Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" -- 7 лістапада


Дзьмітрый Падбярэзскі, Менск Прывітаньне! Чым жыў беларускі Інтэрнэт 7 лістапада? Галоўная тэма — дзяржаўнае сьвята -- Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На форуме “Палітыка” парталу tut.by Gunchik выказаўся так: “Ну а што тут абмяркоўваць... Было такое сьвята — Дзень Савецкай дзяржаўнасьці. Няма дзяржавы, няма і сьвята”. pan_oficer пратэстуе: “Ну іх такія саўковыя сьвяты! Але вершык з такой нагоды я падрыхтаваў: “Ад прадзедаў з пакон вякоў Мне б засталося 100 гектараў, Каб не было бальшавікоў і іхных (пі-іп!) камісараў!” Нехта Morfey заўважае: “Гнілое і абсалютна непатрэбнае сьвята, але ж зь іншага боку — лішні вольны дзень. Хоць адзначаць трэба, але як жалобу, дзень, калі памінаюць ахвяры савецкай сыстэмы. А вольным днём лепш бы былі Дзяды”. А вось waspan сцьвярджае: “Вось кажуць — “дзякуючы рэвалюцыі Беларусь ператварылася ў незалежную дзяржаву”. Атрымалі мы гэтую незалежнасьць насуперак і выпадкова. Засталіся, зразумела, баюны, якім “чартоўскі хочацца папрацаваць”, Як жа, дзесяткі тысяч па ўсёй краіне казкі расказвалі, дысэртацыі абаранялі, грошы народныя спажывалі аграмадныя і раптам нікому іх ахінея, пісаная дзесяткамі гадоў, нафік непатрэбнай зрабілася”.

На форуме суполцы Жывога журналу minsk_by сёньня занатаваў: “Па ўсяму Менску разьвешаны сьвяточныя сьцяжкі камплектамі: чырвоны, жоўты, белы. Пытаньне: колькі жоўтых сьцяжкоў забяруць у студэнта міліцыянты, калі два кварталы ён ужо пасьпеў скамплектаваць як белы, чырвоны, белы? Варыяцыя на тэму: які тэрмін атрымае студэнт, неактуальная. Кожнае дзіцё ведае, што за маленькі сьцяжок — 10-15 сутак, за вялікі — пару гадоў”.

Cайт хатніх сетак. Тут можна пабачыць мапу Менску, на якой пазначаны раёны, дзе працуюць хатнія кампутарныя сеткі. Таксама на галоўнай старонцы зьмешчана наступная аб’ява пра сустрэчы карыстальнікаў хатніх сетак: “Кожную суботу а 17.00 пад гадзіньнікам ля выйсьця са станцыі мэтро “Акадэмія навук”. Піва, нефармальныя зносіны, абмеркаваньне пытаньняў будаўніцтва сетак — добры настрой гарантаваны”.

Зьявіўся Першы партал Нарачанскага краю . Тут зьмешчаны прагноз надвор’я ў гэтых мясьцінах на заўтра, 8 лістапада: “Тэмпэратура 6-8°C, ціск 742-744мм. р.с., вецер заходні, 3-6 м/с., вільготнасьць 90-95%, паxмурна, дождж”.

На сайце “Музычны дом” сьпявачкі Вольгі Плотнікавай наладжана апытаньне на тэму “Якое FM-радыё вы слухаеце”. На сёньняшні дзень прагаласавалі 1102 чалавекі, і першая пяцёрка выглядае наступным чынам: “Пилот” — 23.0%, “Русское радио” — 21.7%, “Радиус ФМ” — 10.5%, “Юнистар” — 8.5%, ня слухаю наогул — 7.2%”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG