скарыстаўся такой жа магчымасьцю. Таму і забараніў іншадумства.

Дэпутаты маюць права патрабаваць для сябе эфірнага часу. Але яны саромеюцца сваёй працы. Усе ж бачаць і ведаюць, што яны нічога не вырашаюць і не прапануюць — а толькі галасуюць за тыя праекты, што падае ім выканаўчая ўлада, якую ўзначальвае прэзыдэнт. Такая цёмная гульня ўсім ім вельмі падабаецца. Гэта датычыць і мясцовых саветаў”.

Думаю, спадар Лойка, рэч зусім ня ў тым, што дэпутаты саромеюцца сваёй дзейнасьці. Хто саромеўся — відавочна, проста адмовіўся гуляць у гэтыя гульні. А чаму беларусы ня бачаць на сваіх тэлеэкранах іншых палітыкаў, апроч аднаго — вы далі ў сваім лісьце зусім слушны адказ. Пры аўтарытарнай сыстэме ўлады палітычным супернікам дзейнага кіраўніка дзяржавы месца на тэлеэкране няма. А палітычнымі супернікамі зьяўляюцца ня толькі кіраўнікі апазыцыі. Патэнцыйна небясьпечным можа стаць любы палітык, якога часта паказвае тэлебачаньне й якога пачнуць пазнаваць людзі. Таму нікога й не паказваюць — каб не пазнавалі.

Ліст ад нашага даўняга сябра Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач распавёў пра сумны лёс будынку царквы ў ваколіцах былой вёскі Стары Куплін, недалёка ад Пружанаў. Мікалай Волчык піша:

“Гэта царква паўстала ў 1834 годзе на ахвяраваньні мясцовых землеўладальнікаў Швыкоўскага і Марчэўскага. У навакольлі не было мураваных храмаў — толькі драўляныя. А гэты — з добрай цэглы, якая нібы сёньня зроблена. Невысокі купал, просьценькая званьніца… Але ўсё гэта засталося ў мінулым. Ціск на вернікаў у 1950-я гады зрабіў сваю справу. Пры маўклівай згодзе жыхароў навакольных вёсак царкву закрылі й зьнішчылі.

Тут, у гэтым храме ў 1947 годзе быў хрышчаны і я, і многія мае аднавяскоўцы зь вёскі Доўгае. Храм на ўліку як помнік архітэктуры, аднак ніякіх работаў дзеля аховы ці кансэрвацыі не было. Наадварот, назіраецца вандалізм: то гарыць, то бяруць цэглу. Кожны год з болем у душы наведваю гэта месца — і смутак толькі павялічваецца. Яшчэ адзін куточак нашай гісторыі стаіць занядбаны”.

Напэўна, спадар Волчык, выратаваць гэту царкву могуць толькі самі вернікі з навакольных вёсак — калі толькі яны там яшчэ засталіся. Размова нават не пра асабістыя ахвяраваньні, а пра ініцыятыву й настойлівасьць у дачыненьнях зь мясцовымі ўладамі. Праваслаўе цяпер — ледзь не дзяржаўная рэлігія, і рэдкі чыноўнік адважыцца ігнараваць просьбы й і патрабаваньні актывістаў праваслаўнай суполкі. Нават калі грошай на паўнацэнную рэстаўрацыю ў мясцовым калгасе і райвыканкаме дамагчыся ня ўдасца — машына дошак і шыфэру на часовы дах заўсёды знойдзецца.

Наш слухач Дзяніс Кароль зь Менску свой электронны ліст напісаў пад уражаньнем ад прысуду, які быў вынесены на мінулым тыдні лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу. Нагадаю: судзьдзя Ала Булаш з Кастрычніцкага суду Менску прызнала яго вінаватым у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі й асудзіла на паўтара году пазбаўленьня волі.

“Вось і адбылося чарговае судзілішча, — піша Дзяніс Кароль. — Кінулі ў турму ні ў чым не вінаватага хлопца. Звычайна цяжка ўявіць трагедыю іншай асобы, паўнавартасна асэнсаваць яе: маўляў, бяда кранула не мяне — так, кагосьці іншага (са мною такое немагчыма). Праглынула грамадзтва прысуды Клімаву, Севярынцу, Казуліну, сябрам “Партнэрства”, Фінькевічу, а цяпер — і Дашкевічу. Падтрымаць і выказаць сваю салідарнасьць з палітзьняволенымі да будынкаў судоў падчас апошніх працэсаў прыходзілі толькі невялікія купкі людзей — зусім малыя ў парананьні з тым, колькі магло б прыйсьці, каб паказаць, што мы нацыя, а не загнанае ў хлеў быдла. Прыходзілі, відаць, самыя мужныя, не абыякавыя да лёсу сваёй краіны.

Тут можна наракаць і спасылацца на недастатковую інфармаванасьць грамадзтва: маўляў, людзі ня ведалі, што, дзе, калі. Верагодна, хтосьці й не хацеў ведаць. Але што тут казаць: дастаткова людзей ведала. Многія зь іх проста паспачувалі цішком, пашапталіся зь сябрамі, сваякамі, калегамі па працы (маўляў, чуў, што пасадзілі?, Які жах!, маразм і г.д.). На гэтым ўсё і скончылася. Зь іншага боку, хтосьці можа запярэчыць: закон ёсьць закон.

Але, прабачце: а хто ўхваляў леташнія папраўкі да крымінальнага заканадаўства? Дэпутаты, якія прызначаліся зьверху, якіх не абіраў народ, але якія дзейнічалі й дзейнічаюць ад імя народу? Відавочна, што грамадзтва апанаванае страхам, паралізаванае апатыяй, абыякавасьцю да ўсяго, што адбываецца на сваёй зямлі. Са свайго жыцьцёвага досьведу магу сказаць: варта пераадолець сябе, зрабіць адзін толькі крок — і страх рассыпаецца, як попел сатлелай цыгарэты. Калісьці ангельскі гісторык Томас Карлейль сказаў: “Наколькі чалавек перамагае страх, настолькі ён чалавек”. А ня менш вядомы Сэнэка адзначыў: “Зрабі першы крок — і ты зразумееш, што ня ўсё так страшна”.

На што мы разьлічваем?! Што будзем сядзець, як мышы, а нехта на сподачку прынясе нам свабоду й дэмакратыю? Не, так ніколі нідзе не было й ня будзе! Учора — “хімія”, сёньня — паўтара, пяць гадоў турэмнага зьняволеньня, заўтра — пажыцьцёвае, а пасьлязаўтра — сьмяротнае пакараньне. А мы ўсё маўчым... Дзе знайсьці тую іньекцыю супраць летаргічнага сну?! Ня ведаю. Мабыць, у сабе?”

Гэта, сапраўды, вельмі важныя пытаньні, Дзяніс. І, напэўна, кожны ў сваім жыцьці павінен адказваць на іх самастойна — найперш, перад уласным сумленьнем. Наўрад ці выпадае разьлічваць на тое, што раптам усё насельніцтва прасякнецца грамадзянскімі пачуцьцямі й трывогай за лёс Бацькаўшчыны, і да будынку суду, дзе судзяць за палітычныя перакананьні, прыйдуць сотні тысяч людзей. На працягу многіх пакаленьняў палітычныя правы й свабоды ня надта высока цаніліся ў Беларусі. І іхная каштоўнасьць не відавочная і для большасьці сёньняшніх грамадзянаў Беларусі. Асэнсаваньне гэтага не адбываецца ў адзін момант. Тым больш, у той час, калі пасьля працяглага пэрыяду эканамічнага заняпаду ў краіне назіраецца сякі-такі гаспадарчы ўздым, і людзі адчуваюць гэта на сваіх кішэнях.

На заканчэньне — ліст ад Віктара Каралоўскага з хутару Любень Буда-Кашалёўскага раёну:

“На нашым хутары засталіся толькі два чалавекі — я і мая 74-гадовая маці. Жывем фактычна ў лесе. Памяняць месца жыхарства — няма грошай. Маці пэнсіі не атрымлівае, бо ў свой час адмовілася ўступаць у калгас, засталася аднаасобніцай. Дагэтуль успамінае, як у свой час у нашай сям’і забралі ўсё — нават чаравічкі ў маёй цёткі адабралі. Яна гэтага не змагла перажыць, кранулася розумам.

Потым, каб не садзілі бульбу, калгас засеяў ячменем увесь участак ля хаты, аж да самых дзьвярэй. А старшыня сельсавету асабіста прыяжджаў у краму ды распараджаўся хлеба аднаасобнікам не прадаваць. Павялічаны падатак мы плацілі ажно да 1981 году. А цяпер бядуем. Маем патрэбу ў дапамозе. Але хто можа дапамагчы такім, як мы, пацярпелым ад рэпрэсіяў?”

Кампэнсацыі за адабраную бальшавікамі ў часе раскулачваньня маёмасьць у Беларусі мізэрныя, спадар Каралоўскі. Каб дамагчыся такой кампэнсацыі, патрэбна шмат дакумэнтаў і хаджэньняў па чыноўніцкіх кабінэтах і судах, а сумы ў выніку налічваюцца нязначныя. У вашай сытуацыі куды большай падтрымкай магла б стаць пэнсія. Ваша маці права на пэнсію мае — нягледзячы на тое, што не працавала ў калгасе. Беларускім заканадаўствам у гэтым выпадку прадугледжаныя сацыяльныя пэнсіі. Дапамагчы сабраць неабходныя дакумэнты й аформіць яе вам павінны ў мясцовым сельсавеце і Буда-Кашалёўскім райвыканкаме.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG