Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заканадаўства замінае рэалізацыі большасьці дзелавых ідэяў


Радыё Свабода Прадстаўніцтва Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі гатовае падтрымаць малы бізнэс жыхароў Палесься трыма мільёнамі даляраў. Аднак, беларускае заканадаўства замінае рэалізацыі большасьці пададзеных праектаў.

Дабрачынныя праекты Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў рэалізуе ў Беларусі па праграме CORE. Паводле аднаго зь кіраўнікоў праграмы Алега Собалева, яе бюджэт складае каля 4,3 мільёнаў эўра.

(Собалеў: ) “У нас ёсьць малыя праекты – ад 5 да 10 тысяч эўра. І праекты вялікія, тэматычныя. Донары – Міністэрства замежных спраў Францыі, Праграма TAСIS, Швэйцарскае ўпраўленьне па разьвіцьцю і супрацоўніцтву, Усясьветны банк, АБСЭ”.

Алег Собалеў даводзіць, што праграма CORE вітае ўсе ініцыятывы жыхароў па самадапамозе. Сёлета пададзена 26 заявак. Але на фінішы году, прыкладам у Столінскім раёне, толькі 6 маюць шанцы атрымаць грашовую дапамогу. Бюджэт аднаго зь іх забясьпечаны сумай у 550 тысячаў даляраў.

Паслухаем Праскоўю Палукоску зь вёскі Альманы.

(Палукоска: ) “Я працую радыёлягам. Сымбалічны заробак – 50 тысяч рублёў. Я таксама напісала праект. Склала мапу – схему ваколіцаў вёскі. У розным лесе – розны ўзровень радыяцыі. З аднаго можна сьмела выкарыстоўваць у ежу чарніцы ды журавіны, у іншым – прыбор зашкальвае. Па-свойму, па альманскі: там – Жукова; там – Загадзь, Заліпічы. Мне нават знайшлі спонсараў. Але ўлады заявілі, што на фізычную асобу пералічваць грошы забаронена. Пакуль шукалі, год закончыўся, грошы для нас прапалі”.

Праскоўя Палукоска – майстар вышыванкі, макрамэ, вырабаў з саломкі, аплікацыі. Але яе праект па навучаньню школьнікаў рукадзельлю таксама не вырашаецца. Гутарым з супрацоўніцай рэгіянальнага цэнтру сельскага разьвіцьця Марыяй Патапчук:

(Патапчук: ) “Патрабуецца, каб праект быў зарэгістраваны ў Міністэрстве эканомікі. Пасьля трэба гэтыя грошы вызваліць ад падаткаў, зарэгістраваць грошы. Чалавек мае права выкарыстоўваць гэтыя грошы ў адпаведнасьці з тым плянам, які таксама загадзя падрыхтаваў. Такое беларускае заканадаўства, і мы нічога ня можам зьмяніць.

Марыя Патапчук паведаміла, што юрыдычная працэдура тармозіць на Палесьсі праекты аднаўленьня ганчарства, вырошчваньня лекавых расьлінаў, заснаваньня прыватных майстэрняў бондарства, ткацтва, вышыўкі.

У Століне 15 лістапада плянуецца паседжаньне камітэту падрыхтоўкі і ацэнкі праектаў праграмы CORE. Мэта сустрэчы ў рэгіёне – экспэртная ацэнка і адбод праэктаў у праграму CORE.
XS
SM
MD
LG