Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праваахоўныя органы перайшлі да новых мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: старшыня зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі й выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Валер Карбалевіч: ) “Адразу па зьяўленьні ў Беларусі палітычных зьняволеных ім выстаўлялі абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах (згадаем справы Андрэя Клімава, Міхаіла Чыгіра). Потым, пасьля прыняцьця адпаведнага заканадаўства, апанэнтаў рэжыму пачалі судзіць па, так бы мовіць, палітычных артыкулах: за зьнявагу гонару й годнасьці прэзыдэнта (Маркевіч, Леванеўскі, Садоўская), за арганізацыю вулічных акцыяў (Статкевіч, Севярынец, Казулін), за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (Астрэйка, Дранчук, Дашкевіч).

А вось апошнія падзеі даюць падставу меркаваць, што праваахоўныя органы перайшлі да новых мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Нагадаем апошнія факты. Адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Павал Красоўскі быў абвінавачаны ў датычнасьці да выбухаў у Віцебску, а таксама да забойстваў і згвалтаваньняў. У кіраўніка арганізацыі інвалідаў вайны ў Аўганістане Аляксандра Камароўскага знайшлі фальшывыя даляры. У не прызнанай уладамі кіраўніцы Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс на мяжы знайшлі наркотыкі ў аўтамабілі. Правялі ператрус у кватэры супрацоўніцы прэс-службы Мілінкевіча Юліі Коцкай у зьвязку з крымінальнай справай па тых жа віцебскіх выбухах.

Гэтыя факты, пастаўленыя ў адзін шэраг, сьведчаць пра пэўную тэндэнцыю. Ці сапраўды гэта так? І што азначае гэтая тэндэнцыя?”

(Алесь Бяляцкі: ) “Раней былі факты, калі дзяцей вядомых апазыцыйных актывістаў судзілі на падставе сумнеўных абвінавачаньняў (сыны Чыгіра, Крука, Кішкурны). Было шмат пагрозаў актывістам, што калі яны будуць працягваць займацца грамадзкай дзейнасьцю, то пацерпяць іхныя сваякі.

І вось цяперашнія абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні цяжкіх злачынстваў выклікаюць трывогу. Раней такога не было. Такія абвінавачаньні нагадваюць сытуацыю у некаторых дзяржавах Сярэдняй Азіі, напрыклад, ва Узбэкістане, дзе сотні й тысячы палітычных ці рэлігійных дзеячаў пасадзілі за краты нібыта за распаўсюд наркотыкаў і захаваньне зброі. І там людзі за гэта атрымліваюць да пятнаццаці гадоў зьняволеньня.

Тое што ў аўтамабілі, якім ехала А.Борыс, знайшлі наркотыкі, выклікае сумневы. Яна даволі паважаны чалавек, і такія абвінавачаньні проста сьмешныя. Хачу нагадаць гісторыю з Марынічам, у якога таксама нібыта знайшлі фальшывыя грошы й нават пісталет на лецішчы. Гэта азначае, што ўлады пачынаюць ужываць у барацьбе з палітычнымі праціўнікамі ўсё больш брудную зброю”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што Марыніча судзілі ўсё ж не за фальшывыя грошы й пісталет, а за нібыта скрадзеныя кампутары”.

(Алег Гулак: ) “Вяртаючыся да справы Марыніча. Той факт, што яго судзілі за кампутары, сьведчыць, што фальшывыя грошы і пісталет былі інсьпіраваныя праваахоўнымі органамі.

Цяпер пра знойдзеныя наркотыкі на мяжы. Усе вядомыя апазыцыйныя актывісты добра ведаюць, што на мяжы іх вельмі старанна даглядаюць. З асабістага досьведу ведаю, што дзесяць разоў перастрахуесься, нават сьцізорык выкладзеш, каб не было праблемаў.

Сапраўды, мы бачым пэўныя крокі на шляху да ўзбэцкай сытуацыі. Вельмі прыкра, што прававая сыстэма дзяржавы выкарыстоўваецца дзеля расправы над актывістамі. Акрамя таго, што гаворка ідзе пра драматычныя лёсы людзей. Такія мэтады разбураюць дзяржаўны мэханізм. Ад такіх мэтадаў можа пацярпець любы чалавек, а ня толькі апазыцыянэр”.

(Карбалевіч: ) “Чым выкліканы пераход да такіх мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі? Здаецца, ніякіх небясьпечных для ўладаў працэсаў у апазыцыйным асяродзьдзі не адбываецца — наадварот, так назіраюцца крызісныя зьявы? Ці гэта натуральная эвалюцыя дзейнасьці праваахоўных органаў ва ўмовах, калі рэжым становіцца ўсё больш жорсткім?”

(Бяляцкі: ) “Па-першае, адпаведным службам трэба адпрацоўваць грошы, якія яны атрымліваюць. Але галоўная задача ўладаў — стварыць у краіне атмасфэру страху. Людзі перастаюць баяцца тых рэпрэсіяў, якія былі дасюль. Таму даводзіцца шукаць новыя, больш моцныя мэтады запалохваньня, каб захаваць рэжым”.

(Гулак: ) “Гэта лягічная эвалюцыя рэжыму, які абраў недэмакратычны шлях кіраваньня. Ён павінен увесь час узмацняць рэпрэсіі. Улады напалоханыя падзеямі 19—25 сакавіка, і таму імкнуцца нэўтралізаваць апанэнтаў. Яны ня ўмеюць кіраваць па-іншаму”.

(Карбалевіч: ) “Зьвяртаючыся да прыведзеных фактаў, мы бачым пэўную непасьлядоўнасьць у дзейнасьці праваахоўных органаў. Спачатку затрымліваюць Красоўскага, выставіўшы падазрэньне ў зьдзяйсьненьні страшных злачынстваў, але потым абвінавачаньня не выстаўляюць і адпускаюць. Так сама адпусьцілі Камароўскага і Борыс, калі знайшлі фальшывыя грошы й наркотыкі. Гэта спроба толькі запалохаць, абвінавачваючы ў такіх страшных злачынствах, ці гэтыя справы сапраўды дойдуць да суду?”

(Бяляцкі: ) “Найперш, гэта спроба запалохаць. Напрыклад, калі існаваў хоць бы маленькі факт, які б пацьвярджаў тыя абвінавачаньні, якія выстаўляліся Паўлу Красоўскаму, то ён бы цяпер ня быў на свабодзе. Тут імкненьне аказаць моцны псыхалягічны ціск на моладзевага актывіста, які ладзіў шмат публічных акцыяў. Таму быў абраны такі шлях, каб яго спыніць. Тая неверагоднасьць і жахлівасьць абвінавачаньняў аказала на яго пэўнае псыхалягічнае ўздзеяньне”.

(Гулак: ) “Я даволі пэсымістычна ацэньваю пэрспэктывы. Зразумела, улады імкнуцца пасеяць страх у грамадзтве. Але зь іншага боку, тут пачынаюць працаваць унутраныя мэханізмы самой сыстэмы. Калі крымінальная справа распачатая, то яна павінна быць і скончаная. Ёсьць сьледчы, які яе вядзе. У яго ёсьць пэўныя інструкцыі наконт тэрміну, паказчыкаў і іншага. Калі справу спыніць — гэта значыць, прызнаць, што абвінавачаньні былі беспадстаўныя. Калі чалавека трымаюць за кратамі, а потым віна не даказаная, то трэба плаціць кампэнсацыю. Зразумела, што тут сытуацыя цалкам неправавая. Уплываць на яе прававымі сродкамі вельмі складана”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што ў Беларусі адбываецца новы этап рэпрэсіяў, калі палітычных апанэнтаў пачынаюць абвінавачваць у цяжкіх крымінальных злачынствах”.
XS
SM
MD
LG