Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты перамаглі на выбарах у Кангрэс ЗША


Радыё Свабода Упершыню за 12 гадоў дэмакратычная партыя бярэ пад свой кантроль Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Пасьля мінулых давыбараў у амэрыканскі парлямэнт яны маюць прынамсі 227 з 435 галасоў у ніжняй палаце Кангрэсу. Пакуль няясна, ці змогуць яны ўзяць пад свой кантроль і Сэнат – гэта залежыць ад вынікаў падліку галасоў у дзьвюх акругах, дзе дэмакратычныя кандыдаты маюць невялікую перавагу.

Прадстаўніца Дэмакратычнай партыі Нэнсі Пэлосі заявіла, што амэрыканскі народ прагаласаваў за перамены, з тым каб дэмакраты павялі краіну ў новым кірунку.

Чакаецца, што яна стане сьпікерам Палаты прадстаўнікоў – першай жанчынай на гэтай пасадзе ў гісторыі ЗША. Гэта адбудзецца дзякуючы таму, што дэмакраты возьмуць кантроль над ніжняй палатай Кангрэсу. У Сэнаце пакуль ніхто не мае перавагі, абедзьве партыі – Дэмакратычная і Рэспубліканская -- маюць па 49 месцаў. Падлік у дзьвюх акругах, які выявіць пераможцу, можа заняць некалькі гадзін ці нават дзён.

Галасаваньне выявіла незадаволенасьць выбарцаў мінулым складам Кангрэсу і адміністрацыяй рэспубліканца Джорджа Буша. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што 60 адсоткаў апытаных заявілі, што галасавалі, каб даць сыгнал Бушу аб тым, што ён няправільна вядзе вайну ў Іраку.

Агітуючы ў часе кампаніі за кандыдатаў-рэспубліканцаў, Джордж Буш казаў, што перавага дэмакратаў у Кангрэсе можа выклікаць рызыку паразы ў вайне тэрорам.

Белы дом прызнаў перамогу Дэмакратычнай партыі і выказаў жаданьне працаваць разам з новай большасьцю Кангрэсу ў адносінах Іраку, барацьбы з тэрарызмам і ў вырашэньні эканамічных праблем,– заявіў прэсавы сакратар адміністрацыі Джорджа Буша Тоні Сноў.
XS
SM
MD
LG