Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адрозьніваюцца правакацыі ад спэцапэрацый?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць: каб палепшыць паказчыкі сваёй працы, ад якіх залежаць прэміі і службовае падвышэньне , міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў усё часьцей выкарыстоўваюць так званыя спэцапэрацыі супраць грамадзянаў. У Міністэрстве ўнутраных спраў просяць аддзяляць правакацыі ад спэцапэрацый па выяўленьні злачынцаў. У чым жа розьніца?

Міліцэйская газэта “На страже” расказала пра наступны выпадак. У Гародні супрацоўнік МУС справакаваў сваю сяброўку на набыцьцё наркотыкаў. Але калі дзяўчына просьбу выканала, яе арыштавалі калегі міліцыянта. Ахвяра правакацыі магла атрымаць тэрмін ў калёніі, каб у справу не ўмяшалася яе маці. Пасьля скаргаў жанчыны была наладжана адмысловая праверка, і дзяўчыну вызвалілі, а яе “вынаходлівага” сябра звольнілі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў просяць аддзяляць правакацыі ад спэцапэрацый па выяўленьні злачынцаў. “Такія спэцапэрацыі не забароненыя, калі гаворка ідзе пра чалавека, пра якога вядома, што ён стаў на шлях злачынства,” – паведамілі ў прэсавай службе МУС і нагадалі выпадак з былым дырэктарам менскай гімназіі, якога цяпер судзяць. “Дайшлі зьвесткі, што дырэктар бярэ хабар. Да яго накіравалі супрацоўніка, той прапанаваў грошы нібыта за ўладкаваньне ў гімназію сына, і калі дырэктар ўзяў грошы, яго затрымалі. Што благога ў такой апэрацыі?”, – кажуць міліцыянты. І даводзяць: падобныя “тэхналёгіі” ўжываюцца рэдка і пільна кантралююцца.

У сваю чаргу незалежны журналіст Сяргей Сацук перакананы: правакацыі грамадзянаў на злачынныя дзеяньні сталі частай зьявай.

(Сацук: ) “Трэба паказваць працу. Што робяць? Наркаманаў прымушаюць хадзіць па вёсках ды прасіць ў бабулек набыць ў іх некалькі макаў, якія растуць на агародзе. Бабулькі пагаджаюцца, а іх пасьля гэтага саджаюць гадоў на пяць. Такіх выпадкаў шмат, асабліва ў Гарадзенскай вобласьці. Нават Вярхоўны суд рабіў адмысловую пастанову, што зашмат гэтак праз правакацыі саджаюць людзей”.

Чаму міліцыянты ідуць на гэта? Паводле дасьледаваньняў Сяргея Сацука, галоўная прычына – грашовае і службовае стымуляваньне. Пры сярэднім заробку 800 тысяч рублёў капітан міліцыі можа штомесяц атрымаць да паловы гэтай сумы яшчэ і праз прэміі. Галоўная зь іх – за напружанасьць працы. Але ці даць такую прэмію – вырашае непасрэдны начальнік. Адсюль і гонка за паказчыкамі, лічыць Сяргей Сацук.

Нядаўна у аўтамабілі, на якім вярталася з замежнай паездкі лідэр непрызнанага ўладамі беларускага саюзу палякаў Анжаліка Борыс, памежнікі знайшлі наркотыкі. Спадарыня Борыс лічыць, што іх падкінулі і згадвае іншыя падобныя прыклады, зь якімі сутыкнуліся актывісты арганізацыі. На думку Анжэлікі Борыс, усё часьцей беларуская міліцыя капіюе мэтады працы спэцслужбаў.

(Борыс: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што людзі ня могуць тут адчуваць сябе ў бясьпецы. За іх падаткі, за іх грошы праз розныя правакацыі зь іх жа робяць злачынцаў.”

Праваабаронцы Людміле Гразновай не аднойчы даводзілася дапамагаць людзям, супраць якіх ужываліся так званыя “нестандартныя” захады.

(Гразнова: ) “Сыстэма дэградуе, таму трэба пачынаць з галавы, з кіраўніцтва краіны. Каб яно дзейнічала ў межах законаў і Канстытуцыі, тады і органы бясьпекі і міліцыі будуць дзейнічаць у межах Канстытуцыі”.
XS
SM
MD
LG