Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест пляца Баторыя з ратушай – Савецкая плошча з прыбіральняй


Сяргей Астраўцоў, Горадня У гарадзенскай галерэі “У майстра” сёньня выстава “Савецкая плошча ўчора і сёньня”. Гэта галоўны пляц, які адлюстраваны на старых гравюрах, на фатаграфіях з прыватных альбомаў. Апошні здымак — горад з космасу, узяты з інтэрнэту. Арганізатары хацелі паказаць: як выглядаў сярэднявечны пляц яшчэ да вайны, і колькі помнікаў архітэктуры ён страціў. Выставу наведаў наш карэспандэнт.

На былой плошчы караля Стэфана Баторыя, сёньня Савецкай, шмат сымболікі: спачатку была студня, потым помнік Сталіну, а цяпер падземная прыбіральня. Дарэчы, на выставе ёсьць фота: у першыя дні акупацыі нямецкі афіцэр чысьціць зубы побач сталінскай статуі.

Дырэктарка галерэі “У майстра” Яўгенія Станіна зазначае, што наведнікаў зьдзіўляюць фотаздымкі 20-30-х гадоў і пасьляваенныя, бо яны адлюстравалі зусім іншую плошчу, якую памятаюць толькі старыя людзі.

(Станіна: ) “І ва ўсіх узьнікае пытаньне: чаму ўсе знакавы помнікі, якія прадстаўлялі аблічча гораду, чаму яны цяпер не аднаўляюцца?... Усё-ткі гарадзенцы хочуць бачыць свой горад з тымі помнікамі. Яны былі сымбалямі, яны захоўвалі той дух сярэднявечнага гораду, чаго ў Горадні ўжо не хапае — гэтай гістарычнасьці”.

У галерэі я сустрэў настаўніцу Марыну Цярлецкую, якая таксама дала некалькі сямейных здымкаў 30-х гадоў для выставы.

(Цярлецкая: ) “Вось бацька мой. Гэта каля Фары Вітаўта. Як мне апавядалі бацькі, гэта было любімае месца сустрэчаў і адпачынку. Самі здымкі вельмі цікавыя, гэта гісторыя нашая”.

Марына Цярлецкая толькі на выставе даведалася, што славутую Фару Вітаўта — каталіцкі храм, які стаяў на Савецкай плошчы, улады разбурылі ў мірны час — у 1961 годзе. Дарэчы, гэта адзін з сымбаляў плошчы. Гэты гатычны касьцёл царскія ўлады ператварылі ў царкву, а пазьней увогуле перабудавалі ў храм у псэўдарускім стылі. За польскім часам касьцёлу вярнулі гатычны выгляд, але савецкія ўлады яго зьнішчылі.

Адзін з арганізатараў выставы гісторык і краязнаўца Алесь Госьцеў ня любіць хадзіць па сёньняшняй Савецкай плошчы.

(Госьцеў: ) “Я адчуваю сябе зусім у іншым сьвеце. Для мяне Горадня — гэта сапраўды сярэднявечны горад, кампактны, утульны, камэрны. І забудова яго павінна быць адпаведная… Надзея ніколі не памірае. Нават калі мы былі ў старшыні гарвыканкаму Антоненкі, ён сказаў: прыходзьце праз дваццаць гадоў, можа будзем больш станоўча размаўляць, можа грошы ўжо будуць. Таму што ён не адмаўляе таксама, каб аднавіць ратушу і, можа, і Фару Вітаўта, і палац Радзівілаў. Быццам сёньня проста няма на гэта грошай”.

Спадар Госьцеў гаворыць, што грошы на маштабную рэканструкцыю Савецкай плошчы, аднак, знайшліся. Выгляд плошчы сёлета зноў зьмяніўся, але ніводнага помніка архітэктуры ўлады не аднавілі.



Марына Цярлецкая каля здымкаў са свайго сямейнага альбому



Дырэктарка галерэі “У майстра” Яўгенія Станіна: так выглядала плошча Стэфана Баторыя да вайны.
XS
SM
MD
LG